У лiфце акрамя Дубровiча спускалiся дзве маладжавыя прыгожыя жанчыны i бледнатвары худы мужчына гадоў сарака. Нягледзячы на гарачыню ён быў у тоўстым ваўняным свiтэры, з пярэстым шалiкам на шыi. У яго неяк дзiўнавата блiшчалi вочы. Жанчыны шчабяталi аб новым часопiсе мод, мужчына з шалiкам на шыi пазiраў на iх, але, падалося Гаю, як бы скрозь iх, i гэта было ненатуральна, бо на эфектных гаваркiх жанчын мужчыны так не глядзяць. Раптам Гай падсвядома адчуў нейкую трывогу, нейкi халадок пад сэрцам. Жанчыны весела тараторылi, мужчына з шалiкам пiльна пазiраў на iх i скрозь iх, а Гай Дубровiч аж ледзянеў ад нечаканай трывогi. "Зараз нешта павiнна здарыцца", шапнуў унутраны голас, якi нiколi не памыляўся. Мужчына ўзняў руку, тонкую, бледную, каб расслабiць шалiк на шыi, i Гай мiжволi скалануўся. На чалавечай руцэ не было пазногцяў. Была вузкаватая, з сiнiмi ручайкамi венаў, кiсць, было пяць пальцаў, а пазногцяў не было. Там, дзе яны звычайна знаходзяцца, Гай убачыў абсалютна гладкую бледную скуру. Ён пачынаў ужо здагадвацца, хто едзе разам з iм у марудлiвым лiфце, хто стаiць за крок-паўтара ад яго. Лютая гарачыня, духата, ваўняны тоўсты свiтэр, якi нiбы металiчны панцыр абцiскае хударлявую фiгуру, i нi малюсенькай кроплi поту на твары. Лiфт спынiўся, палавiнкi абшарпаных дзвярэй пачалi павольна раз'язджацца ў бакi, i раптам мужчына з нiзкiм вантробным гыркам хiснуўся ўперад, аскалiў зубы i гучна клацнуў iмi - укусiў жанчыну, што стаяла блiжэй да яго, за шчаку. Жанчына дзiка ўскрыкнула, асела на падлогу лiфта. Мужчына з крывавым ротам нязграбна скокнуў цераз яе, шаргануў Гая каляным рукавом свiтэра па твары i вельмi хутка пабег у змрок доўгага калiдора.
- Якi жах! - усклiкнула сяброўка ўкушанай. У яе пачалася iстэрыка.
Гай Дубровiч стаяў каля дзвярэй лiфта, бачыў, як санiтары вядуць жанчыну да машыны "хуткай дапамогi", як малады лiфцёр зацiрае кроў на падлозе, i душа кiпела абурэннем. Нельга так далей жыць. Лепей жахлiвы канец, чым бясконцы жах. Перасохла ў роце. Ён падышоў да аўтамата, каб напiцца. Але газiроўкi чамусьцi не было.
- Просiм прабачэння, - сказаў, тройчы мiргнуўшы зялёнай лямпачкай, аўтамат. - Праз дзве хвiлiны сорак пяць секунд будзе дазапраўка. Пачакайце. Ды Гай, махнуўшы рукою, сеў на таксi, папрасiў шафёра як найхутчэй ехаць у Менск. Шльгалi за акном чырвоныя i зялёныя катэджы, купкi дрэў, акуратныя лужкi. З прыёмнiка неслася меланхалiчная песня, "цвiк сезона":
Не кружы, зязюля, над чужым гняздом.
Пабудуй, зязюля, свой уласны дом.
Бач: пасля дасвецця
Зноў плыве iмгла.
Цяжка тваiм дзецям
Без твайго крыла.
"Клён, сынок, - думаў Гай, - хутчэй бы ўбачыцца з табою".
Раптам песня перарвалася.
- Увага, - строга сказаў металiчны голас. - Гаворыць Штаб грамадзянскай абароны горада Менска. Просiм усiх мiнчукоў заставацца дома, не выходзiць на вулiцы. Праверце, цi ў зборы ўсе члены вашых сем'яў, асаблiва дзецi, зачынiце дзверы i вокны, не стойце на балконах, нi ў якiм разе не пускайце ў кватэры незнаёмых асабiста вам людзей. Помнiце: гэта можа быць агентура СЦ. У горадзе пачалiся баi. Па папярэднiх звестках, Серабранка i Чыжоўка захоплены атрадамi Старой Цывiлiзацыi i робатамi з аўтамабiльнага завода, якiя далучылiся да iх. Атрады СЦ, выкарыстоўваючы агнямёты, па лiнiях метрапалiтэна хочуць прабiцца ў цэнтр горада. Баявiкi Старой Цывiлiзацыi знешне вельмi падобныя на людзей. Рознiца ў тым, што ў час мiмiкрыi прайшоў дэфект, i на пальцах рук i ног яны не маюць пазногцяў. Помнiце: у iх няма пазногцяў. Асцерагайцеся людзей у пальчатках i рукавiцах, патрабуйце, каб яны неадкладна здымалi iх. Тых мiнчукоў, хто ў гэтыя хвiлiны слухае нас за рулём аўтамабiля, просiм прыехаць на чыгуначны вакзал i аўтавакзал. Там працуюць паходныя лазарэты для параненых i будзе патрэбна ваша дапамога.
- Едзьце на чыгуначны вакзал, - усхвалявана сказаў Дубровiч таксiсту.
Той згодна кiўнуў галавой, павялiчыў хуткасць, i раптам Гай убачыў у яго на руках белыя пальчаткi.
Кроў зазвiнела ў галаве, пачала, здаецца, ламаць скронi.
- Што гэта? - спытаў Гай.
- Вы аб чым? - не зразумеў таксiст.
- Спякота, а ў вас на руках пальчаткi.
- Ну й што? Мне так падабаецца, - усмiхнуўся таксiст, але вочы былi напружаныя, суровыя.
- Неадкладна здымiце, пакажыце свае рукi. Я хачу iх убачыць.
- А я цябе, жлоб, хачу ўбачыць у труне ў белых тапках, - адказаў таксiст i раптам, кiнуўшы руль, схапiў Гая за горла.
Дубровiчу ўдалося вывернуцца. Усiм целам ён падаўся назад, але вялiкiя рукi ў белых грубых пальчатках цягнулiся да яго.
"Зараз машына загрымiць у кювет, - падумаў Гай. - Не ведаю, што застанецца ад гэтага пярэваратня. Ад мяне ж - адны костачкi".