Шкада, – сказала Майка.
“Ты ведаеш, – чытаў Алесь, – я тут палюбіў рускіх людзей. Высакародны, харошы народ. І таксама няшчасны, як мы. Я раней іх ведаў па горшых узорах, па жандарах, што да нас панасылалі. Сам ведаеш, добры чалавек на такое не пойдзе, сумленных і шчырых у такім асяроддзі – дарэмна шукаць. А тут прыглядзеўся – лухту гэта на іх нашы панкі, накшталт твайго Лізагуба, вярзуць. І тое праўда, што няма дрэннага народа. Канечне, гэта не яны нас на часткі шматуюць, у пятлю пхаюць, выбіваючы дух. Гэта дзяржава катаў, абрыдлівая, страшная, гнілая. Турма людзей, турма плямёнаў. Жандары, алілуйшчыкі, прадажная погань! З турмы, з турмы гэтай трэба вырывацца, калі хочам жыць. Трэба разумець, што справа ў рондзе[77]
, а не ў народзе. І што калі адасабляцца, то ад яго, а не ад людзей, што самі шукаюць сяброўства з намі. Шмат харошых хлопцаў. І сярод нашых, і сярод палякаў, і сярод рускіх.“Современник” чытаю даволі рэгулярна. І, ведаеш, у жнівеньскай кніжцы новае імя. Памяні маё слова, калі мы не дачакаліся новага свяціла. Ён рускі. Прозвішча – Дабралюбаў. Чалавек, па ўсім відаць, страшэнна памяркоўны, страсны і чысты. Нашы хлопцы ганарацца. Вучыцца ён у педагагічным. Гэта ў будыніне універсітэта. Пад адным дахам. Памятаеш, у Грыбаедава (па тваім спіску цытую):
Есть в Петербурге институт
Пе-да-го-гический – так, кажется, зовут?..
Там упражняются в расколах и в безверьи
Профессоры!
Прафесары “доупражнялись”. Цяпер узнялі голас выхаванцы. Вось яно як!
Пасля напішу аб усім. Перадавай прывітанне бацькам, дзеду, Мсціславу. І, вядома, Майцы. Я люблю яе. Перадай.
Майка паружавела. Варухнула вуснамі.
Во гэта кавалер! Не тое, што ты.
Алесь, нібы не слухаючы, чытаў далей:
”Яна сапраўдная беларуская дзяўчына. І таму, прабач, браце, я не хацеў бы для цябе небяспекі”.
Майчыны шчокі сталі чырвоныя.
Што ты напісаў?
– Напісаў, што мне дарагі свет і ты. Але радзіма мне даражей за ўсё. І калі радзіме маёй дрэнна – мне таксама няміла нічога, акрамя радзімы. Не баліць нічыя бяда, акрамя яе бяды. Я тут не на тое, каб дыгнуць нагою ды сказаць je suis de passaga[79]
. Я тут нарадзіўся і тут спадзяюся памерці.Яна зірнула на яго з павагай.
Урга і Касюнька імчалі па свеце. Снежна-белы і мышастая. А свет вакол быў жоўты ад іржышчаў і хрустальна-сіні ад неба. Сям-там на апошніх лапіках поля жанчыны яшчэ ваявалі з каласамі. Жоўтыя бароды жменяў здрыгаліся і бязвольна клаліся пад сярпом. І тонка-тонка, высока, далё-ока дрыжалі, плакалі ў чыстым паветры празрыстыя крынічкі галасоў.
Бедная мая, – глухім голасам сказаў Алесь. – Бедная мая зямля!
Жаль ахапіў Майчына сэрца. Яна прыстоіла Касюньку да Ургавай рысі і пяшчотна пагладзіла каштанавыя валасы хлопца.
Яна ніколі не ведала, чаго, калі ад яго чакаць. “Нечаканы, як прадзед Акім”, – казаў Вежа. Сапраўды, нечаканы, як удар маланкі. І таму страшэнна прывабны.
Я цяпер ведаю, – сказаў ён. – Ты думаеш, ты дарэмна была барвянай у тым белым пакоі? Не, ты такая і ёсць.
Ён глядзеў на яе дзіўнымі, зусім новымі, вялізнымі шэрымі вачыма. І ёй раптоўна стала страшна.
І валасы ліловыя... Усё ў свеце такое складанае. А мы нічога не ведаем. У ружы, напрыклад, блакітны вячэрні пах. Ён гучыць, як струна віяланчэлі, калі яе кранеш у глухім пакоі. А ў бадзяка, у чартапалоха, пах пярэсты,чмяліны, і ён зусім як басовае “до”.
Незразумелыя вочы, здаецца, бачылі яе да самага дна.
Я твае валасы пахнуць дурманам і таму, вядома, ліловыя.
Коні глыталі шырокі, добры і страшны абшар.
Натоўп дваран ішоў падземным ходам да Раўбічавай камяніцы. Пан Яраш крочыў паперадзе з кандэлябрам у руцэ. Крокі глуха гучалі пад шэрымі, нібы запыленымі, скляпеннямі. Вычварныя чорныя цені кідаліся ва ўсе бакі на кожнай паваротцы.
Ішлі ў маўчанні, якое нават прыгнечвала. Пятнаццаць чалавек не хацелі абмовіцца і словам.
Урэшце пан Яраш сказаў глухім голасам:
Прыступкі, панове.
Пачалі падымацца. Потым Раўбіч адчыніў жалезныя дзверы, і гурма выйшла на дзённае святло, што падала праз закратаванае акно ў вялізнае сутарэнне з каменнай падлогай і скляпенчатай столлю. Востра шыбнула ў твары саладкаватым серным смуродам. На сталах стаялі колбы, рэторты, палаў у саганах агонь. Лёгкі дымок цягнуўся пад выцяжны каўпак.