Гай i раней заўважаў у паводзiнах i ў словах сына нейкую знарачыстую грубаватасць, нейкае панiбрацтва, быццам размаўляў той не з бацькам, а са сваiм жа галалобым нафарбаваным равеснiкам, "шарыкам з адной лузачкi", як яны любяць казаць. Адкуль такi тон? Ад ранняга сталення i цэлага акiяну iнфармацыi, што захлiствае гэтых маладых пеўнiкаў з ног да галавы? А можа, ад таго, што дужа рана робяцца яны спелымi мужчынамi з ярасным бушаваннем палавых гармонаў у крывi?
Гай пазванiў Навуму Масейкiну. Таго доўга шукалi, нарэшце знайшлi.
- Жывуць Сонца i Кiсларод! - весела выгукнуў здалёку Масейкiн.
Гай лаканiчна, як толькi мог, абмаляваў сiтуацыю, папрасiў, пры магчымасцi, зазiрнуць на Чорны Хутар.
- Мой малы баiцца, - цiха сказаў у слухаўку, косячы вокам, каб, крый божа, не пачуў Клён.
- Якую катэгорыю паабяцаў табе той пракляты голас? - перапытаў Масейкiн.
- Дзевятую.
- Дзевятую? Ну, стары, трымайся. Я ў яго, як памятаю, па пятай катэгорыi праходзiў. Белым прамянём так хвастануў, ажно я прысеў. А назаўтра жонка гаворыць: "Кракадзiльчык (гэта яна мяне, калi ў добрым настроi, так называе), адкуль у цябе шрам на левым плячы? А ў мяне нiколi нiякага шрама зроду не было. Адным словам, не вешай нос - iмчуся да цябе. I не забудзь пра Ўзмацняльнiк Волi.
Змяркалася. Дубровiчы трымалiся разам. Гай, ужо не кажучы пра Клёна, у глыбiнi душы раскайваўся, што кiнуў-рынуў горад i прыляцеў на Чорны Хутар. Паклiкалi да сябе робата Дулеба. Ён звычайна лёгка ўзыходзiў па лесвiцы на другi паверх, але сёння адказаў вiнаватым голасам:
- Не магу, спадар Гай. Левая нага не слухаецца. Буду званiць ва Ўпраўленне Хатнiх Робатаў, каб прыслалi рамонтнiка.
Дулеб пачаў званiць у горад. "Нешта тут не так, - падумалася Гаю. Дулеб жа робат звышновай серыi. Такiя, сама меней, тры гады працуюць без анiякага збою".
Раптоўна захацеў спаць Клён i пайшоў у свой пакой. Вяла цмокнуў бацьку ў шчаку, зачынiў за сабою дзверы. "Дзiўна, - зноў падумалася Гаю, - ледзь не трымцеў ад страху, а тут - нуль увагi на бацьку i ўжо дае храпака. Дзiўна".