Маладзенькая сцюардэса прынесла на разносе каньяк, шакалад.
— Гэта ад экіпажа. Яны ўчора глядзелі тэлерэпартаж.
— Не адмовімся.
«Коўч» Грак, ён жа Палыч, згодна кіўнуў. Радасная ўсмешка не пакідала яго твар.
— Дзякуем. Усім вам і пілотам прывет ад нашых пацаноў.
— І вось яшчэ газета. Ліёнскія спартыўныя экспрэс-навіны. Тут у асноўным пра вас, Максім. Я крыху ведаю мову. Перакласці? Не ўсё, але паслухайце:
«Гэтая яшчэ год-два таму малавядомая каманда з Беларусі, сябры якой у большасці гуляюць у ахвотку, за невялікія грошы, сенсацыйна выйшла з плэй-оф. Але самае сенсацыйнае — тое, што каманда прывезла з сабой невядомага галкіпера, які ў будучым магчыма стане побач з легендамі сусветнага футбола, і чый клас гульні напомніў нам вялікага Луіса Чылаверта. Дэбют Максіма Гудава — адкрыццё матча, і ўвогуле групавых гульняў».
У Мінскі аэрапорт прыляцелі запозна, але іх чакалі. Журналісты, той-сёй са сваякоў. Пасыпаліся радасныя воклічы, усе загаманілі. Нават пануры «асноўнік» Румаш (разумеў, што яго месца ў асноўным складзе каманды пахіснулася) заўсміхаўся насустрач жонцы.
Максіма Гудава асабіста не сустракаў ніхто.
Замест эпілога
З ліста: