Читаем Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц полностью

Аднесла ветрам арэхавы пылок, згінула да наступных надзей і новай вясны вампір-трава, адышлі пярэста-зялёныя "капыцікі марыінай асліхі" — падалешніцы. Прыйшоў пчаліны, касазвонны месяц цвету ліп.

Усё мянялася. Нішто не мянялася толькі ў Загоршчыне.

І вось аднойчы, прачнуўшыся пазней звычайнага ад прыглушанага звону гадзінніка, Алесь адчуў, што нешта не так. Не ўвайшоў Фельдбаўх, не з'явілася ў дзвярах хмурнаватае аблічча добрага Кірдуна.

І хлопец на нейкую хвіліну адчуў сябе самотным і пакінутым на волю лёсу. Толькі на адну хвіліну, бо ў наступны момант ён успомніў, што прыйшоў той дзень і з ім, магчыма, нейкая воля, магчымасць быць хоць трошкі гаспадаром самому сабе.

На гэта намякала адзенне, вольна раскладзенае на спінцы крэслаў, і тое, што дзверы ў ванны пакой былі адчынены, — рабі сам, што хочаш. З асалодаю ўспомніўшы гэта, ён пацягнуўся і раптам, быццам кім падкінуты, сеў на ложку.

За акном пачуўся гулкі гук. Аднекуль з-за дома, з берага паркавага стаўка, ударыла гармата. Потым другі раз… трэці… восьмы… адзінаццаты.

Дзверы расчыніліся рэзка, як быццам таксама ад удару гарматы. На парозе стаяў пан Юры, белазубы, загарэлы. Махровы персідскі халат расхінуўся на грудзях. Ад усёй постаці, ад хвалістых густых вусоў, ад сініх смяшлівых вачэй так і веяла здароўем.

— Паставіць на ногі лайдака-князя, — грозна рыкнуў бацька. — Лайдак-князь спіць і не ведае, што яго чакаюць вялікія справы.

Алесь не паспеў спахапіцца, як дужая мужчынская рука рванула коўдру і бліскавічна, асабліва гучна ляснула па мяккім месцы.

— Stehe auf, — грымныў бацька, на хвiлiну так удала ўдаючы Фельдбаўха, што аж страшна стала. — Eine auβerordentlich perfekte Fürterhalbwüchsigerverrichtung ist keine Bettharrung auf'ne Vonsichselbstvollziehung, nüch?[19]

І сцягнуў сына за нагу з ложка.

— Мыцца, мыцца разам.

У ванным пакоі, ля глыбокага басейна, бацька скінуў халат і пантофлі, і толькі тут старонні заўважыў бы, як яны падобны, пан Юры і Алесь. Хлапечыя, але моцныя формы сына абяцалі з часам зрабіцца падобнымі на гладкія і магутныя формы бацькі.

Бацька нечакана злавіў яго і, прыўзняўшы, так спрытна кінуў галавою ў басейн, што Алесь колам перавярнуўся ў вадзе.

— Адмірал, чалавек за бартом! — крыкнуў бацька, затым услед пляснуўся у блакітную ваду і схапіў сына за пятку. — Купанне Ахіла пачынаецца. У ролі маткі героя князь Юры Загорскі.

…Пасля купання яны апрануліся ў суседнім пакоі, і гэта было вельмі падобна на маскарад, бо абодва апранулі ўзверх батыставых сарочак з карункавай грудзінай і вузкіх нагавіц да калень яшчэ і шырокае мясцовае адзенне, што чакала дзесяцігоддзямі падобных выпадкаў, лежачы ў скрынях паміж лісцяў дарагога турэцкага тытуню.

Бацька ўсклаў на сябе суконны паднізень вішнёвага колеру, а паўзверх яго чырвоную, тканую золатам чугу, крэкчучы нацягнуў малінавыя боты і чырвоныя замшавыя пальчаткі. Потым сын памог яму абкруціць вакол таліі залататканы слуцкі пояс. Бацька прыціснуў канец пояса далонню на жываце і павольна круціўся, сочачы, каб пояс лёг гожымі складкамі.

Цяпер прыйшла чарга Алеся. Ён таксама нацягнуў боты, толькі белыя. Пасля замест паднізня бацька накінуў на яго шырокую белую кашулю з адным плячом, — на другім яе закалолі сярэбранай фібулай. Паўзверх кашулі пан Юры, па-мужску няспрытна, апрануў сына ў вузкую белую чугу, такую самую, як і ў самога, толькі тканую серабрыстымі і блякла-залацістымі травамі.

