- Як Сонька наша! - Сцяпан падхапiўся. - О! Мы ж сёння да яе ў адведкi iдзём! Кiдай бульбу, пайшлi апранацца, а то матка хiтрая, самi ўжо збiраюцца, а нас не клiчуць!
- Раскрычаўся! - увайшла ў сенцы свякруха. - Iрэна, збiрайся! I джынсавае ўсё апранi, у нас гэта модна!
- У горадзе джынс - рабочае адзенне, - запярэчыла тая.
- А ў нас свая мода! - адказала тая. - I каб не доўгая спаднiца была! А то апранецца, як пападдзя!
Iрэна плюнула ад злосцi i пайшла апранацца. Свёкар надзяваў белую кашулю. Тамарка красавалася перад люстэркам у ружовай сукенцы.
...Iрэна аж аслупянела з перапуду: на iх накiнуўся цэлы кагал п'яных мужчын i жанчын. Яны цалавалiся са свёкрам i свякрухай, вiслi на Сцяпане, ягоных братах з жонкамi, вiслi на Iрэне, дыхалi перагарам i запрашалi за стол. Калi селi, нейкi п'яны мужык крыкнуў праз стол Iрэне:
- Свацця, вып'ем! Свацця, буську!
I стукнуўся сваёй замасленай чаркаю з яе кiлiшкам, вылiўшы палову на стол. Усе чаўкалi, плявалiся, елi без сподачкаў, тыкаючы сваiм вiдэльцам у розныя стравы, ад чаго салата з зялёным гарошкам стала чырвонай, бо запэцкалася ад салаты бурачковай, у якую раз-пораз совала вiдэльцам мажная жанчына з рыбiнымi вачыма, а затым вылоўлiвала з другога гарошак... Iрэна адчула, што яе зараз званiтуе, таму выпiла чарку смярдзючай гарэлкi i заспяшалася на ганак, каб глытнуць свежага паветра. На двары, ля плота, мачыўся на дошкi п'яны мужык. Ён зашпiлiў шырынку, гыкнуў, гледзячы на Iрэну, заспяваў песню i, хiстаючыся, пайшоў у хату. На хаду паспеў ушчыпнуць Iрэну за бачок.
- Цьфу! - плюнула Iрэна. - Прытон! Садом i Гамора!
- Ой, сваццейка! - абняла яе за шыю нейкая дзяўчына. Iрэна спачатку падумала, што гэта мужчына, бо надта ж моцнай была яе хватка. - Сваццейка! крычала дзяўчына. - Гэта не пiтон, гэта вяроўкi для бялiзны вiсяць. А сад там, а камора - тут! Пайшлi, там Сонька буталь схавала, вып'ем, сваццейка!
- Ой, пачакай! - спрабавала вырвацца з абдымкаў Iрэна. - Давай пазнаёмiмся! Я - Iрэна.
- А я - Гельтруда! - бухнула па плячы яе дзяўчына. - Завi мяне па-нашаму Гелька, а я цябе - Iрка! Ты ж ужо наша, вясковая, прывыкай. А я пiянерважатай працую! Зараз у водпуску. У нас усе настаўнiкi бяруць водпуск летам, каб грады палоць. Гэта толькi гарадскiя ездзяць у адпачынак, а ў нас смяюцца, калi хто едзе, значыць, гультай!
Гельтруда хмыкнула.
- А вы ўжо бульбу выкапалi? - запытала ў Iрэны. - Ой, а твая свякруха казала, што ты плоў рабiла, дык каша нейкая атрымалася, i мяса з падлiваю, дык каша таксама! Iрка, у нас так не робяць, улетку бульба i сала смажанае, аладкi. Агароднiна ў вераснi. А навошта ты ў горадзе тое мяса купляла? Гэта ж мяса на Каляды бывае, як кабана колюць, i ўсё, а так у нас нiхто не купляе, смяюцца тады!
- Я ў горадзе лепш харчавалася, - адказала Iрэна, - пойдзеш у краму, купiш 200 грамаў мяса ў пакецiку, катлет наробiш...
- Во якая дурная! Сонька наша нiколi катлет не рабiла, гэта ж перавод мяса! Толькi засалiць i ў боршч пракiнуць ды ў булён пракiнуць...
- Ну й толку з вашай вёскi! - агрызнулася Iрэна. - Калi мне ўдасца выбрацца адсюль, я ў сябе на грудзях выкалю: "Вёска! Не забуду тваiх здзекаў!" Мяне тут растапталi, зганьбiлi, згвалцiлi маю душу!
- Во, ты сапраўды не такая, як мы! - засмяялася Гельтруда. - Трусы мяняеш кожны вечар, катлеты робiш, размовы нейкiя вядзеш не тыя!
- Чаму ж? Я ўжо па-вашаму матамi крыю! - засмяялася Iрэна i стукнула Гельтруду па плячы. - Пайшлi, сваццейка, такую тваю маць, дзябнем па чарцы!
- О! Гэта тое, што трэба! - абняла яе Гельтруда.
Але за стол яны не пайшлi. Выйшлi ў сад.
- А наша кароўка нiяк не пабегае, - расказвала Гельтруда. - Свiнка за кабанамi пабегала, мы яе да вашага кнура вадзiлi. А кароўка - не! Тыя тры каровы пабегалi, а гэта - не!
- Ты кнiжкi чытаеш, Гельтруда? - запытала Iрэна.
- Смяешся? Якiя тут кнiжкi, няма калi з-за працы! Нашы чацвёра кабаноў жруць, як буржуi, а меншая свiнка - не, - прадоўжыла Гельтруда. - А гуркi ў гэтым годзе пасохлi, г...о гуркi! А памiдоры зялёныя яшчэ... Што за год такi?
- Пляваць я хацела на вашу вёску, - засмяялася Iрэна. - У горадзе з мая месяца памiдоры былi, а цяпер яны - капейкi каштуюць, купляй колькi хочаш! А вы iшачыце i ўсё лета без памiдораў, восень на дварэ, а памiдоры зялёныя! Якi толк з вашай вёскi? Вёска толькi атупляе людзей, развiццё затарможана, дзецi вашы, як дурныя, iм нiчога не цiкава!..
- А што толку з вашых гурткоў, экскурсiй? Вось я нiдзе не была, i не цягне! Вырасла, працую, цяпер замуж трэба. Вось каб такога, як твой Сцяпан, прыгожага!
- Дык ён жа п'е! - не пагадзiлася Iрэна.
- Во якая дурная! - здзiвiлася Гельтруда. - Гэта ж добра! Налiла яму - усю работу табе зробiць!
Гельтруда ўшчыпнула Iрэну за калена i подбежкам скiравала за стол, каб кульнуць чарку-другую.
...На небе роўным светам мiгалi зоркi. Iрэна апусцiлася на каленi i, пазiраючы ў неба, прашаптала: