І тады ў яго спыталі, як гэта ён не баяўся так блізка ад д'яблавага месца спаць. А ён сказаў, што ніякіх д'яблаў на свеце ён не баіцца і з ахвотаю бы на гэты выгляд паглядзеў ці нават выспаўся на адной печцы — бо яму гэта малаважна.
Быў ён не такі ўжо і малады, год трыццаць пяць, але дужа моцны і на галаву вышэй за ўсіх. Твар нейкі не такі і, як тыя людзі мне казалі, смешнаваты, бровы густыя і доўгія, зубы надзіва белыя. Ля пояса ў яго вісеў корд* у бліскучых піхвах. Бліскучых, але танных, бо гэта не было срэбра.
І мужыкі тыя пусцілі яго ісці сваёй дарогай, а самі пайшлі да каплана, і шкаляр пайшоў.
Хлор Мамантовіч, шляхцюк, потым казаў мне, што гэта ён першы аб усім здагадаўся. Бо, вяртаючыся з горада ў засценак і сустрэўшы г э т а г а аднаго па дарозе ў сваім плашчы, аж жахнуўся, палічыўшы яго за Хрыста. Нібы раптам і на хвіліну здагадаўся — аж ногі да зямлі прыкіпелі і неба здалося з літоўскі кажух. Але тут здзіўляцца не трэба. Раніцай, здалёк, на гразкай дарозе — чаго не прыкінецца. Дый Хлор, вядома, як заўсёды, быў нападпітку. Усе ведаюць, чаго ён так рана з горада ходзіць.
…А потым бачылі я г о ўжо з двума іншымі людзьмі… А пасля бачылі шэсць чалавек… Дзесяць… потым было іх трынаццаць, і за імі цягнуўся крыты кужэляй фургон».
СЛОВА ДВУХ СВЕДКАЎ
РАЗДЗЕЛ ІІ ГОЛАД, І ПОШАСЦЬ, І МОР
У тыя дні, калі кіравалі суддзі, здарыўся голад на зямлі.
Зямля была чорная.
Уся ў сетцы трэшчын, у глыбокіх расколінах, сухая, як далонь земляроба і як порах. Рэдка, часам у палове сажэня адзін ад аднаго, варушыліся на ёй чэзлыя жытнія парасткі.
Вецер часам уздыхаў сярод гарачыні, але нёс толькі яшчэ большую спёку, бы з напаленай печкі. І тады полем блукалі карлікавыя смерчы. Яны неслі пыл, але такі чорны, што, здавалася, — попел.
І такі самы попел віўся з-пад капытоў паляўнічай кавалькады, якая імчала полем, а потым дарогай, да недалёкага сяла.
Людзі ехалі збольшага на чорных або мышастых злых мулах, і па гэтым можна было здагадацца, што едуць людзі духоўнага звання. Але, каб не пурпурная кардынальская мантыя аднаго, каб не біскупскі плашч другога, каб не шэрая дамініканская і не ліловая праваслаўная расы двух іншых, любы наглядальнік мог бы ўзяць гэта пад сумненне.
З-пад рас выглядалі кальчужныя каўняры, пад плашчамі былі залочаныя латы з сонцам на грудзях. (У сонца ператварылася галава Мядузы Гаргоны, якую любілі чаканіць на сваіх латах паганцы; ператварылася таму, што, вядома, не да твару было хрысціянам насіць на грудзях паганскі знак. І вось замест твара Мядузы гразіўся з лат ярасны сонечны дыск, а замест змей хваліста разбягаліся праменні.)
Здаецца, супраць таго, што гэта папы, сведчыла і іншае. Тут не было ніводнага чалавека, пры боку і ў руках якога не было б зброі.
Елянцовыя — палескія, цісавыя — заходнія і страшныя беларускія лукі з двух змацаваных рагоў шэрага ляснога быка, калчаны-тулы, пішчалі; гіганцкія, у чалавечы рост, двухручныя мячы з хвалепадобным або прамым лязом, без піхваў, бо з іх немагчыма выцягнуць самому лязо такой даўжыні; мячы сярэдняй даўжыні і кароткія корды. Азіяцкія, прамыя, як меч, шаблі і шаблі булатныя, змеепадобныя; персідскія, вузкія, як аер, і вострыя, як джала; турэцкія ялмані* са сталлю, якая ідзе блакітнымі зорачкамі; ятаганы, падобныя на сярпы і прызначаныя, як і сярпы, для ўдару ўвагнутым бокам; прыдняпроўскія беларускія дзіды паўтарачнай даўжыні і таму прызначаныя для кідання нагой, з пад'ёму ступака, і беларускія ж іклы, кароткія мячы з лязом шырокім і тоўстым, як каровін язык, і даўжынёю ў дваццаць пяць дзюймаў, з месяцападобным канцом рукаяці, для ўпору ў жывот або грудзі, калі кідаешся на ворага, і двума ўпорамі для рук, іклы, прызначаныя для смяротнай рукапашнай у цеснаце. І на ўсім гэтым — рабізна залатых карбовак, эмалі, золата, рубінаў, ажурных накладак. А над усім гэтым, пад шышакамі, арабскімі зярцаламі, кальчужнымі сеткамі і булатнымі шаломамі — вочы, якія і хвіліны не задумаюцца над тым, ужыць гэтую сталь або не ўжыць.