Якраз да нашае вясёлае купкі далучыўся і Сьцяпанаў — дужы, немалады ўжо малодшы сяржант з ордэнам Славы на зашмальцаванай гімнасьцёрцы — гэта за той яго ня надта звычайны подзьвіг. Зьлез з машыны Кананок. На гэтым кірмашы гарэзнае весялосьці ён выглядаў нейкім найменш радасным, заўсёдная яго ўсьмешка сёньня сышла з курносага твару, і я разумеў, чаму. Скончылася вайна, а ў хлопца ніводнага мэдаля, што, пэўна, яго засмучала. Казалі: не заслужыў. Праваяваў зіму побач з усімі, як і ўсе, трываў пад агнём, але во — не заслужыў. Бо малады і сьціплы. Хаця галоўнае — заслужыў жыцьцё, ці гэта не найбольшая ўзнагарода для кожнага салдата?
Наўкола гуў, гаманіў, мітусіўся салдацкі наўтоп. Салдаты нашай ды іншых батарэяў палка перамяшаліся з амэрыканскімі, якіх прымалі сапраўды як братоў, — гаманілі, абдымаліся і пілі разам зь імі. Але і між сабой у нашых бруіла ніколі дагэтуль ня чутая радасьць. Дзесьці зводдаль ужо гарланілі “Кацюшу”, а бліжэй узьнікала новая песьня, якую пачынаў прыгожы барытон батарэйнага запявалы:
Пакахай мяне, салдацік,
Буду вернай жонкаю...
А забудзеш — толькі разам
З роднаю старонкаю...
Мядзьведзева, падобна было, хмель браў ня хутка, выглядаў ён цьвярозым і ціхім голасам прамаўляў мне:
— Замірацца — прыяжджай на госьці. Калі можна, зь сям'ёй. Ці адзін. Я ж каля Цяляцкага возера жыву.
Тое я ведаў. За зіму і вясну даволі ўжо наслухаўся пра яго возера, поўнае рыбных цудаў і незямной прыгажосьці. Але сяржант і зараз ня мог стрымацца, каб не напомніць пра тое.
— Гэта ж возера — цуд. Першае месца займае па хараству.
— Можа, і прыеду, — сказаў я няпэўна.
— А чаго? Малады, жаніцца трэба. А ў мяне глядзі — і нявеста гатовая. Тоська мая якраз упару...
Я ведаў і пра ягоную Тоську. Мядзьведзеў быў удвая старэйшы за мяне, меў дарослую дачку і сына-кулямётчыка, што загінуў пад Сталінградам. Засталася адна дачка, во ён і стараўся годна ўладкаваць яе ў жыцьці. Але наўрад ці я гадзіўся ў жаніхі да алтайскіх нявестаў.
Ззаду між мной і Мядзьведзевым праціснуўся санінструктар Пятрушын — зь перакручанай на галаве пілоткай і счырванелым тварам. Гэты ўжо быў на добрым падпітку.
— Чур, Мядзьведзь, не сватай дачку лейтэнанту. Мне абяцаў.
Мядзьведзеў толькі паморшчыўся ад п'янага нахабства.
— Зашмат хочаш, — ціха вымавіў ён і працягнуў мне пляшку. — Дык вып'ем, лейтэнант.
Здаецца, я і яшчэ выпіў зь Мядзьведзевым, а пасьля і са зважлівым Кананком і нават зь Пятрушыным. Я ўжо не злаваў на санінструктара, тым болей, што ён не злаваў на мяне і сам мне пра тое сказаў. Падобна, пасьля мы нават абдымаліся зь ім, і ён усё пахваляўся, як яго паважаюць афіцэры; начальнік санслужбы заўжды вітаецца зь ім за руку. Ужо п'яным позіркам я згледзеў перад сабой хісткую постаць маёра-прапагандыста, — здаецца, поруч з камбатам ці яшчэ з кім, каго я ўжо не пазнаў. Марудна, але пэўна я адключаўся, прыхінуўшыся да крыла “студэбэкера”. Нейкі час яшчэ чуў вялікую гаману побач, як скрозь пілі, сьпявалі, сьмяяліся. А некаторыя і плакалі п'янымі гаручымі сьлязьмі. Аж покуль узварушаную лугавіну не змарыў п'яны сон.
Як я заснуў, дык і не прыкмеціў, але прачнуўся раптам на золку. Намацаў ля галавы вялізнае пыльнае кола “студэбэкера” і, неяк учапіўшыся за яго, сеў.
На ўсёй лугавіне стаялі ўразброд нашыя “студэбэкеры”, ніхто іх не параўняў, — як учора паставілі, так і засталіся. I між іх, пад станінамі гарматаў, на стаптанай траве, у кузавах і парасчыняных кабінах ляжалі, спалі, храплі салдаты — савецкія ўперамешку з амэрыканскімі — хто дзе і хто як. Побач выцягся той учарашні нэгр, што хацеў у мяне выменяць ордэн; на ягоныя ногі ўзьлёгся хтось з нашых, пад ім, утаптаны ў зямлю, валяўся чыйсьці карабін. Кабур у амэрыканца ўжо быў пусты і расшпілены, — мабыць, ужо падарыў камусьці свой кольт. Ці памяняў на гэты іржавы карабін. Я з натугай падняўся на ногі. Балела галава, нязвыклая слабасьць адчувалася ў целе. Але новае памкненьне адразу ахапіла мяне. Я памятаў прыкладна, зь якога боку мы сюды прыехалі і хістка пабрыў у тым накірунку. Абыйшоў “студэбэкеры” сваёй батарэі, нідзе ня згледзеў камбата і падумаў, што так, можа, і лепш. Праўда, натыкнуўся на знаёмыя боты санінструктара Пятрушына, які, зьвесіўшы ногі з расчыненай кабіны, салодка спаў на мяккім сядзеньні. Мусіць, перабраў, — падумаў я, хоць сам быў ня ў лепшым стане.
Сонным правулкам, скрозь застаўленым пераправачнымі амфібіямі, выйшаў на галоўную дарогу. Усюды было пустэльна й бязьлюдна, бы пры канцы сьвету. Скрозь усе ўсюды спалі, — у машынах, на падворках ды, мабыць, і ў дамах таксама. Пасьля вялікай натугі-вайны.