– Цікава толькі, якія ж гэта ў іх дзеці будуць? Крый божа, калі як шахматная дошка... квадратамі... Га?
– Такія не будуць.
– Ну то тады і добра... Будзе мне занятак на старасці год.
Яны набліжаліся да падлеткаў, якія стаялі асобна. Клейна падышла бліжэй за ўсіх і ўтаропіла ў хлопцаў пільны позірк.
– Гэты, – пасля імгненнага роздуму паказала яна кійком на Алеся. – Вочы матчыны, a позірк твой. Толькі, прабач, без тваёй цяперашняй спакайнаты. Хлопец
Зрабіла рэзкі рух.
– I адпусці. Адпусці адсюль. Асалоды ў гэтым мала, ляжаць на вачах усіх, як мухі ў місцы... Антаніда, віншую цябе. Будзе хлопец. Позірк просты, шчыры, не тое што ў гэтых малімончыкаў яго ўзросту... Ну, давай пацалуемся, Антаніда... A вы, дзеці, марш гуляць... I Яначку з сабой вазьміце. Ды не крыўдзіце яго там. Ён сірата.
Дзяцей і прасіць не трэба было: як чародка вераб’ёў, сыпанулі па сходах.
– Karo яшчэ няма, Georges? – спытала матухна.
– Раўбічаў няма. Кроера няма. Старога Вежы няма.
– Добра. Хай ідуць дзеці, – уздыхнула Загорская.
Алесь бег наперадзе ўсіх. Дзеці абагнулі палац, горку, на якой распараджаўся гарматамі Кірдун, карцінны павільён і спынілісяу гушчары парку, дзе была дзярновая лаўка.
Усе селі. Зялёная сетка святла ляжала на тварах дзяцей.
– Дык як жа вы жывяцё, Ядзвінька? – спытаў Алесь.
Лялечны тварык схіліўся ўніз. Вочы, такія нявінныя і сінія, засаромлена глядзелі на Алеся.
– Я з маці жыву. I з Янкам. У мяне тры старэйшыя браты... Былі тры браты... Два загінулі на вайне... Адзін – хто яго ведае дзе, мне не кажуць. Я апошняя. Ніхто ўжо не чакаў мяне, a я ўзяла ды і нарадзілася. Усе за мяне таму вельмі баяцца. Толькі я не баюся. Я люблю, каб цёпла. Люблю, калі спяваюць. Люблю, каб мне не перашкаджалі. A баюся толькі, калі хлопчыкі злыя... I сабак.
Алесь слухаў гэта з памяркоўнай усмешкай.
– Мы не будзем злыя, – сказаў Алесь. – Праўда, Мсціслаў? I сабакам яе ў крыўду не дамо. Што сабакі. У мяне унь два кані ёсць.
– Сапраўдныя коні? – спытала малая Клейна.
– Анягож.
Дзяўчынка паглядзела на яго з павагай.
– Ну a ты, Янка? – спытаў Алесь.
– Я зусім як яна, – вінавата ўсміхнуўся хлопец, і ўсе зноў здзівіліся, як па-вясковаму, амаль зусім чыста вымаўляе ён словы. – Толькі я не ведаю, дзе мае бацькі.
– Так зусім і не ведаеш? – спытаў Мсціслаў.
– Помню... Слаба... Помню агні... Вакол іх, на ражнах, сушылі рыбу... I зусім не помню бацькоў... Толькі аднаго Кемізі... Напэўна, ён быў мне брат... Не ведаю... I яшчэ помню жаночыя рукі... Нічога больш – адны рукі... Аднойчы з’явіліся крылатыя чаўны... Людзі казалі – “даў”[33]
і паказвалі на іх пальцамі. Дзяцей схавалі, але нас усё адно адшукалі... Усе нашы, акрамя нямногіх, ляжалі на пяску... У Кемізі тырчала ў грудзях палка... Потым нас везлі морам... Потым быў нейкі бераг, і белы-белы пясок, і пячора з крыніцай, куды нас заганялі на ноч. Усё гэта звалася Мангапвані[34], a вартавалі нас людзі ў белых павязках на галаве... Потым я згубіў сваіх, іх не стала... Зноў было мора і потым вялікі горад, дзе мяне зноў купілі... I прывезлі сюды.– Янка, – падаў голас Мсціслаў. – Няўжо гэта ты ад прыроды такі? Можа, гэта проста таму, што ты мыешся не так, як трэба?
– Я мыюся, – уздыхнуў Янка. – Не, тут ужо нічога не зробіш. I спрабаваць не варта.
– Ну і чорт з ім, – сказаў Алесь. – Падумаеш, бяда вялікая.
Яны сядзелі і гаварылі аб розных цікавых рэчах даволі доўга. Потым здалёк, з лагчынкі пад горкай, ударылі чатыры гарматы. Адным залпам.
– Прыехаў нехта, – з неахвотай падняўся Алесь. – Трэба ісці.
– Сядзі-і, – сказаў Мсціслаў.
– Не, брат, трэба. Можа, гэта дзед. Тады не пахваляць.
– Дзеду тройчы стралялі б... Гэта або Раўбічы, або Кроер.
– Усё адно. Трэба ісці.
Калі яны падыходзілі да круга гонару, на ім, ля самай тэрасы, кідалі павады на рукі слугам два чалавекі. Адзін з іх, худы і жылаваты, вельмі пахмуры, быў незнаёмы Алесю. Гэты чалавек злазіў з белай кабылкі павольна, з падкрэсленай стрыманасцю. Ваўкавата глядзелі вочы з-пад калматых брывоў, доўгія, як вiлы, вусы звісалі на зялёны паляўнічы гарнітур.
Затое другога Алесь пазнаў адразу. Ні з чым нельга было зблытаць гэтыя зеленаватыя, як y рысі, вочы пад брывамі пясочнага колеру. Ні ў кога не было такіх учэпістых рук і такіх кашэчых спрытных рухаў.
Жандарскі паручнік Мусатаў уласнай персонай завітаў y Загоршчыну.
Перадаўшы коней слугам, абодва пайшлі па сходах на тэрасу – адзін справа, другі злева, быццам не жадаючы папіраць нагамі адны і тыя ж прыступкі.
Алесь заспяшаўся. Калі дзеці падышлі да Загорскіх, Клейны і Ісленьева, Мусатаў ужо стаяў перад імі. A пахмуры чалавек чакаў наводдаль, муляўся, быццам не адважваючыся падысці.
– Прабачце, мадам, – сказаў Мусатаў. – У мяне справа да іх сіяцельства.
На абліччы Ісленьева з’явілася грымаса пакуты.
– Ну што яшчэ? – спытаў ён.
Матуля, каб не перашкаджаць віцэ-губернатару, звярнулася да бацькі:
– Чаму ж гэта Кроер не едзе?
– Асмелюся звярнуцца, мадам, – шчоўкнуў абцасамі паручнік. – Пан Кроер не прыедзе.
– Чаму? – спытаў бацька.