Читаем Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц полностью

Бабы нясуць за спіной паклажу, з вузлом закруціўшы на грудзях канцы хустаў. І вузкімі, нейкімі асабліва жаноцкімі і пададзенымі наперад здаюцца іхнія плечы, сціснутыя жорсткай тканінай, у якой ляжыць нерухомы цяжар.

Спявае ліра пад прыдарожным вязам. Часам сонца закрые дымна-агатавая завеса мімалётнага дажджу. І тады ногі месяць дарожную гразь, — тысячы ног, — і корчмы робяцца асабліва цёмныя, а паловая шкура коней робіцца гнядой.

І на ўсё гэта — колькі ўжо год! — глядзіць абведзенымі сінькай вачыма, увесь у падцёках, пафарбаваны вохрай і мядзянкай распяты Хрыстос.

…Свіслач, аб якой Алесь дагэтуль нават не чуў, была маленькім мястэчкам.

Сярод будынкаў ці не самым вялікім здаваўся будынак прагімназіі. Але і ён быў запушчаны, як амаль усе астатнія будынкі мястэчка. Там, дзе калісь былі пляцоўкі для гульні ў мяч, куртыны і баскетныя агароджы, цяпер — і на двары і на вуліцы — цягнуліся зарасці пахучых дробных рамонкаў ды трыпутніку, сярод якіх губляліся сцежкі.

Мястэчка рыхтавалася да гадавога кірмашу, які меў пачацца паслязаўтра, пятнаццатага жніўня, і таму на пляцы было ўжо даволі густа і людна. Стаялі запакаваныя вазы, цюкамі ляжала воўна, жавалі жвачку валы.

Цётчын дом быў за нейкія паўвярсты ад канца мястэчка: вялікі, драўляны, пад саламянаю страхою — на галерэях і шчапяным дахам — над жылымі пакоямі. Вялікі сад спускаўся ў вільготны, звонкі ад шматлікіх ручаін, цяністы яр.

Старасвецкія ўтульныя пакоі з нізкаю столлю.

На вокнах акрамя першых рам былі і другія, з каляровымі шкельцамі. Яны замянялі аканіцы. А ў саміх пакоях стаяла даўняя мэбля: пузатыя арэхавыя сакратэры, дубовыя разьблёныя скрыні ля сцен і кутнія — адна на чатыры пакоі — вельмі цёплыя печкі, выкладзеныя галандскімі кафлямі. На белых плітках плылі пад усімі ветразямі сінія караблі.

Цётка, маленькая, рухавая жанчына ў акулярах, сустрэла Алеся абдымкамі.

— Прыехаў, сынок… Ну, вось і добра ўжо, што прыехаў… Кірмаш пачнецца, наедуць навакольныя з хлопцамі і дзеўкамі… Будзе і ў нас весела.

Насенне загадала перамераць і пассыпаць у свірны, але ад грошай адмовілася:

— Дзякуй богу, галадаць не давядзецца. Абнасенімся вашым збожжам, а астатняе можна пусціць на хлеб. Мне што? Ежа — свая, наліўкі — свае. Вопраткі — поўныя скрыні. І нічога мне не трэба, хіба што калода карт — адна на тры месяцы: у "хобаля" згуляць ды часам пасьянец (яна так і сказала — "пасьянец") раскласці.

Мітусілася, збіраючы на стол разам з дзеўкай:

— Дзякую пану Юрыю. Такое ўжо няшчасце! Проста хоць сядай на зямлю ды спявай "Ой вы, гробы, гробы, сусветныя домы"…

Пасур'ёзнела:

— Хай пан Юры не думае. Насенне на тую восень аддам. Дзеля спакойнага сну. Не хачу, каб мне ўначы д'яблы сніліся ды яшчэ, крый божа, язычнікі-салдаты.

— Злітуйцеся, цётухна, — засмяяўся Алесь, — якія ж салдаты язычнікі?

— Язычнікі, — упэўнена сказала Тацяна Галіцкая. — Хто ж гэта, акрамя язычніка, будзе страляць у людзей, толькі з-за гэтага зброю насіць ды яшчэ і клясціся нячыстай клятвай, што будзе страляць і не будзе пручацца, калі загадаюць… Язычнікі і ёсць!.. Ну, а каб Хрыстос другі раз прыйшоў? То ж бо! Так бы яны і стаялі са сваёй клятвай другі раз каля крыжа, як, не раўнуючы, рымскія галаногія бандзюкі.

Цётка Алесю спадабалася. Паказвала гаспадарку: чатырох коней, два з якіх былі пад выезд, трох галандскіх кароў, пекінскіх качак і курэй-легорнаў.

