Я толькi адзiн раз пакарысталася сваёй прывiлеяй, адзiнадзiны раз - ты павiнен дараваць мне гэта; я не магла больш вытрываць i пайшла да Дрэшэра, каб дамагчыся табе амнiстыi; мы не маглi болей трываць: бацька, я i Эдыт; у цябе ўжо тады нарадзiўся сын; мы знаходзiлi ў паштовай скрынi вестачкi ад цябе, зусiм маленькiя, як паперкi ад парашкоў супраць кашлю; першы раз мы атрымалi вестачку ад цябе праз чатыры месяцы пасля таго, як ты знiк: "Hе турбуйцеся наконт мяне, я старанна вучуся ў Амстэрдаме. Цалую маму. Роберт". Праз тыдзень мы прачыталi другую цыдулку: "Мне патрэбны грошы, загарнiце ў газету i перадайце чалавеку, прозвiшча якога Гроль - кельнеру ў "Якары", Верхнi Порт. Цалую маму. Роберт".
Мы аднеслi грошы туды: кельнер Гроль моўчкi паставiў нам пiва i лiманад, моўчкi ўзяў скрутак, моўчкi адмовiўся ад грошай "на чай"; здавалася, ён нас зусiм не бачыць i не чуе нашых пытанняў.
Мы паўклейвалi твае маленькiя вестачкi ў нататнiк; новых доўга не было, потым яны пачалi надыходзiць часцей. "Грошы атрымаў усе: 2-га, 4-га i 6-га. Цалую маму. Роберт". А Ота раптам стаў зусiм не Ота, а нехта iншы; ён прывёў у дом Нэтлiнгера i настаўнiка гiмнастыкi; Ота... я зразумела, што гэта значыць, калi кажуць, што ад чалавека засталася адна абалонка; Ота быў цяпер толькi Отавай абалонкаю, якая хутка напоўнiлася iншым змесцiвам: ён не проста пакаштаваў бычынага прычасця, яно было яму прышчэплена; з яго выссалi былую кроў i ўлiлi яму новую: Отаў пагляд зрабiўся паглядам забойцы, i я са страхам хавала ад яго твае цыдулкi.
Колькi месяцаў вестак ад цябе не было; я поўзала на каленях у сенцах, па падлозе, выкладзенай плiткамi, аглядала кожную шчылiну, кожную цалю халоднай падлогi, зняла завiткi з парэнчаў, пасаскрабала з iх увесь бруд, баючыся, што папяровыя скрутачкi могуць куды-небудзь завалiцца, што iх можа здзьмухнуць скразняком; па начах я адкручвала паштовую скрыню i разбiрала яе, а Ота вяртаўся, прыцiскаў мяне дзвярыма да сцяны, наступаў мне на пальцы, смяяўся: доўгiя месяцы я не магла нiчога знайсцi, прастойвала ночы за фiранкаю ў спальнi, чакала свiтання, пiльнавала за вулiцай i за дзвярыма ў дом, злятала ўнiз па сходах, калi паяўляўся паштар з газетамi; нiчога не было; я абшуквала папяровыя торбачкi з булачкамi, асцярожна пералiвала малако ў рондаль, адляпляла этыкетку ад бутэлькi; нiчога не было. Ад вечара мы хадзiлi ў "Якар", працiскалiся памiж мундзiраў у самы далёкi куток, за столiк, якi абслугоўваўся Гролем, але Гроль маўчаў, рабiў выгляд, нiбыта нас не ведае; толькi праз некалькi тыдняў, калi мы чарговы раз, чакаючы, сядзелi там, ён напiсаў на беражку кардоннай падстаўкi пад пiва: "Будзьце асцярожныя! Я нiчога не ведаю!", а пасля перакулiў кухаль з пiвам, размазаў разлiтае пiва так, што на месцы надпiсу засталася вялiкая чарнiльная пляма, прынёс нам новы кухаль, за якi не хацеў браць грошай, - Гроль, кельнер з "Якара", малады чалавек з вузкiм тварам.
Мы ж, натуральна, не ведалi, што хлопец, якi кiдаў нам у паштовую скрыню вестачкi ад цябе, даўно быў арыштаваны, што за намi сачылi, а Гроль заставаўся на волi толькi з аднае прычыны - яны спадзявалiся, што ён загаворыць з намi; хто можа разабрацца ў гэтай вышэйшай матэматыцы забойцаў? I Гроль, i хлопец з вестачкамi ад цябе - абодва знiклi, Роберт; а ты ж не даеш мне карабiна, не вызваляеш мяне з гэтага заклятага замка.
Мы перасталi хадзiць у "Якар", пяць месяцаў нiчога не чулi пра цябе; я першы раз скарысталася з прывiлеi: пайшла к доктару Эмiлю Дрэшэру, старшынi зямельнага ўрада; колiсь я разам з яго сястрою хадзiла ў школу, а з iм - на ўрокi танцаў; мы рабiлi разам паездкi за горад, ставiлi ў каламажкi бочачкi з пiвам, на лясным ускрайку выцягвалi бутэрброды з вяндлiнаю; таньчылi "лендлера" на свежапакошаных палянках; мой бацька дапамог Дрэшэраваму бацьку ўступiць у Навуковае згуртаванне, хоць у таго не было вышэйшай адукацыi але ўсё гэта лухта, Роберт: не вер у гэткiя рэчы, калi справа датычыць чагосьцi сур'ёзнага; я называла колiсь Дрэшэра "Эм" - гэта было скарачэнне ад "Эмiль", скарачэнне, якое ў тыя часы лiчылася асаблiва шыкоўным; а во цяпер, праз трыццаць год, я папрасiла далажыць яму пра мяне; я надзела шэры касцюм з фiялетавым вэлюмам, чорныя, са шнуркамi, чаравiкi; Дрэшэр сам сустрэў мяне ў пярэднiм пакоi, пацалаваў мне руку i сказаў:
- Ах, Ёганна, называй мяне, як i раней, "Эм"!
I я сказала яму:
- Эм, мне трэба ведаць, дзе мой хлопец. Вам жа вядома, дзе ён!
У гэтую хвiлю, Роберт, мне здалося, што пачаўся ледавiковы перыяд. Я адразу пазнала па iм, што ён ведаў усё, i адчула, як ён пасуровеў, зрабiўся афiцыяльны, яго тоўстыя губы заўзятага аматара чырвонага вiна ад перапуду сталi падобныя да танюсенькай нiтачкi; ён азiрнуўся, патрос галавою i шапнуў мне:
- Учынак твайго сына быў не толькi заганны, але i надзвычай неразважлiвы з палiтычнага боку.
А я адказала яму:
- Куды вядзе палiтычная разважлiвасць - вiдаць па табе.
Я хацела пайсцi, але ён затрымаў мяне i сказаў:
- Божа мой, цi ж нам трэба ўсiм павесiцца?
Ha што я адказала:
- Вам - трэба.