- Паслухай, - сказаў ён, - едучы восемдзесят на гадзiну, мне спатрэбiцца роўна тры хвiлiны; гэта сапраўды зусiм бяспечна; калi табе боязна, можаш тут вылезцi i чакаць мяне.
- Hе, аднаго цябе я не пушчу.
- Гэта ж апошнi раз, - пачаў ён тлумачыць. - Мажлiва, заўтра мяне тут ужо не будзе, а дзе-небудзь у iншым месцы такую магчымасць наўрад цi атрымаеш.
- Але ж лепш паспрабаваць рабiць гэта на звычайнай шашы.
- Hе. Мне ўласна карцiць затармазiць перад самым шчытом.
Ён пацалаваў Марыяну ў шчаку.
- Ведаеш, што я зраблю?
- Hе.
- Я паеду сорак кiламетраў на гадзiну.
Яна ўсмiхнулася, калi Ёзэф рушыў, але ўсё-такi паглядзела на спiдометр.
- Глядзi, - сказаў ён, калi машына праехала каля кiламетровага слупка з лiчбаю "5", - цяпер глядзi на гадзiннiк i падлiчы, колькi часу нам будзе трэба да слупка "9"; я еду дакладна сорак.
Нiбы засаўкi агромнiстых брамаў, далёка наперадзе перад яе вачыма паяўлялiся шчыты; спачатку яны былi падобныя да бар'ераў, потым рабiлiся большыя i большыя з няўмольнай няспыннасцю; тое, што здалёк нагадвала чорнага павука, аказалася скрыжаванымi косткамi; а тое, што было нiбы нейкi дзiўны гузiк, ператварылася ў чэрап, павялiчвалася, як павялiчвалася, наблiжаючыся да яе, i ўжо, здавалася, амаль дакраналася да радыятара вялiзная лiтара "е" ў слове "смерць"; гэтая лiтара выглядала нiбы разяўлены рот, якi хацеў выкрыкнуць нешта страшнае; стрэлка спiдометра дрыжала памiж лiчбамi "90" i "100"; у вокнах машыны прамiльгвалi дзецi на самакатах, мужчыны i жанчыны, на тварах якiх ужо не было выразу "пасля працоўнага дня"; яны асцерагальна махалi рукамi, яны рэзка крычалi, i тыя крыкi нагадвалi крыкi чорных птахаў-вестуноў смерцi.
- Слухай, - сказала цiха Марыяна, - ты яшчэ тут?
- Вядома ж; i дакладна ведаю, дзе я, - адказаў ён, углядаючыся ў лiтару "е" ў слове "смерць", - не хвалюйся.
Перад самым канцом працоўнага дня майстар з прадпрыемства, што займаецца разбiраннем руiн, павёў яго ў рэфекторый; там у куце на транспарцёр загружаўся, а з транспарцёра на грузавiкi выгружаўся друз; ад вiльгацi, якой ён увесь набрыняў, з рэшткаў цэглы, бетону i гразi невядомага паходжання ўтварылiся лепкiя груды; вiльгаць плямамi павыступала на сценах; гэтыя плямы, спачатку цёмныя, потым святлейшыя, павялiчвалiся па меры таго, як меншала гара друзу; з-пад плямаў прабiвалася нешта чырвонае, блакiтнае i залатое - сляды фрэсак, якiя, як падалося майстру, былi каштоўнымi: сцэна таемнай вячэры, пакрытая цвiллю; залаты келiх, белая аблатка, твар Хрыста; светлая скура i цёмная барада, каштанавыя валасы апостала Iаана; "зiрнiце, пане Фэмель, сюды; гэта цёмная скура Юдавага скуранога кашалька"; майстар, узяўшы ў руку сухую анучу, беражлiва ачысцiў частку роспiсу ад цвiлi; паркалёвы абрус, дванаццаць апосталаў; цяпер можна было добра разгледзець iх ногi, берагi абруса, падлогу залы таемнай вячэры, выкладзеную плiтамi; ён, усмiхнуўшыся, паклаў майстру руку на плячо i сказаў:
- Добра, што Вы мяне паклiкалi; вядома ж, фрэску трэба захаваць; трэба ачысцiць i прасушыць яе, пакуль яна яшчэ больш-менш цэлая.
I ён ужо хацеў быў iсцi; на стале стаялi гарбата, хлеб, масла i селядцы; як звычайна, у пятнiцу пасля працы была рыба; Марыяна ўжо выехала са Штэлiнгерс-Гротэ, каб выправiцца разам з iм на шпацыр - i тут ён убачыў, перш чым паспеў адвярнуцца, у нiжняй частцы роспiсу, справа, лiтары "XYZX"; ён сотнi разоў бачыў тыя бацькавы "X", "Y" i "Z", калi бацька дапамагаў яму рабiць хатнiя заданнi па матэматыцы; i цяпер яны зноў былi ў яго перад вачыма - над прабоiнай ад выбуху ў падвальнай столi памiж нагою святога Iаана i нагою святога Пятра; калоны рэфекторныя былi разбiтыя на часткi, скляпенне разбуранае; застаўся толькi кавалак сцяны з "Таемнай вячэрай" ды лiтары "XYZX".
- Што здарылася, пане Фэмель? - спытаў майстар i паклаў руку яму на плячо. - Вы ж зусiм спалатнелi... а можа, гэта ад Вашага кахання?
- Толькi ад кахання, - адказаў ён, - толькi ад яго. Вам няма чаго турбавацца, i вялiкi дзякуй за тое, што мяне паклiкалi.
Ужо нясмачныя былi яму i гарбата, i хлеб, i масла, i селядцы; пятнiца, рыбны дзень; нават цыгарэта была яму нясмачная; ён абышоў усе будынкi абацтва, пасля завярнуў за галоўны касцёл да прытулку пiлiгрымаў, шукаючы ўсюды тых месцаў, якiя б маглi мець важнае значэнне з пункту гледжання статыкi; але ён знайшоў толькi адну, адну-адзiную маленькую лiтару "iкс" у пiўнiцы прытулку; немагчыма было зблытаць з якiм iншым бацькаў почырк таксама як бацькаў твар, бацькаву хаду, усмешку, строгую ветлiвасць бацькавых рухаў тады, калi ён налiваў вiно альбо перадаваў над сталом хлеб; яго маленькi "iкс"; доктар Роберт Фэмель, кантора статычных разлiкаў.
- Прашу, прашу цябе, - вымавiла Марыяна, - апамятайся!