Але такiя гульнi напраўду вымагалi не столiка ў кавярнi, а патайных пакояў, i мы пераключалiся на iнквiзiцыю. Распрацоўваўся сюжэт, калi я кахаў цябе, а ты адказала ўзаемнасцю iншаму i я, аслеплены рэўнасцю, страчыў данос, што ты кахаешся з д'яблам, якi з'яўляецца да цябе ў спачывальню, набываючы аблiчча чорнага ката з хвастом, што можа тройчы абкруцiць цябе вакол талii. Ты чытала "Молат ведзьмаў", а таму даволi ўпэўнена пачувалася ў ролi падследнай, калi на допыце я змушаў цябе даць падрабязнае апiсанне вядзьмарскага шабасу.
Вiдаць, ты заявiш пратэст супроць таго, што я зноў адступаю ад пратакола, ды я ўсё ж успомню "Тытанiк". Гэтую гульню мы вынайшлi, пагартаўшы ў скульптара Колi замежны альбом з малюнкамi i фотаздымкамi славутага параплава, ягоных пасажыраў, кают, палубаў i рэстаранаў. Гульню, у якую мы гулялi ў нашай каюце, i толькi потым падымалiся на палубу кавярнi, дзе панаваў спако
Не буду спрачацца, iдэя належала табе, i я прыняў яе адразу - ты яшчэ не паспела пакiнуць у попелцы першы, патушаны з тваёй нязменнай дзiцячай стараннасцю недакурак. Памятаецца, я казаў табе, што, калi ты курыш першую цыгарэту, твар у цябе робiцца летуценным i адстаронена-незнаёмым - толькi крыху, але дастаткова для таго, каб выглядаць не тваiм, а - тваёй сястры-блiзнючкi, у якой усё такое самае i разам з тым - не. Падобнае ўражанне ўзнiкала i тады, як, сцiшыўшыся пасля апошнiх ласкаў, ты з лёгкiм уздрыгам мякка падала ў кароткi сон, а я, вартуючы яго, касавурыў вока на тваю галоўку, што ляжала побач на падушцы.
Iдэя была генiяльна простая: калi ўспамiнаць нашу кавярню, дык адну яе без усякiх прадмоў, эпiлогаў i розных лiрычных адхiлаў кшталту першай ранiцы, у якую мы прачнулiся абняўшыся, але бязгрэшныя, як пяцiкласнiкi, бо ў астатняе iмгненне ты, быццам жнiвеньская жужэлка, абавязкова прымудралася выслiзнуць. Альбо кшталту кладак над возерам з пахмурным найменнем Люхава, нават уначы насычаных сонечнай энергiяй, кладак i слоiка са светлякамi, чыё зеленаватае мiгценне зусiм не здавалася халодным...
Але мы дамовiлiся гаварыць выключна пра кавярню. Як на школьных уроках лiтаратуры: адзiнства часу, месца i дзеяння.
Пра кавярню, што яшчэ не выветрылася з памяцi жыхароў трох куртатых вулачак, якiя насуперак усялякай логiцы ацалелi ад сярэднявечнага прадмесця. У цесных дварах з арэлямi i абымшэлымi альтанкамi вам пацвердзяць: насупраць тралейбуснага прыпынку, там, дзе цяпер салон iталiйскага абутку, тады сапраўды была кавярня.
Да таго дня, калi мы ўпершыню не праехалi мiма, а зайшлi i селi за столiк пад пастэльным восеньскiм пейзажам з парушанай перспектывай, схаваная пад шклом стандартная шыльда з дзвярэй кавярнi ўжо знiкла: цi то не задаволiла эстэтычны густ новага гаспадара, цi то яму падалася неарыгiнальнаю назва, а найверагодней - i адно, i другое. Мiж тым новай шыльды так i не павесiлi, i неўзабаве хтосьцi вывеў на глухой бакавой сцяне стары назоў - спачатку крэйдай, а потым, паўзверх, нiтрафарбаю з балончыка. Смарагдавыя лiтары на шэрай асноведзi глядзелiся, па-мойму, не горш за малахiтавы кулон на тваёй купленай у краме "Sесоnd hаnd" папялястай кофтачцы...
Некалi я пiсаў фантастычныя апавяданнi, i адно з iх мела сюжэт пра вынаходнiка апарата, якi - быццам з грамафонавай кружэлкi цi з магнiтафонавай стужкi - умеў "счытваць" галасы з рэчаў, што былi сведкамi нейкiх размоў i падзеяў. У апавяданнi адбылося забойства, раскрыць якое дапамагло звычайнае кухоннае крэсла.
Не, у кавярнi, як табе вядома, нiкога на нашай памяцi не забiлi, аднак ты ўявi, колькi маглi б распавесцi яе расхiстаныя сiнiя крэслы. Праўда, у нашым выпадку ўсё наадварот: крэслы даўно згарэлi на звалцы, а мы зараз уваскрасiм iх разам з ненадзейнымi спiнкамi i парэзамi, адкуль прасiўся на свет жоўты паралон набiўкi. Потым мы адновiм дрогкi кутавы столiк i брунатную, чыста выцертую стойку ў процiлеглым канцы маленькае, усяго на пяць столiкаў, залi. За стойкай зоймуць свае месцы рослы румяны бармен, падобны да зробленай добрым майстрам-чырванадрэўшчыкам шафы, i ягоная круглявенькая здобная памочнiца; яны няблага разумелi па-беларуску, прынамсi, ведалi, што такое кiлiшак, i нiколi не блыталi каву з какавай.
У той дзень, калi я не здолеў прыдумаць табе бiяграфii...
Так, гэта ўжо за межамi нашае дамовы, але, пагадзiся, каб не мая бяскрыўдная гульня, ты не сядзела б сёння ў фатэлi каля вакна i не казала, што трох пляшак белага сухога вiна якраз дастаткова - не дзвюх i не чатырох, а мяноўна трох.
Значыцца, ты згодная: зробiм выключэнне. Я маю на ўвазе не вiно, а гiсторыю нашага знаёмства. Праўдзiвей - ягоную тэхналогiю.
Ты не забыла, мы пазнаёмiлiся дзякуючы маёй звычцы складаць чужыя бiяграфii. Аб'ектам эксперыментаў амаль кожны раз былi жанчыны. Па-першае, яны хутчэй заводзiлi ўяўленне, а, па-другое, самi абставiны, калi без дазволу жанчыны ўступаеш з ёю ў кантакт, стваралi падтэкст зваблiвай шматварыянтнасцi.