Але калi ласка, скажуць, у нас ёсць цэлая навука пра душу - псiхалогiя, i пра хваробы душы - псiхiятрыя, з адпаведнымi спецыялiстамi, менавiта ж псiхолагамi, псiхiятрамi, псiхааналiтыкамi, псiхатэрапеўтамi, з адпаведнымi кафедрамi, клiнiчнымi ўстановамi, часопiсамi, медыкаментамi i т. д. i да т. п.; значыцца павiнна быць псiхiка, якою ўсё гэта займаецца. Шырока, добра, правiльна. Але гэты вiд душы можа разглядацца толькi ў аспекце адзiнства цела i духу; сепаратнай жа душы, якая магла б весцi ўласнае жыццё да, у час альбо пасля псiхiчнага iснавання адпаведных людзей, як выявiлi сукупныя прыродазнаўчыя даследаваннi ў гэтым кiрунку, няма; звыш таго, тое, што мы азначаем як душа альбо псiхея, ёсць проста функцыя чалавечай нервовай сiстэмы, уключна з мозгам, выклiканая аб'ектыўнымi працэсамi ў прыродзе i ў грамадстве, якiя, са свайго боку, праз органы адчуванняў чалавека ўздзейнiчаюць на яго нервовы апарат i запускаюць яго ў рух. Адны з гэтых пераменных уздзеянняў, якiя адлюстроўваюцца ў свядомасцi альбо ў несвядомасцi, у мысленнi, адчуваннi i снах чалавека, ужо даследаваны i растлумачаны, другiя - не; але гэта толькi пытанне часу, сваiм часам мы атрымаем поўную яснасць. Аднак абсалютна пэўна, што псiхiка чалавека, iнакш яго душа, перастае iснаваць у той момант, калi знаходзiць свой канец псiхiчная функцыя мозгу, з чаго, дарэчы, урачы i адлiчваюць момант клiнiчнай смерцi, г.зн. з моманту згасання апошнiх электрычных iмпульсаў у мозгу.
Усё гэта банальныя iсцiны, i я ведаю, што з iмi, паважаны гер прафесар, я рвуся да Вас у адчыненыя дзверы. Я i паўтараю iх толькi ў магчымай мне сцiсласцi i даступнай сутнасцi выключна дзеля ўразумення феномена Агасфера, якога Вы ўсё яшчэ маеце за рэальнасць, на што ў нас усё яшчэ адсутнiчае якое б там нi было дастатковае навукова прымальнае тлумачэнне. Вандраваннем душы ў кожным разе гэта быць не можа, бо ўвогуле няма нiякай аўтаномна лунаючай у прасторы душы, якая магла б на працягу стагоддзяў трансмiгрыраваць з аднаго Агасфера ў другога. Тут я хацеў бы ў Вас ласкава папрасiць адмысловай увагi; гэта - кардынальнае пытанне, што Вы на гэта скажаце?
Натуральна, i я ахвотна прызнаю Вашу рацыю, можна лiчыць недахопам, што чалавечая душа, якая была б у стане вызвалiцца ад сваёй цялеснай абалонкi, не iснуе. Што няма такога тонкага iнструмента, здольнага радасць i боль, любоў i нянавiсць i да таго падобныя эмоцыi больш чым адчуваць, мяняючы iх у долi секунды, гэта сапраўды шкада; але навукоўцы, якiя абавязаны служыць аб'ектыўнасцi, павiнны мiрыцца з гэтым фактам, як i з усведамленнем таго, што ўсе мы з'яўляемся толькi грудачкай, праўда, высокаарганiзаванай, матэрыi, якая ўтварылася ў працэсе маруднага, але цалкам натуральнага працэсу.
Пры гэтым разглядзе не трэба таксама забываць, што насамрэч неiснуючая бессмяротная душа з даўняга часу была выпрабаваным сродкам суцяшаць людзей за пот i кроў, якiя на гэтым свеце пралiвалi з разлiкам на лепшы лёс на тым свеце. Так, напрыклад, пакепвае колiшнi таксама яўрэйскi паэт Гайнрых Гайнэ "Баю-баюшкi-баю з неба, так закалыхваюць, як дзiця, калi яно тхiмкае, народ, вялiкi зброд", i Карл Маркс пiша ў сваёй крытыцы гегелеўскай фiласофii права: "Рэлiгiйная галеча ёсць, з аднаго боку, выяўленне сапраўднай галечы i, з другога, пратэст супроць сапраўднай галечы. Рэлiгiя - гэта стогн прыгнечанай iстоты, гэта душа бессардэчнага свету як яна ёсць i дух бездухоўных абставiнаў. Яна - опiум для народу."
Гэта ёсць асноўныя прынцыпы i шматразова пацверджаныя асновы, з якiх мы зыходзiм у нашым iнстытуце, i таму нам феномен Агасфера, якi Вы апiсалi, проста здаецца фактарам, кампаненты якога выяўлены яшчэ недастаткова поўна, на якi мы з Вашым ласкавым садзеяннем, шаноўны гер калега, спадзяёмся пралiць святло.
З сяброўскiм прывiтаннем
Ваш адданы
(праф. д-р Dr. h. c.)
Зiгфрыд Байфус
Iнстытут навуковага атэiзму
Берлiн, сталiца ГДР
Геру
праф. д-ру Dr. h. c. Зiгфрыду Байфусу
Iнстытут навуковага атэiзму
Бэрэнштрасэ 39а
108 Берлiн
German Democratic Republic
2 красавiка 1980
Дарагi гер калега!
Ваша пiсьмо ад 17 сакавiка знайшло мяне ў тую самую гадзiну як i дадатак да яго ад 24-га, з якога толькi можна заключыць, што шляхi, якiмi сёння праходзiць пошта ў зносiнах памiж усходам i захадам, у вышэйшай ступенi дзiвосныя. Але паколькi прадмет нашага лiставання такога роду, што нават самы прыдзiрлiвы цэнзар не можа высачыць у iм нiчога заганнага ў адносiнах да Вас альбо мяне, нам застаецца пераносiць затрымкi спакойна i радавацца, што нашая карэспандэнцыя наогул даходзiць да адрасата.