Дарагі, паважаны калега Байфус!
Ваша такое падрабязнае са шматлікімі цытатамі і спасылкамі на крыніцы пасланне ад 17 красавіка дало мне масу задавальнення, і я паспяшаўся паказаць яго свайму прыяцелю з Дарогі Смутку, дзе ён над сваёй абутковай лаўкай трымае вельмі дагледжаную халасцяцкую кватэрку. Гер Агасфер сказаў мне, што ён вельмі добра памятае пра памянёную ў Ёгансэнавым артыкуле сустрэчу з Айцэнам, памятае і другія, менш радасныя спатканні з ім; як што пазнейшы суперінтэндэнт Шлезвіга наогул не быў вельмі прыемны чалавек, абмежаваны, захоплены сам сабою, сквапны і інтрыган. Увогуле артыкул Паўля Ёгансэна ў часопісе Аб'яднання па вывучэнні гісторыі Гамбурга мне вядомы; калі ў нашай карэспандэнцыі ён дагэтуль з майго боку не знайшоў упамінання, дык гэта толькі ад маёй татальнай легкадумнай няўважлівасці.
Усё ў Ёгансэна толькі дапушчэнне, не абапертае ні на які доказны матэрыял, які можна было б ахарактарызаваць як навуковы. Тое нямногае, што мы ведаем пра прарока Ёрга, хутчэй гаворыць супраць яго ідэнтычнасці з Агасферам. Ёрг прапаведуе пакаянне і пагражае няшчасцямі; Агасфер такога не робіць, ён светапераробшчык зусім іншага кшталту. Далей, няма ніякіх сучасных альбо іншых указанняў на тое, нібыта Ёрг калі-небудзь сцвярджаў, што ведаў Ісуса альбо што ўвогуле быў ім пракляты, як гэта мела месца з Агасферам; а ідэя назваць яго Агасферам з уражання ад карціны з персідскім царом у Мікалаеўскай кірсе ў Гамбургу ды яшчэ і яўрэем хутчэй паходзіць з поўных фантазіямі мазгоў Ёгансэна, чым з мозгу беднага прарока. Адвага, з якою Ёгансэн указвае і на трэцюю ідэнтычнасць, з юродам Васілём Блажэным, сапраўды подзіву вартая; у ім няма нават ценю прыкметаў такое ідэнтычнасці, калі, канечне, не мець за такую агульную шавецкую прафесію рускага святога юрода і яўрэйскага цудатворца. Маскоўскі жабрак-манах як правобраз Агасфера — пры ўсім прызнанні вялікіх дасягненняў рускага народа гэта ўяўляецца неверагодным.
Адзіна вартаснае ў Ёгансэнавых пісаннях — гэта канстатацыя таго, што Агасфер спыняўся ў Гамбургу. Гамбургскія эпізоды з жыцця Агасфера пацвярджаюцца не толькі выказваннямі яго самога мне, але і адпаведнай літаратурай. Пры гэтым я адрасуюся не так на розныя, пачынаючы з 1602 г. у розных варыянтах публікаваныя народныя кнігі, як на сведчанні Айцэна, зафіксаваныя ў апублікаваных у 1744 г. Cimbria Literata Ёганэса Молера з Фленсбурга і памянёныя ў Hamburgischen Ehren-Tempel 1770 г. гамбургскага гарадскога архіварыуса Нікалаўса Вількенса, а асабліва ж на дакумент, які я нядаўна атрымаў з добрай ласкі гера Герварта фон Шадэ, кіраўніка Нордэльбскай царкоўнай бібліятэкі, пасля таго як падчас пераезду бібліятэкі ў новае памяшканне гэта сталася магчымым, і аўтэнтычнасць гэтага дакумента мне здаецца гарантаванай. Дакумент, уласнаручна напісаны Агасферам ліст, паведамляе шмат цікавага пра Гамбургскі перыяд і пра адносіны з Айцэнам. Аднак найперш трэба Вам, дарагі калега, коратка патлумачыць, да якой жыццёвай фазы Айцэна аднесці гэта пісьмо.
