Читаем Лісты полностью

Я таксама не магу згадзідца з Ермаловічам у тым, што не літоўцы калісь захапілі Беларусь, а наадварот. Але ж літоўцы ў свой час рабілі налёты не толькі на Беларусь, і тым больш у раёне Наваградка, але і на Пскоў, і на Рыгу, і на Ржэў. Наогул, гэта быў час, калі літоўцы (відаць) знаходзіліся на стадыі вайсковай дэмакратыі, калі ўвесь народ быў узброены і галоўным заняткам было грабежніцтва. Калісь такім рамяством з вялікімі поспехам займаўся Святаслаў Кіеўскі.

Ермаловіч абапіраецца на летапісныя звесткі, тлумачачы іх па-свойму. Па яго разуменні, Літва калісь знаходзілася паміж Наваградкам і Мінскам. У такой справе перш за ўсё трэба дасканала ведаць літоўскую мову. Але калі нават не маеш такіх ведаў, то з простай карты відаць, што тапонімы з канчаткам на -ішкі і на -аны/-яны ідуць густа не перад Наваградкам, а пасля яго, на захад. Зараз, прабуючы вызначыць літоўска-славянскую граніцу, вызначаюць такія тапонімы з аднаго боку, а з друтога — усе паселішчы з назваю Крывічы і Руснакі ці штось падобнае.

Летапісы ў гэтым сэнсе даюць вельмі мала: хадзілі на Літву, але дзе тая Літва — невядома. Выпадак, калі ішлі праз Літву на Наваградак, запісаны ў летапісе, і я над гэтым доўга думаў, але прачытаць яго можна па-рознаму. Наогул я прыйшоў да вываду, што аднолькавыя звесткі, якія ёсць у т. II ПСРЛ і ў Быхаўца, не з’яўляюцца вынікам таго, што Быхавец перапісаны з Гіпацкага, а што ў абодвух выпадках карысталіся адным пратографам. Думаю, што погляды Ермаловіча няхай будуць — як нейкі этап у развіцці нашай навукі, у якой так мала арыгінальнага.

Мая кніга пра летапісы прайшла шмат інстанцый, і скора трэба будзе несці яе ў выдавецтва, але да канца вельмі далёка, бо яшчэ будзе колькі скарачэнняў і розных пераробак.

Згодзен з Вамі, што артыкул Тарасава цікавы. Гэта першая наогул гісторыя Беларусі ў час вайны 1812 г. Ёсць у яго недагляды: душа — гэта не сям’я, але такі душа — мужчыны, хоць перад скананнем, хоць толькі нарадзіўшыся, і таму можна без памылкі лічыць, што колькасць душ — гэта палова насельніцтва. Не падзелена ў яго Беларусь з Літвою, і таму беларускага насельніцтва выходзіць больш, чым было сапраўды. Але наогул артыкул напісаны вельмі сумленна.

Улашчык.

НІЛУ ГІЛЕВІЧУ

13 сакавіка 1983 г.

Дарагі Ніл Сямёнавіч.

Калі ў друку з’явіліся звесткі, што пачалі ствараць музей пад небам, то я прапанаваў (у Інстытуце гісторыі БССР) уплаціць у фонд музея сваю месячную зарплату — 400 рублёў. Разам са мною ў Мінску была К. Індава (яна з-пад Клімавіч), зараз старшыня Камісіі па гісторыі сельскай гаспадаркі і сялянства), якая таксама прапанавала ўнесці столькі сама. Разам з Петрыкавым (намеснікам дырэктара Інстытута гісторыі) і Шабуняю паехалі ў ЦК, дзе Петрыкаў і сказаў пра гэту прапанову (мяне, зразумела, не ўзялі). Там ім сказалі, што так рабіць нельга — нібы няма такога закону. Разумею, што прычына іншая: калі б унёс я, то трэба было б плаціць і Петрыкаву і яшчэ некаму, а грошай шкада.

Зараз будова музея, так кажуць, села, бо няма сродкаў. Мяне гэта непакоіць, нават вельмі непакоіць, і я гатовы ўплаціць тыя самыя 400 ці больш, абы справа кранулася з месца. Трэба дамагчыся, каб начальства пагадзілася на зборы, трэба, каб нехта (хаця б у "ЛіМе") змясціў пра гэта артыкул, трэба адчыніць рахунак. Каб не палохаць людзей (тых, ведама, у каго шмат лішніх грошай, напрыклад, К. і Ш.), варта пачаць з невялікага на асобу — 50-100 рублёў. Чэшскі музей створаны на сродкі, сабраныя сярод насельніцтва, чаму ж мы горшыя (у бога цяля ўкралі). Няхай даюць па рублю, па 50 капеек, гэта яшчэ лепш: няхай будзе ўсенародны збор, усенародная справа.

Калі будзе згода на артыкул у газеце (ці ў "Помніках", але гэта горш), то магу напісаць я. Згодзен падпісаць адзін, але лепш, каб мне не вытыкацца. Можа, на гэта згодзіцца Брыль ці хто другі.

Ялугін такі змясціў рэцэнзію на падручнік гісторыі. Пастрыглі яе, але такі ж ёсць. Які там водгук!

ЭРНЕСТУ ЯЛУГІНУ

31 сакавіка 1983 г.

Дарагі Эрнест Васільевіч.

Проста па-чалавечы рады, што Вы атрымалі кватэру, што маеце зараз для заняткаў асобны пакойчык. Колькі патрачана сілаў і нават загублена людзей з-за кватэры! 3 год назад сын перайшоў жыць да жонкі, а дахаты прыходзіць начаваць раз-два на тыдзень, і таму я заняў яго пакой. Па-першае, усю зіму не хварэў, бо мяне не прадувала, па-другое — як воль­на адчуваеш сябе хаця б уночы, калі не можаш спаць: можна засвяціць і што-небудзь пачытаць, можна пахадзіць, нікога не трывожачы.

Перейти на страницу:

Похожие книги