Леанора любiла яго. Ён часцяком заходзiў па яе ў бюро, прасiў злiтавацца з яго бухгалтэрыi, што нядбайна вялася там, на другiм баку вулiцы, высока над друкарняй, дзе ён кватараваў у "атэлье сваёй маладосцi"; стары Фэмель яшчэ захоўваў дакументы, якiя рэвiзавалi падаткавыя агенты, чые магiлы былi забытыя, перш чым яна навучылася пiсаць; акцыi ў ангельскiх фунтах, у доларах, пакеты на плантацыi ў Сальвадоры; там, уверсе, Леанора корпалася ў запыленых рахунках, расшыфроўвала запiсаныя ад рукi выняткi з рахункаў у даўно лiквiдаваных банках, чытала тэстаманты, дзе ён завяшчаў грошы альбо маёмасць сваiм дзецям - тым, каго ён перажыў на сорак гадоў. "Сыну майму Генрыху аддаю ў неабмежаванае карыстанне абедзве сядзiбы з зямлёю, Штэлiнгер Гротэ i Гёрлiнгер Штуль - бо прыкмецiў у iм тыя спакой i радасць, якiя надае яму бачанне развiцця тых рэчаў, што мне здаюцца неабходным варункам жыцця гаспадара на зямлi..."
- Тут, - ускрыкнуў стары, узмахнуўшы цыгараю, - тут я дыктаваў тэстамант майму цесцю, увечары, напярэдаднi таго, як я адыходзiў у войска. Я дыктаваў, а мой хлопчык тады спаў наверсе; назаўтра ўранку ён яшчэ праводзiў мяне на вакзал... пацалаваў мне ў шчаку - вуснамi сямiгадовага дзiцяцi, але нiхто, чуеш, Леанора, нiхто не прыняў маiх дарункаў: усё вярнулася да мяне - маёнткi i рахункi ў банках, працэнты з рэнтаў i падаткаў. Я нiводнага разу не змог чаго-небудзь ахвяраваць; толькi мая жонка магла рабiць гэта, i яе дарункi прымалiся - але калi я ўночы ляжаў каля яе, я не раз чуў, як яна нешта мармытала: доўга, лагодна сплываў, як вада, шэпт: "навошта-навошта-навошта..."
I зноў плакаў стары чалавек, цяпер у вайсковай форме, капiтан сапёрных войскаў у запасе, радца Генрых Фэмель; адпушчаны на некалькi дзён дадому ў сувязi са смерцю сямiгадовага сына; Кiльбава фамiльнае гробiшча прыняло белую дамоўку: цёмны, вiльготны мур i свежыя, нiбы сонечныя прамянi, лiчбы, год смерцi 1917-ты. Роберт, у чорным аксамiтавым касцюмчыку, чакаў на вулiцы ў карэце...
У Леаноры выпала з рук марка, гэтым разам фiялетавая; у яе не ставала адвагi наклеiць яе зараз на лiст да Шрыта; конi, запрэжаныя ў карэту, пырхалi ад нецярплiвасцi перад могiлкавай брамаю, а двухгадоваму Роберту Фэмелю было дазволена патрымацца за лейцы: чорная скура, патрэсканая па краях, i свежае золата лiчбаў, што зiхцела ярчэй ад сонечных прамянёў...
- Чым ён займаецца, што робiць мой сын - адзiны, якi застаўся ў мяне, Леанора? Што ён робiць у гатэлi "Прынц Генрых" шторанiцы, з паловы дзесятай да адзiнаццацi... яму было дазволена зблiзку паглядзець, як коням падвязваюцца торбы з аброкам; што ён робiць? Скажыце мне, прашу Вас, Леанора!
Вагаючыся, яна падняла фiялетавую марку i сказала цiха:
- Я не ведаю, што ён там робiць. Далiбог, не ведаю.
Стары зноў засунуў цыгару ў рот; усмiхаючыся, адкiнуўся ў фатэлi - як быццам нiчога не адбылося.
- Як Вы паглядзiце на тое, калi я запрашу Вас на пастаянную работу ў другой палавiне дня? Я б заходзiў па Вас сюды, у бюро, мы б разам палуднавалi, а з другой да чацвёртай або да пятай, як Вы жадаеце, Вы б дапамагалi мне ўпарадкоўваць паперы там, наверсе. Што Вы пра гэта думаеце, мiлае дзiцятка?
Леанора згодна кiўнула галавой:
- Добра.
Яна ўсё яшчэ не наважвалася правесцi фiялетавым "хойсам" па губцы, наклеiць яго на канверт; паштовы чыноўнiк выцягне яго са скрынкi, машына праштэмпелюе лiст: "6.09.1958., 13.00.". А тут сядзiць стары чалавек, якi зноў вярнуўся ў канец свайго восьмага - у пачатак свайго дзевятага дзесяцiгоддзя.
- Добра, добра, - сказала яна.
- Можна, такiм чынам, лiчыць, што Вы ў мяне на рабоце?
- Вядома.