Алексіевіч
: Я ня ўпэўнена, што гэта так. Я люблю прыгожыя рэчы. І калі да мяне прыходзяць, то ўсе зьдзіўляюцца. Там няма каруначкаў і візэруначкаў. Але я люблю прыгожыя рэчы. Усе думаюць, што тут павінна жыць нейкая мілітарыстка. Усё павінна быць жалезнае і непрыгожае, але разам з тым я не магу сказаць, што я гэтым абараняюся ад чагосьці. Хоць ад нашых вуліц, асабліва ад менскіх (там, за Менскам, гэтае адчуваньне зьнікае) гэтая чысьціня ўзмацняе адчуваньне таталітарызму, аўтарытарнасьці. У Брусэль, напрыклад, прыяжджаеш — брудны горад. У Парыжы пасьля абеду ці ў Флярэнцыі таксама брудна. Людзі жывуць, людзі вольныя, ад іх застаюцца сьляды. А тут няма сьлядоў. Ні ў гісторыі, ні ў нашых жыцьцях. Усё падчышчана. Што да нашага будучага жыцьця, я дзіўлюся, як хутка мы вярнуліся ў стойла, як хутка мы ўсё ўзгадалі. Мы маўклівыя. У мяне былі моманты адчаю: былі суды, мяне ня любіць улада, я вымушана жыць за мяжой. Гэта ня самы страшны канфлікт, які перажывае пісьменьнік. Гэта нармальна для нашага пісьменьніка, мы заўжды так жылі. Але самае страшнае — гэта канфлікт з гэтым маленькім любімым мной беларусам, якому сапраўды хапае гэтага гаршка капусты. Гэты вульгарны пэрыяд трэба перажыць. Але так доўга чалавек ня ўзгадвае пра тое, што яму трэба быць нечым большым, чым адзінкай гэтай сыстэмы.Соўсь
: І апошняе пытаньне ад наведніка сайту Севярына Глеба зь Бярозаўкі:Алексіевіч
: Цяпер у выдавецтве «Время» ў Маскве выйшаў чатырохтомнік. Усе гэтыя кнігі пад новай рэдакцыяй. Іх можна набыць і ў Менску, у «Кароне». Калі я там бываю, да мяне падыходзяць, я падпісваю. Адзінае, што мяне бянтэжыць — яны дарагія. Мяркую, што ў студзені будзе кніжная выстава. Выдавецтва зьбіраецца прывезьці мае кнігі, і я таксама б хацела прыехаць. Выдаць у Беларусі ніводнае выдавецтва не ўзялося, тым больш дзяржаўнае. Хоць, я думаю, гэта таксама прадмет асабістае мужнасьці. Ня думаю, што там за кожным стаіць Лукашэнка.«Улада будзе такой, якой будзем мы»
15 лютага 2009
Іна Студзінская, Менск
У маскоўскім выдавецтве «Время» толькі што выйшаў чатырохтомнік твораў Сьвятланы Алексіевіч. У невялічкім закутку каля стэнду гэтага расейскага выдавецтва і адбылася сустрэча пісьменьніцы зь землякамі.
Ахвотных трапіць на сустрэчу зь пісьменьніцай было вельмі шмат. Многія прыйшлі з кветкамі. Маленькі закуток ня мог зьмясьціць усіх. Сотні людзей стаялі ў чарзе па аўтографы да аўтаркі. Сама Сьвятлана была вельмі ўражаная такім прыёмам і ўсхваляваная:
Алексіевіч
: «Я вельмі рада, што праз 10 або 15 гадоў урэшце я дома і магу гаварыць са сваімі чытачамі на радзіме. Я вельмі засумавала бяз вас…»За 30 гадоў творчага жыцьця Сьвятлана Алексіевіч напісала 5 кніг. Яны выйшлі мільённымі накладамі ў ста выдавецтвах сьвету. Цяпер яна працуе яшчэ над трыма творамі. Пісьменьніца прызнаецца:
Алексіевіч
: «Я ўсе кнігі пішу па 10 гадоў, вось «Чарнобыльскую малітву» — 11 гадоў. Калі чытаеш — здаецца, гэта ня так цяжка. А насамрэч сабраць гэты трагічны матэрыял вельмі складана. Але яшчэ складаней — знайсьці новы погляд, новы ракурс, укласьці гэта ў нейкую новую філязофію, каб гэта сапраўды было адкрыцьцём… Мы сёньня ўжо дастаткова культурныя, дастаткова разумныя. Сёньня грамадзтва разумнейшае за ўладу, разумнейшае нават за мастацтва і літаратуру. Таму вельмі сур’ёзна трэба думаць, з чым можна выйсьці да вас і што вам сказаць».У маскоўскім выдавецтве «Время», якому пісьменьніца перадала правы на выданьне яе кніг на расейскай мове, выйшлі чатыры тамы з заплянаванага сямітомніка твораў («У вайны не жаночае аблічча», «Апошнія сьведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва»). Цяпер яна піша новую кнігу «Час second-hand. Канец чырвонага чалавека». Гэта кніга пра апошнія 20 гадоў нашага жыцьця, якія былі вельмі складаныя для самой Сьвятланы, складаныя для ўсіх беларусаў.