– Лепей недаесці, як ястраб, чым пераесці, як свіння.
– Намёк? – спытаў Раўбіч.
– Ты што? – сказаў Война. – Не, кум, цябе гэта не тычыцца. Ты таксама не ціхая горлінка, таксама “хищный вран” над гэтай напаўжывой падлай. Гэта не пра цябе. Гэта пра тых, што зажэрліся, што забылі.
Яны глядзелі адзін на аднаго. Прылазнік, асветлены спакойнымі язычкамі свечак, быў някепскай дэкарацыяй: вышараваныя да жаўцізны бярвенні сцен, пучкі мяты пад столлю, шырокія лавы пад мяккімі чырвонымі налаўнікамі, стол, на стале ежа і паліваны збан з чорным півам, а ля стала два насцярожаныя чалавекі.
– Урэшце, хто мяне выручыў, параненага, – сказаў Война, канчаючы есці, – хто падабраў у яры? Хто выхадзіў? Каму ж можа больш верыць Чорны Война.
– А ты не ганарыся, Багдане, – жорстка сказаў Раўбіч. – Я тады не ведаў, што ты Чорны Война. Проста бачыў тваю перастрэлку з земскай паліцыяй. А ў мяне, кумок, з гэтай публікай свае рахункі. Дый, потым… калі шасцёх нападаюць на аднаго – праўда не на іх баку.
– Лыцар, – сказаў Война. – Ты ж глядзі, лыцар, не забудзь папярэдзіць “блакітных”, што мяне бачылі ў наваколлі.
– Папярэджу, – спакойна сказаў Раўбіч. – У мяне таксама ёсць тое, чаго нельга ставіць на карту.
Война скручваў з грубага тытуню цыгарку. Знявечаныя пальцы рухаліся няспрытна.
– Дай я, – сказаў Раўбіч.
– Не трэба. Ва ўсякім разе, адзін палец у мяне здаровы… Той, што кладзецца на курок.
– Война, – сказаў Раўбіч. – Не рызыкуй сабой, Война. Пачакай трошкі. Час надыходзіць. А ты можаш не дажыць. Ты будзеш патрэбен жывы, а не мёртвы. Перасядзі год-два. Месца я табе знайду. Адпачні. А потым я паклічу.
Цень Войнавай галавы адмоўна хіснуўся на сцяне.
– Ты нядрэнны чалавек. Але я кажу – не. Таму, што ты шукаеш сяброў. А сябры прададуць. Чалавек – быдла. У атрадзе з трох – адзін здраднік. І, потым, мне няма часу. Старыя салдаты жывуць, пакуль ідуць. Калі я прысяду – я не ўстану, такая стома ў маіх касцях. Я падаю табе знак і прыходжу сюды, калі ўжо зусім немагчыма. Я сплю тут як чалавек, але потым мне зноў цяжка звыкаць да насцярожаных вачэй, да дажджу, да свайго берлагу… як дваццаць год таму.
Ён апусціў павекі.
– Сёння я раскажу табе нешта, – не вельмі ахвотна сказаў ён. – Ты памятаеш бунт у трыццатым годзе?
– Але. Толькі тады я быў іншы і не разумеў яго.
– А я разумеў. Мне тады было дзевятнаццаць, і я верыў у людзей. Верыў у бунт, у наша паўстанне, у тое, што людзі яму не здрадзяць. Веру я ў гэта цяпер або не – мая справа. Золата самы брудны метал, але з яго робяць шапку, і яе гаспадар з мазгамі каптэнармуса атрымлівае права сядзець на чалавечай пірамідзе, мучыць людзей, якіх ён мазаля не варты. Гарнастай – подлы і хцівы звер, але з яго робяць бялюткую мантыю, і яе гаспадар чамусьці атрымлівае правы шматаваць свой народ і процьму другіх.
Война паклаў на стол цяжкую далонь.
– Я верыў, што астатнія думаюць, як я. Напэўна, таму, што я любіў сваё Прыдняпроўе і верыў, што мае сябры жадаюць яму дабра. А потым пачалося. Перш за ўсё здрадзіла гэтая сволач, Хлапіцкі[49]
. Дыктатар паўстання. Напалеончык… Потым іншыя. Разгул подласці і жывёльнага жаху… Што здзіўляцца, што нас разбілі, што мужыкі нам не верылі. Але я верыў. Праз год я прыйшоў да некаторых сяброў і сказаў, што час пачынаць спачатку. І ўбачыў, што адзін разводзіць капусту, а другі служыць столаначальнікам. Убачыў пустыя ад жаху вочы… А яны ж былі зусім як я. І я зразумеў: яны спыніліся ў нянавісці. Што мне было рабіць? Начальнікі здрадзілі. Сябры дрыжалі. Народ пакорліва цягнуў ярмо. Усё, у што я верыў, было, значыцца, як байка для дурных дзяцей, а мая мара – паламаная цацка.Ён усміхнуўся.
– Я быў малады і гарачы. Адзін дык адзін. І я вырашыў: паўстанне будзе жыць, пакуль буду жыць я. Павінна ж быць праўда!
Цяпер у яго словах гучала наіўная, але цвёрдая гордасць.
– І вось яно жыве. Яны думаюць, што задушылі яго, а яно жыве, дваццаць год гучаць яго стрэлы. Які яшчэ мяцеж трымаўся так доўга?! Таму я і сплю адным вокам, таму сцерагуся. Яно павінна жыць доўга… аж пакуль не падстрэляць мяне. Мне нельга спыняцца. Іначай атрымаецца, што я дарэмна жыў.
Уздыхнуў.
– Часам мне цяжка. Я гляджу здалёк на твайго Стася. Гляджу на тваю Наталлю. На Франса. На Майку… Я люблю дзяцей. Часам думаеш, што супраціўленне ні да чаго не вядзе. Можна кінуць усё і жыць… Але потым я ўспамінаю , як мітусяцца яны ўсе, пачынаючы з Мусатава. Я ўспамінаю, што кожны мой стрэл – гэта поўха тым, з пустымі вачыма… І вось таму мне з табой не па дарозе. Я не магу чакаць.
– Добра, – сказаў Раўбіч. – Я пайду, бо ты зусім засынаеш… Спі спакойна, кум.
– Чаму ж не спаць? Буду спаць. Інсургент спіць, а інсурэкцыя[50]
ідзе.XIII
Калі першая птушка ціўкнула ў хмызах – ёй ніхто не азваўся. І гэта азначала, што быў жнівень і птушкі сталі больш лянотнымі.
Такая, мусіць, халодная раса! Так не хочацца кідаць гняздоўя! Хто гэта там азваўся? Ах, ён няўрымста!.. Хоць бы яшчэ хвіліну! Хві-лі-начку!
Раса сапраўды была халодная. Лісцікі бэзу, густа пакрытыя ёю, здаваліся шэрымі. Шэрае, туманнае прабівалася праз лістоту святло.