Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

Зусім іншае зь ягоным сябрам Гансам. Цуд раптоўнага азарэньня ведамі праз анёльскую прысутнасьць ясна ўказвае на тое, што ён, Ганс, быў прыладай у руках Госпада, параўнальнай толькі з добрымі анёламі, пра якіх ён, добры кандыдат Айцэн, так трапна далажыў на сваім экзамене, бо яны per definitionem ёсьць слугі, пасланцы й прычындалы Бога; праўда, сам Лёйхтэнтрагер выяўляе сабою, хоць крыкам крычы, вельмі малое падабенства з такога роду анёламі. Дык як жа яму аддзячыць? Грашыма? Але торбачка на нацельным паяску моцна схуднела, асабліва пасьля таго, як ён мусіў аплаціць магістарскую бэнц-папойку герства студэнтаў, якія праседжваюць такую самую лаўку, што й ён, тым часам як за вокнамі весела грае сонейка й пяшчотна вышчабечваюцца птушкі, а таксама герства інструкторэс, якія чыталі курс па historia сьвету й правільным законе божым; і ён, мусіць, павінен будзе пазычыць грошай у свайго сябра Ганса на аплату дарогі, калі, вядома, ня ісьці на паклон да жыдоў і ня браць у іх пад высокі чынш ці пад заклад палатна й шэрсьці ў лаўцы дарагога таты, дай яму, Божа, лёгенькага скону й вечнага шчасьця.

— Ганс, — кажа ён, — дарагі Бог, мабыць, задаволіцца малітвай і яму пахвальным вершыкам, але чаго хацецьмецца табе за тое, што пасабляў мне ў маёй патрэбе?

Лёйхтэнтрагер, як што закрычаў першы певень, сонна блямкае павекамі й разглядае юнага Айцэна, які стаіць перад ім у кашулі з голымі лыткамі, і кажа:

— Калі б твая душа была менш каштоўная за душы ўсіх пастараў, што куды ні плюнь — усюды яны, я сказаў бы, што, мусіткі, — яе. Але такіх тузін на грош, яны — як сонная рыба на рынку.

Айцэн пакрыўджаны; несьмяротныя душы добрых хрысьціян, ягоная таксама, не прадмет для такіў ганебных жартаў.

— Я сур'ёзна, — кажа Лёйхтэнтрагер. — Я й сам ня ведаю, чаго мудохаюся з табою: ты ні герой, які наперадзе адважна парываецца ў бой, ні той, хто мае дар зьбіраць вакол сябе людзей, а думкі твае круцяцца па ўезджаных каляінах; але, можа, менавіта такія й пакліканы ўзьдзейнічаць у часы мізэрнасьці, бо што нам тыя твае Аляксандры й Сакраты, калі нават неба над намі, здаецца, ня вышэй за гэтую вось столь.

— Але ж Лютэр — вялікі чалавек, — кажа Айцэн, якому аж у лытках пахаладзела ад такой крамолы.

— Звычайна, твая рацыя, — кажа Лёйхтэнтрагер. — Спачатку ён даў падсрачніка папу, а пасьля расшалопаў, што божы парадак, які высока ўвысі й нізка ўнізе, павінен заставацца. Так была збудавана моцная фартэцыя на кучы гною. Пра што твая казань сёньня раніцай?

— Думаю, пра жыдоў.

Лёйхтэнтрагер прыўстае, пачухвае бародку й выскаляецца.

— Гэта пра таго, хто ў цябе адшпіліў Маргрыт?

— Інстытут прапаведніцтва, — раздражнёна кажа Айцэн, — ад Бога, а гэты твой ад сатаны.

— Ай, звычайна, — кажа Лёйхтэнтрагер, — гэта ты робіш дзеля доктара Лютэра. Наслухаўся, як ён расьпінаўся супроць жыдоў, як бушаваў нядаўна ў доме ў магістра Мэланхтона; рыхтык, як кажа прарок: хто маўляе з вуснаў Госпада, смачна есьць і гладка едзе.

Айцэн злуецца.

— У мяне свае словы ёсьць. — Ён хоча сказаць яшчэ больш; як гэта сябру заскочыла ў галаву высьмейваць яго, але цугляе сваю хэнць, бо думае, што яму яшчэ той спатрэбіцца на казані, як тады перад герствам экзаменатарамі. — Ты ж будзеш каля мяне ў замкавай кірсе? — нерашуча пытаецца.

— Паўль, — кажа Лёйхтэнтрагер, — укінься ў нагавачкі; у цябе лыткі трымцяць, калені пакалоціш.

— Ты ж будзеш? — кажа Айцэн.

— Я нічога не забыўся ў тваёй кірсе, — кажа Лёйхтэнтрагер. — А тое, што будзеш прапаведаваць у сваёй казані, ты й безь мяне скажаш, я ўпэўнены.

— Дык ты што, за жыдоў? — пытаецца Айцэн, успамінаючы й ншага, з кім яго сябар Ганс меў дужа даверлівы абыход тае памятнае ночы.

— Жыды, — кажа Лёйхтэнтрагер, — выклятыя богам. Гэта, прынамсі, нешта, што іх вылучае. А што маюць астатнія народы?

Юны Айцэн, які ахвотна паверыў бы, што Бог клапатліва дбае пра яго й нават паслаў у гэтую юдоль смутку свайго роджанага сына, каб адмыць ад грахоў персанальна яго, палохаецца ад думкі, што таму, угары, можа, і праўда на ўсё напляваць, як намякае Лёйхтэнтрагер. Але не, калі ўжо не яго сябар Лёйхтэнтрагер, дык сам Бог будзе на ягоным баку, калі ён цяпер пойдзе, апранецца, пасёрбае мучное затаўкі, а пасьля з годнасьцю, якую з гэтага часу павінен будзе паказваць усюды, пройдзе ў замкавую кірху, каб там трымаць ранішнюю казань перад багавейнымі й крытычнымі вушамі доктара Марцінуса й настаўніка Мэланхтона. Не яго ж галава была, калі некалькі дзён таму назад была пустэльняй з напханымі ў яе навукамі, а ягоная галава была галавою ў поўным парадаку, калі апошняе ночы ён ператрос усе кнігі Майсея, шукаючы патрэбных выслоўяў, і знайшоў шмат чаго трапнага, а на патрэбу меў яшчэ й шпаргалік у кішэні, які павінен быў даць яму палёгку на тую крайнасьць, калі палёгкі ня будзе.

Перейти на страницу:

Похожие книги