Читаем Бiльярд а палове дзесятай полностью

Роберт зусiм не здзiўляўся, калi бачыў, як Бен Вакс i Нэтлiнгер падымалiся ў Отаў пакой, калi ён сустракаў iх у калiдоры, усвядомiўшы, што тыя абодва былi яму менш незразумелыя, чым яго родны брат; нават забойцы не бываюць забойцамi ўвесь час, а любой гадзiне дня i ночы; нават забойцы маюць вольныя ад працы вечары — як, напрыклад, чыгуначнiкi; тыя абодва вызначалiся паблажлiвасцю: паляпвалi яго па плячы; Нэтлiнгер казаў: "Ну, хiба гэта не я даў табе ўцячы?" Яны паслалi на смерць Фэрдзi, паслалi Гроля i бацьку Шрэлы туды, дзе людзi без следу знiкаюць, але цяпер яны казалi: "Што было, тое было". Нiхто не хоча псаваць гульню. Hе трэба прыпамiнаць iм таго. Фельдфебель у сапёраў, спецыялiст па выбухах, жанаты, мае сваю кватэру, iльготную ашчадную кнiжку i дваiх дзяцей. "Пра жонку можаш не турбавацца; пакуль я тут, з ёй нiчога не здарыцца…"

Ну дык што? Цi гаварыў ты з Отам? Без вынiку? Я ведала, што так будзе, але ж трэба спрабаваць зноў i зноў; падыдзi блiжэй, цiха: я хачу табе нешта сказаць! Мне здаецца, што на iм — праклён, чары — калi гэта табе больш даспадобы; i ёсць толькi адзiн спосаб вызвалiць яго: мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн; Госпад кажа: "Помста мая", а чаму б гэта мне не быць сродкам помсты ў руцэ Госпадавай?

Яна падышла да акна, выцягнула з кута памiж фiранкаю i акном дарожны кiй свайго брата, якi памёр сорак тры гады таму; ускiнула кiй да пляча, нiбы стрэльбу, i нацэлiлася, узяла на мушку Бена Вакса i Нэтлiнгера; яны ехалi па вулiцы конна — адзiн на сiвым, другi на гнедым жарабцы; кiй рухаўся, паказваючы дакладна хуткасць конскага бегу — як быццам яе мерылi секундамерам; яны павярнулi за рог дома, праехалi паўз гатэль на Модэстгасэ, памчалi да Мадэставай брамы, якая засланiла коннiкаў ад яе; апусцiўшы кiй, мацi сказала: "У мяне ёсць дзве з паловай хвiлiны часу". Зрабiць глыбокi ўдых, нацэлiцца, своечасова нацiснуць на курок; кожнае шво яе сноў трымала моцна, нiдзе не было магчыма разарваць дасканала сплеценую хлусню; яна зноўку паставiла кiй у кут.

— Я зраблю гэта, Роберт. Я зраблюся сродкам помсты ў руцэ Госпада; маю досыць цярплiвасцi, час мяне не бярэ: тут патрэбныя не хлопаўкi з порахам, да пораху патрэбны свiнец: помста за апошняе слова, што вымавiлi нявiнныя вусны майго сына: «Гiндэнбург»; гэтае слова засталося пасля яго на гэтай зямлi; я павiнна сцерцi гэтае слова; хiба мы дзеля таго нараджаем дзяцей на свет Божы, каб яны памiралi, маючы сем год, i выдыхалi апошняе слова «Гiндэнбург»? Я парвала лiсток з вершам i выкiнула шматкi паперы на вулiцу, а ён быў дысцыплiнаваны малы хлапчук ды прасiў мяне дастаць яму копiю; але я адмовiлася, не хочучы, каб тая лухта вымаўлялася яго вуснамi; у гарачцы ён спрабаваў аднавiць у памяцi радкi верша; я заткнула сабе вушы, але ўсё-ткi адно чула: "…Хай Госпад заўсёды будзе з табой"; я спрабавала спынiць яго трызненне, трэсла яго, каб ён апрытомнеў; я хацела, каб ён паглядзеў мне ў вочы, адчуў дотык маiх далоняў, пачуў мой голас, але ён шаптаў далей: "…Пакуль нямецкiм лясам стаяць, пакуль нямецкiм сцягам лунаць; пакуль нямецкая мова гучыць — датуль яго iменi ў сэрцах жыць"; тое, з якiм нацiскам ён нават у гарачцы вымаўляў слова «яго», амаль забiла мяне насмерць; я пазбiрала ўсе цацкi ў хаце, забрала ў цябе твае — i, не зважаючы на твой лямант, склала iх усе на Генрыхавай коўдры; толькi ён ужо не вярнуўся, не паглядзеў на мяне… Генрых, Генрых! Я крычала, малiлася i шаптала яму, ды ён ужо адышоў у краiну трызненняў, у якой для яго застаўся адзiны радок верша: "Гiндэнбург! Наперад! На бой!"; толькi той адзiн-адзiны радок верша жыў у iм; i апошняе слова, якое я пачула з ягоных вуснаў, было: «Гiндэнбург».

Я павiнна адпомсцiць за спанатраныя вусны майго сямiгадовага сыночка; няўжо ты гэтага не разумееш, Роберт? Адпомсцiць тым, што едуць конна паўз наш дом, да Гiндэнбургавага помнiка; за iмi нясуць гладкiя вянкi з залатымi, чорнымi i фiялетавымi стужкамi; я ўвесь час думаю: няўжо ён нiколi не памрэ? Няўжо мы будзем вечна бачыць на паштовых марках гэтага састарэлага буйвала, чыё iмя зрабiлася дэвiзам у сынавых вуснах? Цi ты цяпер дасi мне карабiн?

Перейти на страницу:

Похожие книги

Антон Райзер
Антон Райзер

Карл Филипп Мориц (1756–1793) – один из ключевых авторов немецкого Просвещения, зачинатель психологии как точной науки. «Он словно младший брат мой,» – с любовью писал о нем Гёте, взгляды которого на природу творчества подверглись существенному влиянию со стороны его младшего современника. «Антон Райзер» (закончен в 1790 году) – первый психологический роман в европейской литературе, несомненно, принадлежит к ее золотому фонду. Вымышленный герой повествования по сути – лишь маска автора, с редкой проницательностью описавшего экзистенциальные муки собственного взросления и поиски своего места во враждебном и равнодушном мире.Изданием этой книги восполняется досадный пробел, существовавший в представлении русского читателя о классической немецкой литературе XVIII века.

Карл Филипп Мориц

Проза / Классическая проза / Классическая проза XVII-XVIII веков / Европейская старинная литература / Древние книги