Паказвала кветнік з "разбітым сэрцам" і "пантофелькамі маці божай", з мацыёлай і залатым царскім бэрлам.

У самым глухім кутку саду — каб, крый божа, не наелася хатняя птушка — ляжалі на траве выкінутыя з наліўкі барвяныя вішні. Гожы махаон сядзеў на іх і дыхаў апалава-сінімі крыламі. Піў.

П'яны-п'яны, такі шчаслівы махаон.

А вечарам сядзелі на тэрасе, пілі каву з масляністымі халоднымі пірожнымі і гаманілі аб сім-тым.

— Дык вы так і жывяце адна, цётухна?

— Зусім адна. Ды мне ніхто і непатрэбен пасля смерці нябожчыка Яўгена.

— Ён хто быў?

— Ён у дванаццатым годзе набраў купку людзей: дзесяць шляхцюкоў ды тры дзесяткі сваіх мужыкоў. Ну і пайшоў. Спалілі яны аднойчы вісячы мост, папалілі французскае сена. Потым лавілі ды білі гэтых… як бо іх?.. марадзёраў? Фуражыраў? Ну, усё адно. А потым уланы прыйшлі іх лавіць, дык яны і ўланаў пабілі.

— І сваякоў другіх не было? Зусім-зусім?

— Цяпер няма. Толькі твая маці. А яшчэ раней, да смерці мужа, быў у яго стрыечны брат, Багдан. Але той яшчэ, дай бог памяці, васемнаццаць… не, дваццаць год назад знік…

— Як знік?

— А так… Звязаўся з мяцежнікамі, калі тут у нас дваране бунтавалі. А калі яны не бунтуюць? Заўсёды грызуцца, як сабакі нейкія. А жонкам — тачы слёзы. Вось і ён пайшоў са зброяй, ды так і знік. Нічога пасля таго пра яго не чулі. Косці, напэўна, дожджык мочыць, вецер сушыць. Так што ты цяпер мой наследнік. Няхай будзе так. Тут паляванне добрае. Выдры гэтай самай — дык раніцай па берагах як гусі хадзілі. Лапы вялікія, з перапонкамі.

Пайшла і прынесла пажаўцелы касцяны куфэрачак. Седзячы ў крэсле, разбірала яго.

— О, — сказала нарэшце, — гэта адзінае, што ад Яўгенавага брата засталося. Мужыкоў у доме няма. Сабе вазьмі.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Вечер и утро
Вечер и утро

997 год от Рождества Христова.Темные века на континенте подходят к концу, однако в Британии на кону стоит само существование английской нации… С Запада нападают воинственные кельты Уэльса. Север снова и снова заливают кровью набеги беспощадных скандинавских викингов. Прав тот, кто силен. Меч и копье стали единственным законом. Каждый выживает как умеет.Таковы времена, в которые довелось жить героям — ищущему свое место под солнцем молодому кораблестроителю-саксу, чья семья была изгнана из дома викингами, знатной норманнской красавице, вместе с мужем готовящейся вступить в смертельно опасную схватку за богатство и власть, и образованному монаху, одержимому идеей превратить свою скромную обитель в один из главных очагов знаний и культуры в Европе.Это их история — масшатабная и захватывающая, жестокая и завораживающая.

Кен Фоллетт

Историческая проза / Прочее / Современная зарубежная литература
Николай II
Николай II

«Я начал читать… Это был шок: вся чудовищная ночь 17 июля, расстрел, двухдневная возня с трупами были обстоятельно и бесстрастно изложены… Апокалипсис, записанный очевидцем! Документ не был подписан, но одна из машинописных копий была выправлена от руки. И в конце документа (также от руки) был приписан страшный адрес – место могилы, где после расстрела были тайно захоронены трупы Царской Семьи…»Уникальное художественно-историческое исследование жизни последнего русского царя основано на редких, ранее не публиковавшихся архивных документах. В книгу вошли отрывки из дневников Николая и членов его семьи, переписка царя и царицы, доклады министров и военачальников, дипломатическая почта и донесения разведки. Последние месяцы жизни царской семьи и обстоятельства ее гибели расписаны по дням, а ночь убийства – почти поминутно. Досконально прослежены судьбы участников трагедии: родственников царя, его свиты, тех, кто отдал приказ об убийстве, и непосредственных исполнителей.

А Ф Кони , Марк Ферро , Сергей Львович Фирсов , Эдвард Радзинский , Эдвард Станиславович Радзинский , Элизабет Хереш

Биографии и Мемуары / Публицистика / История / Проза / Историческая проза