Гаспадар не пайшоў адразу да сялібы, а непадалёк ад варотаў павярнуў налева і апынуўся на ўскрайку лесу, дзе заўважыць яго было цяжка. «Во чорт!» – зусім па-маладому выгукнуў задышлівы стары чалавек, калі ўбачыў, як ажыццяўляе свае задумкі новы торпар. Дык во як яны тут абжываюцца! Утульненька, нібы ў каўчэгу!
Ягоную старую душу напоўніла нават не злосць, а непрыемнае адчуванне таго, што Юха цішком імкнецца стаць нароўні з ім. «Такім, значыць, чынам! Што ж, паглядзім!»
Юха засеяў амаль удвая больш зямлі, чым дамаўляліся раней. Ячмень тут рос надзіва добра, хоць гэты надзел даўно закінулі і не ўраблялі. А сталася так, што Юха заўважыў вялікую кучу гною, якая засталася ад былых гаспадароў, і вывез яе на поле, а потым дадаў яшчэ і свежых конскіх «яблыкаў» уперамешку са старой саломаю. Ну, так дык так, аднак калі гаспадар убачыў новы Юхаў плот, дык не ведаў, што яму рабіць – смяяцца ці плакаць. Навюткі моцны плот цягнуўся цераз усё поле і надзейна аддзяляў добра ўгноенае і апрацаванае поле ад зарослага травою занядбанага кавалка. Яловыя жардзіны, колле і вецце з бліжэйшага лесу! А за плотам, на старым закінутым полі, спакойна стаяў конь, непадалёк ад якога ляжала карова. Дык во які выган у другім месцы «заарандаваў» Юха! Закіпеўшы ад злосці, гаспадар няспешна падаўся на падворак.
У хаціне страшэнна перапалохаліся. Юхавы вочы ператварыліся ў шэрыя гузікі, а Рыйна мітусліва пачала прыбіраць у хаце, пакуль гаспадар стаяў, аглядаючы двор. Ён заўважыў, што яго баяцца, і крыху памякчэў. Аднак вымова была вельмі суровая, і Юха з Рыйнаю падумалі, што іх тут жа пагоняць з хаты. Але гаспадар не спяшаўся, і гэта была добрая прыкмета. Нарэшце стары Юр’яла сеў на ганку і ўжо зусім лагодна павёў гаворку ў іншым кірунку. Калі ўжо Юха мае каня (і нават карову), дык няхай тады бярэ ўсю зямлю торпа і за гэта адпрацоўвае некалькі дзён з канём, некалькі без каня, некалькі дзён на падмозе ў галоўнай гаспадарцы, а таксама збірае і здае пэўную колькасць ягад: некалькі даёнак, вёдзер або дзежак. А Рыйна хай напрадзе пэўную колькасць ільну…
Гэты дзень, які пагражаў скончыцца надзвычай нярадасна, раптам ператварыўся амаль у свята. Перад адыходам гаспадар зайшоў у хату і выпіў кавы. Пасля яго ў доме запанаваў ціхі, але ўзнёслы настрой. Юха зробіцца сапраўдным «моцным» торпарам, які можа падужацца з любой маласільнаю гаспадаркаю.
Ён і не падумаў, як ацаніць такую дабрыню і як дорага яна яму абыдзецца. Было не да таго, калі над табою вісела пагроза выгнання. Але ўратаваўся ж! Што ж, тады – за працу, і найперш трэба перанесці плот у другое месца. І сапраўды, ці варта было яго ставіць менавіта там? Не, гаспадар сварыўся не дарэмна.
З цягам часу Юха стаў здатным торпарам, і паступова яго пачалі іменаваць Янэ.
Лета, нядзеля. Янэ сядзіць на двары ў адной кашулі і абмазгоўвае, як яму палепшыць далейшае жыццё. Гэта ў яго як неадчэпная хвароба. Падгнілы рог хаты моцна выпірае, і Янэ глядзіць на яго, ламаючы галаву, якім чынам паправіць становішча. Цяпер ужо бясспрэчна, што ніколі ў жыцці не давядзецца яму пажыць у новай хаце. Вылазяць валасы, псуюцца зубы. Ёсць у хаце і кабета, і дзеці, дый яшчэ, напэўна, будуць. Але гэтая хата дрэнь. Ды няма чаго і думаць пабудаваць новую з гаспадарскага лесу. А за працу чым заплаціць? Тут жа кожны вянец будзе класціся чужымі рукамі, бо сам Янэ – ніякі цясляр: будаваць ён нічога не ўмее, і гэта самае балючае месца, можна сказаць, ціхае няшчасце ўсяго ягонага жыцця.
А калі разламаць гэтую старую халупу і з таго ж бярвення сабраць новую, хай сабе і меншую хацінку? Тады і гаспадар не будзе супраць – ягоны ж лес не трэба валіць. Было б якое-ніякое паляпшэнне, і адносіны з гаспадаром не сапсаваліся б. «А зімой я падзараблю на перавозцы паперы… Добра ўсё ж, што я не прадаў каня… Грошыкі сплылі б… І дасталіся б мне адны страты… Вядома, павінна ж тады неяк павярнуць на лепшае, а бабу трэба крыху павучыць. Толькі і робіць, што важдаецца са смаркачамі, а як прыйдзеш дамоў – у хаце вэрхал беспрасветны, ніякага парадку».
Янэ ўстае і тупае на выган. Надзея, якая толькі што прачнулася, цягне яго агледзець каня, на якім ён думае вазіць паперу. Вунь ён, схуднелы да касцей, стаіць каля агароджы і змрочна адмахваецца ад мух. Конь злосна паблісквае вачыма, нібыта кажучы: «Ну во я, бяры мяне і ажыццяўляй свае мроі».
Тут конь, а там хата, а ў хаце шмат жывых душ і жыццё, якое сплывае дзень за днём з гнятліваю аднастайнасцю і не зважае на тое, як ідуць справы – добра ці дрэнна. І не спыніць гэтую плынь, і не пазбавіцца ад яе. Калі на свет з’яўляецца новае дзіцё, плынь жыцця становіцца шырэйшаю, і ён, Янэ, нікуды ад яе не падзенецца. Да таго ж адносіцца і торп з адпрацоўкамі на гаспадара, з якім дагэтуль нама дамовы на гэты нашчасны лапік зямлі. Усе гэтыя супярэчлівыя складнікі і ствараюць тую сілу, якая кожны момант штурхае яго ў адным невядомым кірунку.
Александр Васильевич Сухово-Кобылин , Александр Николаевич Островский , Жан-Батист Мольер , Коллектив авторов , Педро Кальдерон , Пьер-Огюстен Карон де Бомарше
Драматургия / Проза / Зарубежная классическая проза / Античная литература / Европейская старинная литература / Прочая старинная литература / Древние книги