— А таму, — пасур'ёзнеў вязень. — Часам мне здаецца — сатана не з неба зваліўся. Ён з зямлі прыйшоў. Яго цэрквы спарадзілі. Яго цары спарадзілі. Ваяводы. Тысячаначальнікі. Нельга, каб сярод людзей жылі, чынілі сваю волю такія. Чым хутчэй яны знікнуць — тым лепей. Можа, мая смерць хаця на таўшчыню воласа наблізіць гэта.
Паклаў руку Юстыну на плячо:
— Ты не думай, я хораша памру. Кажуць, у такіх выпадках падыходзяць у шкарпэтках, адчыняюць нечакана дзверы і хапаюць у сне, каб не роў, не адбіваўся?
— Быв-ваюць і такія… Заг-гад.
— Загад для большага прыніжэння. Адзінае маё жаданне: гэтага не трэба. Ува ўсёй гэтай навалачы ногі будуць калаціцца больш, чым у мяне… Вось і ўсё… А заўтра ўсе яны запаляць мой агонь, якога ім не згасіць.
Ён убачыў, што ў Юстына між пальцаў рук, прыціснутых да аблічча, сплываюць, точацца слёзы.
— Кінь. Ты хацеў і мог памагчы. Ты не вінен ні ў чым. Ты не вінаваты, што я адмовіўся.
Юстын устаў. Занадта паспешліва. Пакрочыў да дзвярэй.
— Бывай, — ён кінуў гэта, нібы выплюнуў. — Прабач.
— Няма за што. Бывай. Дзякуй, Юстын.
Дзверы грукнулі, нібы іх зачыніў глухі ад нараджэння. Рэха загудзела пад скляпеннем цэлі. Змоўкнула.
РАЗДЗЕЛ LVІ «ДА ЖЫВЁЛАЎ І ГАДАЎ…»
Не капай другому ямы — сам увалішся ў ню.
Мы пацалуем папу ў зад, таму што зад у папы, вядома, ёсць. Пра гэта сказана ў нашых дэкрэталіях. Калі ж ёсць папа — значыцца, у яго ёсць і зад. Калі б у свеце перасталі існаваць зады, значыць, не стала б і папы.
Ужо некалькі дзён хадзіў па вуліцах Гародні дзіўны чалавек. Галава і амаль усё аблічча абматаныя суровай палатнінай. З-пад яе выглядаюць вока і адзін вус, тупы і кароткі. На плечы накінуты цёмны, грубага сукна плашч. Прыпол плашча ззаду ўзняты, відавочна, канцом мяча, што вісіць пад гэтым плашчом пры боку. Суконны сіні кітлік цеснаваты, як толькі не лузне на грудзях і плячах. На рукаве кітліка нашыты белы крыж.
Людзі адхіналіся ад яго на вуліцах, адступалі ўбок. Пайшла пасля «ночы крыжоў» і трымалася яшчэ некаторы час гэткая паршывая мода: не адпорваць знака крыжа і не здымаць павязак, як быццам невядома якое геройства рэзаць сонных і сячыся з заспетымі неспадзеўкі. Усе гнілыя фацэты фарсілі так.
Вось і гэты — па ўсім відаць — хвалько і забіяка, адарвірог. Рукі ледзь ад крыві адмыў, а ўжо вокам свідруе. Вусы абцяў (падсмаленыя, відаць, былі), варушыць імі. Меч пры боку, а сумлення ў душы чорт ма.
Каб гэтыя самыя людзі мелі магчымасць сачыць за дзіўным чалавекам па працягу цэлага дня, яны б здзівіліся яшчэ больш. Чалавек снедаў у якой-небудзь кепскай карчомцы, а пасля ішоў у нейкі касцёл (цэркваў пазбягаў), хрысціўся пад плашчом (справа налева), а пасля клаўся на падлозе крыжам і ляжаў так гадзінамі. Вочы ягоныя былі заплюшчаны, дыханне глыбокае. Страшэнна, відаць, перажываў чалавек нейкія свае грахі. І падумаць толькі, што нечы забойца, а такі набожны!
Дзе ён начаваў, ніхто не ведаў і не бачыў. Цалкам магчыма, што нідзе, бо ўначы рэдкія прахожыя часам таксама бачылі яго на вуліцах.
Людзі здзівіліся б яшчэ больш, каб даведаліся, што гэтага чалавека ўжо колькі дзён беспаспяхова шукаюць па ўсім наваколлі сокі і служкі доказнай інквізіцыі. Шукаюць, але не могуць нават падумаць, што ён тут, побач, у самым логаве. У чалавека не было страхі над галавою, і таму начамі ён хадзіў, і таму, будучы праваслаўным, хадзіў у касцёлы. У царкве, стоячы на нагах, не дужа разаспішся, а тут лёг крыжам і… Страшэнна зручная вера каталіцызм!
Чалавека звалі Багдан Роскаш, а падчас Хрыстовай эпапеі — Тумаш Няверны, званы Блізнюк.
Ён кружляў па горадзе, сам не ведаючы чаго. Проста тут сядзеў Хрыстос, а Фама быў не з тых людзей, што кідаюць друга ў бядзе.
Тады, аглушаны ўдарам звона, ён амаль суткі праляжаў непрытомны пад кучай забітых латнікаў. Пасля неяк ачомаўся. На галаве ў яго была страшэнная, небывалай велічыні і афарбоўкі гуля, а чэрап гудзеў так, нібы ў ім святочна званілі тры Вялікія Зафеі. Ён убачыў заваленую целамі вуліцу, цвёрда сціснуў тоўстыя вусны. Зняў з забітага кітлік з белым крыжам, цеснаваты, узяў у манаха медны таўкач і засунуў яго за пояс. Падабраў меч і нечы кісцень.
Пасля здагадаўся, што пазнаць яго — дурная, няхітрая справа. Адпілаваў нажом канцы сваіх вусоў, гонару свайго, і спрэс забінтаваў галаву, пакінуўшы глядзець на свет толькі адно вока. Асцярожна абмінуў звон, спусціўся на вуліцу.
І вось некалькі дзён дарэмнага гойсання вакол замка, ратушы і зноў вакол замка. Фама ўтрапёна шукаў хоць маленькай магчымасці ўбачыць, прабрацца, памагчы. Ніводнай шчылінкі, ніводнага выпадку, ніводнай нагоды. Удзень і ўначы, удзень і ўначы. Так ходзіць ваўчыха вакол леснічоўкі, у якой звязаныя ляжаць яе ваўчаняты. Ходзіць, пакуль не наторкнецца на стралу.