Читаем Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц полностью

Невядома, як гэта выйшла, Алесь яшчэ за хвіліну зусім не хацеў гэтага, — але ён стаяў ля Майкі і працягнуў гэтай агіднай зласлівіцы сваю руку… За ім, другой парай, стаялі Франс з Ядвігай, потым — Мсціслаў з нейкай дзяўчынкай, яшчэ і яшчэ пары.

Радасна грымнуў аркестр на хорах, і пацяклі павольныя гукі паланеза.

I тады Алесь, адчуваючы ўласны спрыт і лёгкую сілу, якая раптам наліла ўсё цела, паважна, на пальчыках, пайшоў, павёў даму да дзвярэй y малую залу, якія, зусім па-чарадзейску, самі адчыніліся ў другім канцы вялікай залы.

…Увесь вечар яна была зменлівая, як красавіцкі вільготны вецер — за кожным кутам хаты дастане. Магла сама шукаць яго вачыма і магла не звяртаць увагі на тое, што ён шукае яе. Магла завесці з Мсціславам размову аб тым, якія смешныя інтанацыі ў мове мужыкоў і як яны дзіўна, нязграбна рухаюцца. I хаця гэта было несправядліва, Мсціслаў пакутліва чырванеў за сябра і яшчэ за сябе, бо яна з ім загаварыла, a яму гэта было прыемна.

Алесь з кожным танцам падыходзіў да яе і адразу бачыў, як мяняецца яе капрызны тварык, робіцца пакорлівы і амаль бязвольны: апушчаныя доўгія вейкі, крыху ўсмешлівы рот. Яна ішла з ім y танцы менавіта так, як хацеў ён, a y перапынках зноў расплюшчвала вочы і казала:

— Шкада, што ў дзяцей няма бальных запісных кніжак… О, каб былі!.. На гэты баль y ёй стаялі б дваццаць прозвішчаў — кожны запісваў бы сваё… I я танцавала б увесь вечар з рознымі.

I ён зноў злаваўся: аднойчы нават пайшоў скакаць мазурку з маленькай Ядзенькай Клейнай. Заўважыў, як ахвотна яна падала яму ручку, як уздыхнула з радасці, што ён падышоў, аж заззялі яе лялечныя, вялікія вочы.

…А потым быў перапынак, калі разносілі марожанае. I тут Ядзенькай заняўся Франс. Сам прынёс ёй вазачку, сам стаяў ля яе, сам потым павёў да дзвярэй на тэрасу.

Тут і падышла да хлопца Майка. Хлопец пайшоў са злосці на веранду і стаяў там, гледзячы на рознакаляровыя кітайскія ліхтарыкі, якія прыгожа беглі ў цемру алей. A яна адшукала там яго, стала побач, хутаючы плечы ў белую мантылью.

— Сумна, калі няма танцаў, — сказала яна. — Я танцавала б тры дні… A вы?

Ён памаўчаў, a потым усміхнуўся:

— Я таксама. Мне падабаецца, як вы танцуеце…

— Праўда? — загарэлася яна. — Ядзенька ж лепей?

— I гэта так… Але мне падабаецца, як танцуеце вы.

Размова ішла па-французску, і яму часам даводзілася шукаць словы. Таму ён наўмысна гаварыў запаволена, з паўзамі.

— Давайце ўцячом адсюль на некалькі хвілін, — сказала яна. — Пойдзем y парк. Тут горача…

У парку асветлены былі толькі галоўныя алеі. Спачатку па іх ішлі ланцужкі ліхтарыкаў: аранжавыя, блакітныя, чырвоныя, яны пагойдваліся сярод лістоты. Потым пайшлі звычайныя зыркія каганцы. Іхняе полымя мігцела часам ад нячутнага ветрыку, і сетка, сплеценая з ценю і святла, бегала па жвіры, па галінках, па ствалах магутных дрэў, па дзвюх маленькіх фігурках, якія ішлі ў ноч.

Каганцы таксама скончыліся, зусім непадалёку ад стаўка, над якім схіліліся вербы.

I тут іх агарнула ноч з ціхім шалёсканнем маленькіх хваль на вадзе.

Над стаўком перакочваўся ў хмарках бледны месяц. Некаторы час дзеці стаялі моўчкі, гледзячы на месячную дарожку, яркую ля другога берага і зусім цьмяную ля іхніх ног.

— Вы ўвесь час так маўчыцё? — спытала яна.