Асабістыя прычыны, гаворка ідзе пра злосныя чуткі пра аблудныя непатрэбствы ў зняслаўленых начлежках, і непрыхільнасць галоўнага пастара Эпінуса да яго, прымусілі магістра фон Айцэна разам з яго юнай жонкай перабрацца ў Ростак, дзе ён разлічваў быць карысным ва ўніверсітэце; аднак падчас славутай успышкі антыпатый мекленбуржцаў да спрытных розумам ганзейцаў яму не ўдалося дабрацца туды пеша, і неўзабаве ён вярнуўся назад у родны горад; першае дзіця, дзяўчынка на імя Маргарэтэ ў калысцы. Гэтае дзіця, нягледзячы на гарбок і кульгавую ножку, было любімцам маці і павінна было пазней стацца сумнай славутасцю: Маргарэтэ Айцэн разам са сваім мужам, герцагскім пісарам Вольфгангам Калундам забіла бургамістра Апэнрадэ Эсмарха, іхняга зяця, і была ў 1610 годзе пакараная смерцю. Але гэты невялічкі крымінальны раман можа цікавіць нас толькі збольшага; важней тое, што Айцэн праз аб'яднаны ўплыў сваёй сям'і і ўплыў сваёй жонкі здабыў нарэшце духоўнае месца лектара сэкундарыўса пры саборы, г. зн. памочніка прапаведніка; неўзабаве аднак дзякуючы сваёй хрысціянскай руплівасці і сваёй абсалютнай вернасці літары Лютэра ён здабыў такую славу ў Гамбургу, што пасля смерці Эпінуса быў абраны тадыташнім схільным да тэалагічных эксперыментаў сенатам у наступнікі першага ў якасці галоўнга прапаведніка і суперінтэндэнты. Праўда, на жаль, акадэмічнай легітымацыі, якую Айцэн прывёз з Вітэнбэрга, было недастаткова; ён вымушаны быў туды вярнуцца, каб здабыць сабе доктарскі капялюш, як што ён быў абсалютна ўпэўнены, што вытрымае любы экзамен, яго выправілі з паперай Тэалагічнаму факультэту ў Вітэнбэргу, у якой выбітныя і знакамітыя гамбургскія пастары «хадайнічаюць стацца паслужнымі свайму калегу і суперінтэндэнту ў набыцці доктарскай годнасці» і ў якой між іншага гаворыцца, што факультэт праз наданне такой годнасці не толькі «privatim M. Paulum, sed etiam totam nostram Ecclesiam & civitatem», г. зн. не толькі магістра Паўлюса «ўшаноўваюць за вялікую рупнасць, але і забавязваюць усю гамбургскую эклезію і грамадства да глыбокай удзячнасці». Такой моцнай прэсіі, падмацаванай старымі сувязямі Айцэна з Мэланхтонам, вітэнбэргскі факультэт не маг супроцьстаяць, і ў выніку вучоныя мужы, нягледзячы на яўныя плыткасці і таўталогіі ў 58 пунктах Айцэнавай вуснай дысертацыі, сталіся «паслужнымі» ў справе набыцця доктарскага тытула і тым самым умажлівілі яму яго наступны крок.
Цяпер у сувязі з гэтым наступным крокам, «дыспутацыяй з яўрэямі», стаіць пісьмо Агасфера да яго ад 14 кастрычніка 1556 года, ксеракопію якога я прыкладаю. Паколькі Айцэн атрымаў доктарства толькі ў траўні гаданага года, ён мусіў спешна адразу пасля свайго вяртання ў Гамбург брацца за планаванне і падрыхтоўку сваёй акцыі. Рукапіс Айцэна нялёгка расшыфроўваецца, але я мяркую, Вы ўжо здолееце ўчытацца. Я хацеў бы толькі звярнуць Вашу ўвагу на некаторыя мясціны, якія мне здаюцца асабліва значнымі, скажам, адразу прыгожы пачатак:
«Дастойны доктар, добры гер суперінтэндэнт, я бедны жыдок, які вандраваў гэтыя шмат гадоў з аднаго месца ў другое і многа ўсялякага, часцей дрэннага, панагледзеўся, павінен па Вашай Годнасці прапанове ў вялікім публічным disputatio скласці сведчанне de passione Christi, які пракляў мяне і асудзіў in eternitatem, і павінен сказаць абшчыне яўрэяў у Альтоне ex ore testis і пацвердзіць, што рабі быў сапраўдным сынам Бога Jahwe, хай свяціцца імя яго, а таксама Meschiach, якога чакаў народ Ізраіля, і павінен я гэта зрабіць дзеля пабожнага каяння, якое я ў сабе выявіў, і ad majorem Dei gloriam».
Альбо яго пазнейшае пытанне:
«І што было б, калі б я адмовіўся? Ці не пераследаваўся б я Вамі і вышэйшым начальствам, ці не быў бы схоплены і разадраны, як авечка ваўкамі? Ad majorem Dei gloriam, кажаце Вы, але гэта хутчэй ad majorem gloriam дастойнага д-ра фон Айцэна, чым Бога, і за гэта павінен я, бедны жыдок, апынуцца ў situationes, якія для мяне нявыгадныя, інакш гэта каштавала б мне галавы».
І далей унізе:
«Але я хачу зрабіць гэта дзеля рабі, бо хто ж, як не я, зразумеў яго напраўду?»
Пасля чаго ён дапісвае:
«Павітайце Barbaram conjugem, я хачу здабыць для яе шэсць локцяў карычневага палатна, а таксама падвескі з Турцыі, а для маленькай Маргарэтэ чэпчык.
Вашай дастойнасці слуга і вандроўны Жыд Агасфер».
Вось гэта, дарагі гер прафесар Байфус, што да тэзаў гера Ёгансэна і сапраўдных падзей падчас гамбургскага перыяду Агасфера.
З чым, па-сяброўску вітаючы Вас, застаюся