Валянцін нават вынайшаў забаўную гульню, аб якой ведалі адно ён і ліфт. Калі той, злёгку вібруючы, пачынаў глытаць паверхі, Валянцін у думках падахвочваў яго: «Вышэй! вышэй! вышэй!», аднак у апошні момант, калі ліфт крыху збаўляў хуткасць, нібы чакаючы яшчэ аднаго, галоўнага «вышэй!», Валянцін паспешліва загадваў: «Стоп!» — і выходзіў на сваёй пляцоўцы, адчуваючы, што сэрца б'ецца трохі часцей, чым зазвычай.
Яму было смешна ад сваёй нерашучасці, ад таго, што ён — як быццам гэта не гульня, а якісьці надзіва важлівы крок — не можа пераадолець прыдуманага самім сабой бар'ера, які вабіў і ўадначас чамусьці палохаў. Тут было нешта ад знаёмага кожнаму прыцягнення стромы. Гэтае нявымаўленае «вышэй!», за якім нібыта хавалася нейкая магчымасць, дзень пры дні надзіла яго ўсё мацней і мацней.
I аднойчы, калі ліфт ужо збіраўся выпусціць яго, як заўсёды, на дзевятым паверсе, Валянцін, перамагаючы сябе, загадаў: «Вышэй!» і...
Здарылася неверагоднае: ліфт плаўна пайшоў далей.
Некалькі тамлівых імгненняў ён адлічваў ціхімі пстрычкамі няісныя паверхі і нарэшце, шчоўкнуўшы астатні раз, спыніўся. Дзверы са звыклым гудам пачалі разыходзіцца. Валянцін заплюінчыўся, як у маленстве, калі «жаўнерыкам» кідаешся з высачыні ў ваду, скамандаваў сам сабе: «Тры-чатыры!» —і ступіў наперад.
Ён стаяў каля дзвярэй уласнай кватэры. Усё было знаёмым і звычным: надрапаны на сцяне пацешны чалавечак з рукамі і нагамі-растапыркамі, блакітная дзіцячая каляска суседзяў, нават механічна схоплены зрокам уранні кавалачак апельсінавай лупіны пад нагамі. I ўсё ж нешта было не так.
Яго ключ, несумненна, падыходзіў да гэтых дзвярэй, але гэтаксама цудоўна Валянцін ведаў і тое, што яму могуць адчыніць з пярэдняй. Ён адчуваў няясны неспакой, штосьці нібыта засцерагала яго, аднак, зрабіўшы першы крок насустрач невядомаму, ён не хацеў спыняцца на паўдарозе. Ён падняў руку і рашуча націснуў на гузік званка.
На парозе стаяў высокі русявы хлопец з пісягам цераз левую шчаку. Хлопец быў надзвычай знаёмы, хоць Валянцін ніяк не мог згадаць, дзе яны сустракаліся.
— Заходзь,— стрымана запрасіў русявы.
Перш-наперш Валянцін падышоў да акна. Вачам адкрыўся той самы двор, убачаны з вышыні дзевятага паверха. Воддаль графічна ўштукоўваліся ў блакіт сталёвыя карункі тэлевізійнай вежы.
Такім чынам, ён быў дома. Аднак у пакоі адбыліся змены. Валянцін засяродзіўся і зразумеў: з кніжнай шафы насустрач яму не свяцілася Вадзімава ўсмешка. Фота кудысьці знікла.
— Сядай,— русявы паказаў на крэсла.
Валянцін сеў і пільна ўгледзеўся ў чалавека, які быў за гаспадара яго кватэры. Калі б не пісяг і не прыцярушаныя ранняй сівізною скроні, ён мог бы прысягнуць, што гэта...
— Ты не памыліўся,— прачытаў яго думкі русявы.— Мяне завуць Валянцін.— Ён працягнуў Валянціну пачак «Арбіты».
— Дзякуй, не куру,— машынальна адказаў Валянцін.
Русявы прыкурыў ад запальнічкі і зацягнуўся.
— Пачакай,— ачомаўшыся, сказаў Валянцін.— Значыць, ты — гэта я і наадварот?
— Але. Хоць такое сцверджанне будзе не зусім дакладным. Ты, напрыклад, не курыш...
Увагу Валянціна забрала кніжка на часопісным століку. Гэта было яго «Узыходжанне». Чамусьці захацелася адшукаць верш, прысвечаны Вадзіму, лепшае, што было ў зборніку. «Сорак восьмая старонка»,— паслужліва падказала памяць. Аднак у патрэбным месцы ён уражана прачытаў дзіўныя незнаёмыя радкі:
А можа, побач з намі іншы свет
У часе на адлегласці імгнення,
I, можа, іншы ты у ім жывеш...
Валянцін перавёў недаўменны позірк на суразмоўніка.
— Гэта твая кніга,— сказаў русявы.
— Але я ніколі не пісаў гэтых радкоў...
— Так,— пагадзіўся русявы.— Справа ў тым, што мы з табой былі адным чалавекам толькі да пэўнага моманту, а потым нашы...,— ён памарудзіў, падбіраючы словы,— нашы шляхі разышліся.
— Да якога моманту? — Сэрца сціснула незразумелая глухая трывога.
Замест адказу хлопец з пісягам зірнуў на гадзіннік.
— У цябе яшчэ знойдзецца хвілін пятнаццаць?
— Валянцін кіўнуў.
Русявы рабіў зацяжку за зацяжкай. Цяглівае маўчанне парушыў Валянцін:
— Адкуль у цябе гэта? — дакрануўся ён да шчакі. Русявы збіў попел, і Валянцін заўважыў, што яго пальцы ледзь прыкметна дрыжаць.
— Ты памятаеш Памір? Пяць гадоў таму.
Валянцін скалануўся.
Хіба мог ён калі-небудзь забыць?
...Яны паклалі насілкі пад пагрозліва навіслай скалой і ніцма пападалі вакол. Іх было пяцёра: дзве дзяўчыны, ён, Вадзім і Ігар, які раз-пораз ціха стагнаў, не вяртаючыся да прытомнасці. Ігару тэрмінова патрэбен быў доктар. Яны неслі Ігара па чарзе, апошнюю сотню метраў мяняючыся праз некалькі крокаў, і цяпер зразумелі, што не паспеюць, бо ў цемры спуск па ледавіку ў іхнім становішчы быў самагубствам. А ў лагеры будуць думаць, што яны заначавалі ў пячоры на трэцяй пляцоўцы і ў іх усё ў парадку. Разлічваць даводзілася толькі на ўласныя сілы. А іх не было. Нават на тое, каб адхінуцца ад калючага снегу. Адна думка, што трэба ісці, яшчэ мацней прыціскала да гэтага пятачка, затуленага скалой ад пранізлівага ветру. Яны ляжалі, а сонечны дыск вось-вось павінен быў укалоцца аб барвовыя ў яго промнях вяршыні Двухгаловага Шайтана.