Анюта ўсміхалася i з самой сябе, з таго, як прыліпла да гэтага маладога мужчыны. Не хацелася адрывацца ад яго, i рука міжволі пагладзіла яго грудзі, спынілася там, дзе было сэрца, i яно застукала мацней.
Ля дому Віктар адважыўся прытрымаць яе за руку. Анюта сама абняла яго, пацалавала доўга i з такою прагай, што аж у самое закружылася ў галаве, адхілілася:
— Не трэба. Дай мне прывыкнуць да цябе. Да заўтра.
— Да заўтра, —рэхам адказаў ён.
Пасля таго, як Віктар паехаў, Анюта яшчэ стаяла на дварэ. У хату ісці не хацелася, не хацелася і спаць. Горача i душна было ў гэту летнюю ноч.
Назаўтра яна перанесла сваю пасцель з хаты ў садовы дашчаны домік — усё з-за гарачыні. А вечарам чакала за вёскай Віктара.
Надвячоркам збіраўся на вахту, як любіў сам гаварыць, i дзед Ляксей, а таму мяняў параднае адзенне на рабочае: замест галіфэ надзеў старыя ваітньія штаны, замест сандаляў—старыя шытыя валёнкі з галёшамі, выкачаны і палямчаны ўсё на гэтых жа «баявых вахтах» кажушок. I замест фуражкі належала надзець старую аблавушку.
— Ну, дзе ты там ужэ, жаніх? Два часы ўбіраешся! Саўсім умеркне. Выкураць цябе, качарга старая, з гэтае варты!
— Хто мяне выпра? Які ім дурань за гэтыя грошы гэтулькі цехнікі вартаваць адважыцца?
— А ты ўвартуеш! Для прыклёпу там цябе дзяржаць, можа, каб якія пажарнікі не чанляліся ці начальства...
— Для прыклёпу, для прыклёпу! Сама ты прыклёп бесталковы! Падавай валёнак!
Дзед Ляксей злосна вышморгваў з жончыных рук валёнак, i яна брала напагатове другі.
— А то ж бо не? Які ж бы гэта дурань плаціў табе за тое, што пераспіш ноч у апілках...
— Тваю маць!.. Дурань нейкі ляпнуў, a i ты паўтараеш!
Дзед замахнуўся валёнкам, але Мар’я загадзя адступілася.
— Ну, не спіш, не спіш, хто цябе ведае... Толькі чаго гэта з кажушка апілкі, як тыя блохі, сыплюцца?
— У цябе самое з галавы труха сыплецца!..
— Добра, добра, убраўся ўжэ? Давай, хіба, і бараду ножанкамі падрэжу, а то ночы яшчэ каго напужаеш, падумаюць, што чорт вылез...
— Вото! У парыкмахерекую схаджу, пастрыгуся i бараду папраўлю.
— А стрыгчы што будзеш, пушок гэты, што, як у куры пад хвастом, у цябе на галаве астаўся?
Мар’я яшчэ далей адступілася ад дзеда.
— Ты ў мяне некалі дакудахтаешся, — дзед рашуча ўстаў з лаўкі i шыбануў за хлеў.
— Скарэй, а то не ўспееш!—падражніла ўслед Мар’я.
Дзед Ляксей не агрызнуўся — не было калі.
Пачынала змяркацца, калі дзед Ляксей сдежкай пад вішняком выйшаў да дарогі. Да вайны тут была вузкакалейка да ваеннага гарадка. Цяпер яе разаралі, не асталося i следу. Толькі з зямлі яшчэ не-не ды i вылезе ржавы кастыль. Дзед Ляксей паглядзеў у той бок, дзе быў ваенны гарадок. Ад, яго засталася толькі канюшня з чырвонае цэглы і пахіленая, падарваная ў вайну партызанамі вадакачка. Цяпер яе не ўгледзіш з-за сасонніку, які там узрос.
Далей у палях прысядалі да зямлі цёмныя астраўкі вёсак. Пахла пылам угрэтае дарогі, травою ад аселіцы i збажыной з поля. I яшчэ сапраўды свежа і смаліста ад кажушка —апілкамі, але гэтага паху дзед не вылучаў.
У такія часіны дзеду Ляксею здавалася, што гэта ён, маленькі, у лапціках, глядзіць аднекуль на сябе цяперашняга і н.а ўсё навокал. Адтуль аднекуль, з аселіцы, дзе ў вясновых лужынах жоўта цвіла лотаць. I ў цяперашняга яго, старога, аж заходзіцца душа ад таго, што гэтулькі ўсяго таму хлопчыку з бярэмцам жоўтай лотаці нагатавана наперадзе. I работы, i вайны, і смерці, што душа чалавечая i вытрымаць не зможа. Але вытрымае, не разарвецца сэрда, не адсохнуць рукі і ногі, не выцекуць слязой вочы... А мо гэта і не ён на сябе малога, а ягоны бацька ці дзед глядзіць на яго цяперашняга з кіёчкам, аднаго ў цёмным свеце, з нейкае свае далёкае вышыні?
Дзед Ляксей прыпыняецца, уражаны процьмай часу i прасторы, якая раптам адкрываецца перад ім, якую ён не можа спасцігнуць ні вокам, ні розумам.
Дзед уздыхае з палёгкай, азіраецца навокал, каб яшчэ раз пераканацца, што пад нагамі знаёмая дарога, калі і павалішся, то ніжэй зямлі не ўпадзеш. На ўсякі выпадак дзед яшчэ азіраецца наўкруга — ці ніхто не бачыў, як ён немаведама чаго стаяў пасярод дарогі. Потым дастае з кішэні кажушка бутэльку віна, якую ён хаваў сёння ад старое ў кастры дроў за хлявом, таму і была ў яго перад дзяжурствам пільная патрэба зазірнуць туды.
Далей дзед ідзе цвярдзей і весялей.
Пра дзеда Ляксея калгасныя механізатары могуць расказваць бясконца: пачынаючы з яго ўспамінаў пра маладосць, калі дзяўчаты не давалі маладому Ляксею праходу, і апошнім наведваннем дзеда да парторга з заявай аб уступленні ў партыю. Дзед катэгарычна растлумачыў, што цяпер ён не можа не быць у партыі — пакуль хопіць здароўя, будзе дапамагаць Гарбачову перабудоўваць. Адна няўвязка атрымоўвалася ў дзеда — як сумясціць свой новы статус з любоўю да віна. Парторг растлумачыў, што дзед па ўсіх стаццях падыходзіць, але «праклятая» — перашкода сур’ёзная, i таму ён дае тэрмін дзеду падумаць і «выправіцца»...