– Гуманізм, які б'юць і справа і злева, – буркнуў Грыма. – Зноў тое самае.
Але гарбун, відаць, не заўсёды трымаўся таго правіла, што людзям трэба дараваць, нават калі яны кусаюць за ногі. На ягоныя вусны ўспаўзла павольная разумная ўсмешка.
– Самае дзіўнае, што ніхто не выступіў супраць маёй паэзіі ў каралеўстве, у Польшчы. Лаюцца толькі тыя, каму гэтая справа павінна была б стаць блізкай, нашы паны. Больш ваююць за Польшчу, чым самі палякі. Відаць, таму, што ніколі iм не быць ні беларусамі, ні палякамі, ні немцамі, хоць яны схільны быць і тым, і другім, і трэцім.
– Зразумейце, пане Марцінкевіч, – сказаў Ходзька. – Я не супраць гэтага як рэдкасці, як своеасаблівага рарытэту. Але ж гэта наследаванне нязграбных тутэйшых песняў... Ці варта паўтараць тое, што памрэ.
І тут Алесь убачыў, як гаротна затрэсліся вусны інтэлігентнага каротказорага чалавека, які дарма намагаўся схаваць за кавай сваю разгубленасць і ніякаватасць.
– Я таксама gente albarutenus natione polonus[75]
, – сказаў Манюшка. – Мяркую, нядрэнны паляк. Мне добра быць палякам. Але я ніколі не дайду да думкі, што быць палякам – азначае душыць астатніх. Быць палякам – гэта, хутчэй, змагацца за шчасце астатніх. I вы дрэнна цяміце ў музыцы, пан Ходзька, калі ганіце тутэйшыя песні... Гэта ўжо я магу вам заявіць.На твары чалавечка на хвіліну з'явіліся рысы вышэйшай адухоўленай прыгажосці.
“А мо сапраўды бог?” — падумаў Алесь.
– Яны, песні, не хочуць быць рарытэтамі. Яны звіняць, смяюцца, плачуць. Нават уначы, у сне, я чую іхнія галасы. Я ад Польшчы, я і ад іх.
І нібыта звяў. Зноўку сеў, не ведаючы, куды падзець рукі. Манюшка i Дунін-Марцінкевіч пераглянуліся. Гарбун усміхнуўся, схіляючы галаву.
– Што ж, – спытаў Ходзька, – замест Чымарозы смярдзючы мужык?
– Я з мужыкоў, – сказаў Каратынскі, – будзеце злоўжываць гэтым – скончыцца дрэнна.
– Што ж, – сказаў Ходзька. – Шлях натуральны. Замест культурнага, памяркоўнага гаспадара – п'яны кат з бузуном.
– Мы не хочам ні ката, ні гаспадара, – сказаў Грыма. – Мы хочам волі.
– А атрымаеце бізун... Вам далі магчымасць часова развіваць сваю гаворку. Бо вы – наш фарпост. Але тое, што робіцца тут, – гэта ўжо занадта. Пісаць на ёй? Называць сябе быдлячым iмeм? Калі мы дазволім такое – вас самнуць.
Алесь адчуў, што ў яго звініць у галаве ад гневу.
– Мы, здаецца, пачыналі спрэчку з вамі?
Ходзька з цікавасцю глядзеў на шэравокага маладога чалавека.
– Кажыце далей, – памяркоўна дазволіў ён.
– Нам не трэба нічыйго дазволу на тое, каб дыхаць, – перахопленым горлам сказаў Алесь. – А пісаць і гаварыць на сваёй мове гэтак натуральна, як дыхаць. – Ён павысіў голас. – Мы не хочам быць нічыім фарпостам. Чым слова “магнат” лепшае за слова “барын”? Досыць, панюхалі.
І тут Ходзька ўсміхнуўся, нібы намацаў у абароне хлопца трэшчыну.
Алесь бачыў вочы гарбуна, арганіста, Сыракомлі. Ва ўcix гэтых вачах жыла трывога. А Ходзька падаўся галавой наперад i цixa працадзiў:
Хіба не стала нашаму мужыку горш жыць пасля прыяднання да Расіі? Адразу салдатчына, павышэнне падаткаў...
Сыракомля нецярпліва перапыніў яго:
– Ходзька, гэта жорстка!.. У маладога чалавека не столькі ведаў... I ягоныя перакананні...
Алесь узняў руку.
– Не трэба, пане Кандратовіч, – ён усміхнуўся. – Тое, што мне трэба, я ведаю добра. I перакананні ў мяне цвёрдыя i... аб-грун-таваныя, у адрозненне ад пана Ходзькі.
– То стала горш? – настойваў магнат.
Стала горш, – спакойна сказаў Алесь. – Акрамя старых паноў, нас з вaмi, з'явіліся новыя. Прычына гэтай галечы тое, што на ўсе старыя ланцугі павесілі яшчэ адзін, новы – грошы. А грошай у мужыка пры цяперашнім стане быць не можа. У яго адбірае ix тое, што страшней за чуму, вайну, страшней за ўсё на свеце.
Чырвоныя плямы папаўзлі на шчоках у Ходзькі.
Што ж гэта такое, страшнейшае за ўсё? – цixa спытаў ён.
Алесь пабялеў ад хвалявання. А потым у цішу ўпала адно толькі слова:
– Прыгон!
Вочы ў Лізагуба звузіліся.
Стаяла цішыня. Алесь спяшаўся дагаварыць.
– Мы ніколі... – голас ягоны зазвінеў. – Чуеце? Мы ніко-лі не паддамося нi вам, нi немцам, нікому. І не таму, што мы не любім вас, а таму, што кожны чалавек мае права на роўнае шчасце з другім, а шчасце – толькі ў cвaiм доме.
– Панове, – перабіў Кіркор, – панове, уладаю гаспадара забараняю вам гэтую спрэчку.
Гарбун паклаў руку на плячо Алесю, паціснуў.
– У мяне ёсць дачка, Каміла, – сказаў ён. – Бог ты мой, якія вы падобныя!
У доўгай паўзе прагучаў самотны голас Сыракомлі:
– Якая ж гэта нязведаная парасць расце!
... Ён i Манюшка ішлі ў адну дарогу з Алесем i Усяславам, Лізагуб i Ходзька пайшлі асобна, хоць пэўны час ім было і па дарозе.
На рагу Святаянскай i Універсітэцкай Манюшка прытрымаў Алеся i паказаў яму налева, на касцельны гмах.
– Музыку любіш?
– Але.
– То прыходзь сюды. Я ведаю, табе нельга. Але унь там дзверы на хоры. Прыходзь падчас імшы i проста так. Я там часта. Музыка, князь, не ведае розніцы вераванняў.
Сыракомля маўчаў усю дарогу. Ягонае, маладое яшчэ, тонкае аблічча выглядала на хворае. Ён моўчкі хутаўся ў футра i нагадваў худую зябкую птушку.