Анатоль Лукіч — за дырэктарскім сталом, заціснуўшы шарыкавую ручку ў кулаку. Пэўна, нейкі загад хацеў напісаць. У куточку Раіса Пятроўна прыткнулася. Аберуч класны журнал трымае. Нават сплючы з рук не выпусціла. Адразу каля дзвярэй — два Іваны, як мы называем іх: Іван Макаравіч і Іван Фаміч. Іван Макаравіч — матэматык, а Іван Фаміч працу вядзе. Ляжаць поплеч, ні аб чым не дбаюць. А вунь Іна Аляксандраўна, настаўніца мовы і літаратуры, і Ігар Аляксеевіч, настаўнік фізкультуры. За вочы мы іх называем Ігар і Іна. А яшчэ: жаніх і нявеста. Яны самыя маладыя настаўнікі ў нашай школе, першы год, як інстытуты закончылі. Людзі ў вёсцы кажуць, што яны заяву ў сельсавет падалі, вось-вось жаніцца павінны. Паклаўшы на баян галаву, тоненька свішча ў нос настаўнік спеваў Багданчук Андрэй Сямёнавіч, ці скарочана БАС.
Мы стаялі, не варухнуўшыся. Нам здавалася, што настаўнікі прытвараюцца, што разам з гэтай дзіўнай Бабай Ягой за нос водзяць. «Зараз устануць, — думалася, — і ўся гэтая камедыя скончыцца». Баба Яга як адгадала нашы думкі.
— Не бойцеся. Яны не прачнуцца.
Каб даказаць гэта, яна ступіла крок наперад і… пацягнула Анатоля Лукіча за вус. Ён нават галавы не павярнуў.
Баба Яга засмяялася:
— Ну, хто з вас за вус яго патузае?
Чамусьці зірнула на мяне. Я апусціў вочы. Не, ніколі не падымецца мая рука. Сам не разумеў, чаму, але падобнага не мог сабе дазволіць.
— Спалохаліся? Ніхто вас не пакарае. Не бойцеся. Дырэктар, мабыць, цягаў вас за вушы? А вы яго за вус.
Наперад выступіў Сяргей Мазоль.
— Не лезь! — схапіў яго за плячо Дзіма Клімовіч.
Сяргей скрывіўся:
— Баліць. Пусці, мядзведзь.
— Адпусці, — зыркнула вачамі Баба Яга.
— Пусці, — гучна сказаў я Дзіму. — Калі што, мы пакажам яму куды Макар цяляты ганяў.
Сяргей падышоў да стала.
— Цягаў цябе дырэктар за вушы? — спыталася Баба Яга.
— Іна Аляксандраўна адзін раз пацягнула.
— Дык і ты яе пацягні. За нос, напрыклад. Адзвядзі душу.
— Ой! — войкнулі Света і Іра.
— Пацягні, пацягні, — падахвоціла Сяргея Баба Яга.
— А мне зусім не балела. У Іны Аляксандраўны пальчыкі тоненькія, далікатныя. Мне нават прыемна было. Я тады знарок пачаў дурэць. Каб яшчэ раз пацягнула.
— Малайчына, — неспадзявана пахваліла Сяргея Аня.
А Баба Яга скрывілася і носам зачмыхала.
— Як вожык, — засмяяўся Андрэй Налівайка.
— Чаго ты наперад вытыркнуўся? — яна злосна паглядзела на Сяргея.
— Я хацеў сказаць табе, што непрыгожа чужых мужчын за вусы цягаць. Ты ўсё-ткі жанчына.
— У клас, кыш у клас! — замахала рукамі Баба Яга.
Мы дружна высыпалі з настаўніцкай.
— Я ката пакармлю. Крыху пачакайце, — крыкнула наўздагон Баба Яга.
Ціха, без гоману, мы селі за парты. Неяк пагана было на душы. Здавалася б, радуйся: настаўнікі вучыць не прымушаюць, у дзённікі хутка пяцёркі пасыплюцца, дома можна гуляць, колькі захочацца, а ўсё роўна смутна на душы. Падобнага мы ніколі не адчувалі.
— Да чаго дайшлі! — першай парушыла маўчанне Аня Бялько. — З нячыстай сілай звязаліся! Я адчувала, што так выйдзе. Прывыклі бібікі біць. Бокам нам гэта вылезе.
— Сёння ў маёй бабулі дзень нараджэння, — прагаварыў Пеця Тарасевіч. — Я да ўсіх урокаў падрыхтаваўся. Хацеў яе сапраўднымі пяцёркамі парадаваць.
— І я ўсё вывучыла, — прызналася Света Мялешка. — Набралася цярпення і вывучыла.
— Пусціла нам Баба Яга туман у вочы! — усхапілася Іра Кавалевіч. — Нам са Светай на абласным конкурсе трэба выступаць. Нам трэба песню з Андрэем Сямёнавічам парэпеціраваць. Што рабіць? Засыплемся.
— Вы толькі пра сябе думаеце, — накінуўся на яе Дзіма Клімовіч. — Рэпеціраваць, рэпеціраваць… У артысткі захацелася! Не думаеце, што ў Андрэя Сямёнавіча сын у інстытуце вучыцца. Хто яму дапаможа?
— А хіба я адна вінавата, што ён заснуў? — заплакала Іра Кавалевіч.
Я сядзеў і скроб патыліцу. Нядобра выйшла. Такога і ў самым горшым фільме не прыдумаеш. І навошта мы згадзіліся адзнакі наадварот атрымліваць? Вось Іра марыць удала на конкурсе выступіць. І ў мяне ёсць мара. Я хачу стаць паэтам. Мае вершы Іна Аляксандраўна ў раённую газету насіла. Праўда, не прынялі. Сказалі, што рыфма сырая. Дык Іна Аляксандраўна паабяцала мне, што дапаможа выправіць рыфму. А цяпер?…
— Хлопчыкі! Дзяўчынкі! — усклікнула Света. — Наш Ігар і наша Іна праз тыдзень павінны ў сельсавеце распісвацца. Ігараў бацька дзядзька Аляксей усяго на вяселле панакупляў. А мой брат шаферам у іх. Што будзе! Што будзе!
Света нават рукамі ўспляснула.
— Жаніцца, жаніцца… Пляцеш глупства, — не вытрымаў Андрэй Налівайка. — А вось што з нашай школай будзе? Яе яшчэ ў мінулым годзе збіраліся закрыць, бо вучняў мала. Цяпер абавязкова закрыюць. Няма настаўнікаў. Спяць. Другіх да нас не прышлюць. Мая мама казала, што ў другі раён пераедзем, калі школу закрыюць. А я не хачу ў другі раён. Я армію адслужу і назад вярнуся. Я тут прывык жыць.