Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

Тым часам слуга накрыў сталы абрусамі з грубага палатна, даўно ня мытымі, і ўжо прапануе меню сама мала мінулага тыдня: некалькі лыжак парашковага супу, некалькі валаконцаў мяса й нейкае іншае едзіва, скялемзанае з рыбы; людзі нацягваюць на калені краі абруса, каторае нават падтыкае за пояс: лепш ужо абрус той згаўняць, чым штаны. Юны Айцэн разглядвае драўляную місу, якую паставілі перад ім, драўляную лыжку, цынкавы пакарабачаны кубак і азіраецца вакол сябе, ці не акажа ў сабе хто французкай хваробы альбо гішпанскай каросты; з пашчаў сьмярдзіць, бадай, ва ўсіх аднолькава, і ўсе пачэсваюцца пад пахамі, грабаюць калені, чухаюць чарапы, можа, нават больш з нудоты, бо з варывам задоўжылася, зь віном таксама; чуваць, як на кухні гаспадар перабрэхваецца з бабамі, і гэта вам называецца, казалі, «Лебедзі», адзін з найлепшых гатэляў, і ўсе застаюцца радыя. У паветры ад стала да стала пачынаюць пырхаць сальнасьці, пра гера сьвятара й ягоную кухарку, як тое ў іх там бывае. Гэта зноў злуе младога Айцэна, бо ён успрымае сваю веру сур'ёзна й ведае, што з часу, калі гер доктар Марцінус Лютэр вывесіў у Вітэнбэргу свае тэзісы, усе сьвятары вельмі ахвоча шлюбаваліся са сваімі кухаркамі.

А пакуль там тое, прынесьлі вялікую круглую місу варыва, нават з ашмоткамі мяса й тлушчам. Пасьля ладнай штурханіны на разборы той місы, куксаты пры гэтым разьвівае дужа вялікі спрыт, чуваць толькі плямканьне й сёрбаньне й ціхія сьмешкі Айцэнавага гарбатага суседа, які кажа яму:

— Бачыце, юны мой пане, у людзей яно не намнога лепей, чым у быдла, і вось часам пытаешся ў самога сябе, а што ж бо такое меў сабе Гасподзь Бог на ўме, ствараючы, з дазволу кажучы, вось такое брыдоцьце й маючы яго за шэдэўр паводле вобразу свайго.

А куксаты, плямкаючы, акідаецца:

— Злы твой бог і несправядлівы, калі карае ўбогіх, а магутных адорвае, так што каторае нават падумаць можа, быццам над гэтым пахібным богам павінен быць яшчэ адзін, вышэйшы, зусім далёкі, які добрым часам прынясе сьвятло ўсім нам.

Жоўць расплываецца ў юнага Айцэна; ён ускоквае, тузаючы з сабою свой канец абруса, аж закалыхаліся недаедзеныя міскі, і крычыць:

— О вы, агуднікі бога й яго справядлівасьці, а ня хочаце ж вы бачыць, што зноў наведзены парадак як на небе так і на зямлі!

І як што ўсе тут разам прыціхлі, чакаючы новых догматаў, у галаве ў юнага Айцэна раптам разьзеўрылася пустата, і ён ня ведае, што сказаць далей і каўтае сьліну, а ўжо там-тут сюд — туд, а пасьля і з усіх бакоў выбухае рогат і бушуе, пакуль не ўваходзіць гаспадар зь мясам і ўсе не хапаюцца за свае міскі, каб уварваць сваё, юны гер фон Айцэн — першы сярод першых. Пад мяса ўсе п'юць кіслае віно з даліны ракі Заале, гарачацца й весяляцца з выпіўкі й жратвы, і Айцэн дзівуецца са свайго гарбатага суседа справа, зь якой грацыяй той есьць, упраўляючыся трыма пальцамі, як ахайна пакрышыў свой хлеб, як пакроіў прыгожым ножыкам мяса, набіраецца духу й пытаецца ў яго:

— Калі вы так моцна абазнаныя, што да мяне, і што я студыёзус, і што выпраўляюся ў Вітэнбэрг, хто ж такі вы, і што прывяло вас сюды, у горад Лейпцыг?

— Той? — кажа чалавек з куксай. — Яго я ведаю, ён усюды й нідзе, і вычварае штукі з картамі, што чыстае вам дзіва, і каторае з вас нават падумае, што ён умее загаворваць казіныя бэбахі, каб яны ператвараліся ў залатыя, але калі каторае паспрабуе расплаціцца такім золатам, яно тут жа, у руцэ, зноў гаўнякамі абернецца.

Той другі сьмяецца бязрадасным сьмехам і будзе казаць:

— Гэта, мабыць, залішне з тым тваім золатам і бэбахамі, але што да картаў, дык раскіну вам так, аж што будучыню ўбачыце, і ўсё ў натуры й без падвоху, туз падспод, сямёрка да тройкі, усё па сістэме, каб вы ведалі; а цяпер я ў разьезьдзе па справах гешэфту, шукаю аднаго жыда, яго тут бачылі, хацелася б перакінуцца слоўцам-другім.

— Жыда, во, — кажа юны Айцэн, убачыўшы ў гэтым тэму, на якую ён мог бы вой як разагнацца, бо цётачка з Аўгсбурга напхала яму галаву расказамі пра вя-лікае панства Фугкраў, якія колісь гандлявалі грашыма й фінансавалі ўсё князёўства краю, нават самога кайзера, а цяпер тут жыды, адны жыды, толькі ўжо даражэй абыходзяцца й ня любяць задавацца сваімі багацьцямі.

— Ах, божа, — кажа той другі, — гэта вы пра народ, зь якога паходзіць наш Гасподзь Ісус.

— Які яго цьвікамі да крыжа! — трыўмфуе Айцэн, ён ведае гэтыя дыскурсы, ягоны бацька ў Гамбургу ўжо няраз дыспутаваў з жыдамі, у якіх пазычаў грошы пад высокі чынш. — а й якім жа такім слоўцам вы хацелі б зь ім перакінуцца, вашым жыдам?

— Я хацеў бы даведацца ў яго, ці ёсьць ён той, хто ён ёсьць, — кажа яго сусед.

Гэта да глыбіні душы кранае юнага Айцэна, які ведае сваю Біблію і яшчэ ведае, што наш Гасподзь Ісус, будучы спытаны пра тое самае, адказаў, я ёсьць, хто я ёсьць. Але ён рагоча на цэлае горла, каб пазбыцца пачуцьця, што закралася ў яго, і кажа:

— І яго вы, мусіць, абмухлярыце, вы ўсе так зрабілі б, каб маглі.

Перейти на страницу:

Похожие книги