Яна не разумела, што ў ціхі час людзі павінны маўчаць, што мова ў такую часіну не гучыць. Непадрыхтаваны, ён шукаў слоў, якія павінны былі легчы на ноты цішыні. Але новыя ўражанні ў яго былі яшчэ кароткія і мізэрныя, ён міжволі звярнуўся да старых, больш моцных.

— Рыба любіць цёмныя ночы, — сказаў ён. — Але ўсё адно ў такую ноч яе лавіць прыгажэй. Дзеці апранаюць цёплае… рыззё і ідуць з… таптухай. — Дзіўна гучала ў французскім сказе слова "таптуха". — Падстаўляюць яе пад вадзяныя хмызы, топчуць… I рыба ў сетцы ўся блішчыць, як блакітны жар. Пераліваецца, скача… A месяц плыве…

Ён асекся, заўважыўшы, як грэбліва апусціўся куточак яе рота.

— Я гэтых забаў не разумею, — быццам назнарок, быццам жадаючы падражніць, сказала яна. — "Таптуха", "рыззё"… Мілагучныя словы, нічога не скажаш.

Тут раззлаваўся і ён:

— A ў чым жа яшчэ па рыбу лазіць… У гэтай маёй маскараднай чузе?.. У вашай мантыльі? Смеху варта…

— Чым гэта вам не спадабалася мая мантылья? — іранічна, зусім як дарослая, спытала яна.

— A тым, што няма чаго выпінацца. A тым, што гэтыя словы аніяк не горшыя за вашы, — ён сыпаў гэта па-мужыцку, быццам праз бур'ян лез без дарогі. — A тым, што сорам удаваць з сябе дарослую і смяяцца з людзей, якіх не ведаеш.

— Я і не хачу ведаць, — нейкім асаблівым, вельмі агідным тонам сказала яна. — Вядома, y вас была дагэтуль зусім асобная кампанія. La compagnie exception-nelle[36].

Яна асабліва падкрэсліла гэтыя словы:

— La compagnie ex-ceptee з "тап-ту-хай".

У гэты момант яна здалася яму такой дурніцай, што ён зарагатаў. Гэта, здавалася, збянтэжыла яе. Ужо значна менш упэўнена, але ўсё яшчэ з гонарам яна сказала:

— Je n'aime pas le gros rire[37].

— Я таксама не люблю, — зусім спакойна і зноў па-французску сказаў ён і дадаў: — Я думаю, нам лепей за ўсё вярнуцца.

— Мне не хочацца, — паціснула плячыма яна.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Вечер и утро
Вечер и утро

997 год от Рождества Христова.Темные века на континенте подходят к концу, однако в Британии на кону стоит само существование английской нации… С Запада нападают воинственные кельты Уэльса. Север снова и снова заливают кровью набеги беспощадных скандинавских викингов. Прав тот, кто силен. Меч и копье стали единственным законом. Каждый выживает как умеет.Таковы времена, в которые довелось жить героям — ищущему свое место под солнцем молодому кораблестроителю-саксу, чья семья была изгнана из дома викингами, знатной норманнской красавице, вместе с мужем готовящейся вступить в смертельно опасную схватку за богатство и власть, и образованному монаху, одержимому идеей превратить свою скромную обитель в один из главных очагов знаний и культуры в Европе.Это их история — масшатабная и захватывающая, жестокая и завораживающая.

Кен Фоллетт

Историческая проза / Прочее / Современная зарубежная литература
Николай II
Николай II

«Я начал читать… Это был шок: вся чудовищная ночь 17 июля, расстрел, двухдневная возня с трупами были обстоятельно и бесстрастно изложены… Апокалипсис, записанный очевидцем! Документ не был подписан, но одна из машинописных копий была выправлена от руки. И в конце документа (также от руки) был приписан страшный адрес – место могилы, где после расстрела были тайно захоронены трупы Царской Семьи…»Уникальное художественно-историческое исследование жизни последнего русского царя основано на редких, ранее не публиковавшихся архивных документах. В книгу вошли отрывки из дневников Николая и членов его семьи, переписка царя и царицы, доклады министров и военачальников, дипломатическая почта и донесения разведки. Последние месяцы жизни царской семьи и обстоятельства ее гибели расписаны по дням, а ночь убийства – почти поминутно. Досконально прослежены судьбы участников трагедии: родственников царя, его свиты, тех, кто отдал приказ об убийстве, и непосредственных исполнителей.

А Ф Кони , Марк Ферро , Сергей Львович Фирсов , Эдвард Радзинский , Эдвард Станиславович Радзинский , Элизабет Хереш

Биографии и Мемуары / Публицистика / История / Проза / Историческая проза