— Велікародныя гаспадары Загорскія, князі Сухадола і Вежы збіраюцца на вайну.

— Куды на вайну?

— Вядома куды. На аршанскае поле.

— Каго біць?

— Там скажуць!

— А за што?

— А так, — сказаў бацька. — Без дай прычыны. Каралеўскі загад.

Святочныя, яны выйшлі на тэрасу, дзе іх чакала маці з маленькім Вацлавам, гувернёры і некалькі слуг на чале з Кірдуном. Маці і Вацлаў былі ў звычайных святочных адзеннях з белага індыйскага мусліну і карункаў, гер Фельдбаўх у сурдуце, месье Жано — у зграбным чорным фраку.

Затое слугі, падобна гаспадару з сынам, былі таксама ў старой паюцкай вопратцы.

Маці прывіталася з сынам і ўстала за мужчынамі. Усе пачалі спускацца з тэрасы. Алесь ішоў, апусціўшы вочы, калі раптам нешта неўсвядомленае прымусіла радасна задрыжаць яго веі.

Ён ускінуўся — перад ганкам стаялі ў святочных уборах Кагуты: Міхал, дзед Даніла, Андрэй, Кандрат, Павал, Юрась. Толькі Марылі не было ды старэйшага Стафана.

Кінуўся быў да іх — бацькава рука ўладна сціснула плячо.

Кагуты стаялі моўчкі. Ніхто з іх не глядзеў на пана Юрыя; толькі на Алеся глядзелі ўсе. І Алесь, адчуваючы амаль фізічны боль у сэрцы, ішоў да іх.

Толькі наблізіўшыся, ён ўбачыў, як моцна яны цяпер адрозніваюцца ад яго, які высахла-белы стары Даніла, якая ссутуленая, прыгнутая цяжарам зямлі, спіна ў Міхала, якія нязграбныя рухі ў сыноў, быццам спуджаных святочнай вопраткай і дзівоснымі абставінамі. Усе яны хавалі вочы. Толькі Паўлюк, здзіўлена і нават неяк адчужана, глядзеў на паніча.

Кірдун з аброццю на плячы зайшоў перад панамі і стаў твар у твар з Міхалам.

Ён працягнуў адзін канец аброці Міхалу, другі — пану Юрыю.

— Дзе тая аброць, на якой ты вадзіў гэтага стрыгуна? — спытаў Халява.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Вечер и утро
Вечер и утро

997 год от Рождества Христова.Темные века на континенте подходят к концу, однако в Британии на кону стоит само существование английской нации… С Запада нападают воинственные кельты Уэльса. Север снова и снова заливают кровью набеги беспощадных скандинавских викингов. Прав тот, кто силен. Меч и копье стали единственным законом. Каждый выживает как умеет.Таковы времена, в которые довелось жить героям — ищущему свое место под солнцем молодому кораблестроителю-саксу, чья семья была изгнана из дома викингами, знатной норманнской красавице, вместе с мужем готовящейся вступить в смертельно опасную схватку за богатство и власть, и образованному монаху, одержимому идеей превратить свою скромную обитель в один из главных очагов знаний и культуры в Европе.Это их история — масшатабная и захватывающая, жестокая и завораживающая.

Кен Фоллетт

Историческая проза / Прочее / Современная зарубежная литература
Николай II
Николай II

«Я начал читать… Это был шок: вся чудовищная ночь 17 июля, расстрел, двухдневная возня с трупами были обстоятельно и бесстрастно изложены… Апокалипсис, записанный очевидцем! Документ не был подписан, но одна из машинописных копий была выправлена от руки. И в конце документа (также от руки) был приписан страшный адрес – место могилы, где после расстрела были тайно захоронены трупы Царской Семьи…»Уникальное художественно-историческое исследование жизни последнего русского царя основано на редких, ранее не публиковавшихся архивных документах. В книгу вошли отрывки из дневников Николая и членов его семьи, переписка царя и царицы, доклады министров и военачальников, дипломатическая почта и донесения разведки. Последние месяцы жизни царской семьи и обстоятельства ее гибели расписаны по дням, а ночь убийства – почти поминутно. Досконально прослежены судьбы участников трагедии: родственников царя, его свиты, тех, кто отдал приказ об убийстве, и непосредственных исполнителей.

А Ф Кони , Марк Ферро , Сергей Львович Фирсов , Эдвард Радзинский , Эдвард Станиславович Радзинский , Элизабет Хереш

Биографии и Мемуары / Публицистика / История / Проза / Историческая проза