што азначала назву гэтага сярэдніх памераў раённага цэнтра, такіх гарадоў ён пабачыў за свае жыццё нямала, але гэты ведаў больш за ўсіх, бо нарадзіўся і жыў тут даволі доўга, і, як заўсёды, на некалькіх прыпынках стаялі паныла купкі людзей, швэндаліся бамжы, а ўбаку, ля крамак, дзяжурылі дзве маладыя прастытуткі, і адна з іх беспамылкова пазнала ў ім прыезджага і заўсміхалася, выставіўшы наперад далоні з растапыранымі пальцамі, што азначала, пэўна, лічбу — дзесяць даляраў, і ён не стаў чакаць аўтобус, пайшоў пешшу, бо вакзалы заўсёды наганялі на яго трывогу, а да дома, дзе жыла сястра Люба, было з паўгадзіны хады, прахожыя ішлі яму насустрач, а то і абганялі, гучна прамаўляючы паміж сабой, значна гучней, чым у сталіцы, а то часам брыдкасловілі, пускаючы ў паветра дымкі цыгарэт і адкідваючы прама пад ногі ці ў бакі недакуркі
так яго і разгэтак
чуў ён і паволі ішоў далей, удыхаючы паветра, і паветра тут было нават горшае, чым у сталіцы, думаў ён, разглядаючы рэдкія вітрыны і прыцэньваючыся — варта купіць што-небудзь для даўнёнка, — але раптам заўважыў на тратуары аднакласніцу Алесю, якая раней была звычайная школьніца з пышнымі прыгожымі валасамі колеру спелага жыта, гэтыя валасы, падумаў Даніла Прусак, і саслужылі ей дрэнную службу, бо ў горадзе неяк пабудавалі новы завод, вядома, ваеннага прызначэння, але ў адным з цэхаў дзеля камуфляжу пачалі распрацоўваць бытавыя прыборы, у тым ліку і фен для валасоў, і на вокладку ўпаковачнай каробкі спатрэбіўся рэкламны здымак маладой дзяўчыны — вось яна і трапіла на вока фатографу, і выява яе галавы з распушчанымі валасамі з’явілася на каробках з фенамі, а потым гэтыя здымкі пачалі наклейваць маладыя вадзіцелі на свае грузавікі
АЛЕСЯ
чыталі гараджане на скрынях з фенамі і на кабінах машын, якія вадзілі чырванашыія ўчарашнія армейцы, а потым у правінцыйны гарадок завітаў сталічны кінарэжысёр, які здымаў тут царкву і мост, і паабяцаў зняць у фіьме Волечку: яе сапраўднае імя было Вольга, і яна хадзіла да рэжысёра ў гасцініцу, а потым, калі той з’язджаў назад у сталіцу, спрабавала засіліцца — звычайны «тэатральны суіцыд», і вось цяпер яна ўбачыла Данілу і адразу пазнала яго (заўсёды пазнавала), памяць яна мела надзвычай учэпістую, пераходзіць на другі бок вуліцы было позна, і Даніла Прусак сказаў
ну, прывет, Волечка, усё прыгажэеш
а яна заўсміхалася гнілымі ад незалечанага карыесу зубамі і папрасіла адразу
дай цыгарэтку
і ён сказаў
я і ў школе не курыў, ты ж памятаеш
хацеў ісці далей, але яна спытала неспадзявана
навошта ты прыехаў у гэты горад, Данііл?
ўдакладніла
ён жа мёртвы, тут усе мёртвыя
быццам з вачэй яе на імгненне-другое ўпала заслона, бо ён убачыў раптам у іх асэнсаванасць, тугу і боль, і сказаў
ты ж жывеш у ім, і іншыя людзі, бо не могуць жа ўсе перасяліцца ў Парыж ці Прагу ці нават у якую Вільню па суседству
але яна сумна ўсміхнулася
таму і не могуць, бо з іх жыццё высмактана, уцякай адсель, Данііл, а то ён змарнуе і цябе, высмакча і твае сілы, забярэ ўсё, — ты ненадоўга сюды, праўда?
і дадала настальгічна
а памятаеш наш клас?
на што Даніла Прусак адказаў
а як жа, памятаю, сустракаю таго-сяго іншым разам, вось як цябе
і адчуў сябе ніякавата, бо не любіў пустых успамінаў і робленых размоваў, але яна перапыніла
з таго класа амаль палова ўжо на могілках ляжаць, я запісваю ўсіх, па нумарах
і тут ужо ён па-сапраўднаму здзівіўся
навошта ж запісваць, які сэнс?
а Вольга-Алеся адказала
яны ўсе кпяць з мяне, смяюцца, а спачатку зайздросцілі, дык хто тут застаўся, не з’ехаў — адыходзяць цяпер адзін за другім, я апошняя буду, ужо тады толькі перадусім пасмяюся
але, быццам заслона з’явілася зноў, яна захіхікала, а з апухлага, у зморшчынах, твару глядзелі ўжо на яго вочы той, якой яна была хвіліну назад, — вочы напаўюродкі
усіх перажыву
какетліва парасмыкнула плячыма, падміргнула, а калі ўбачыла, што мужчына збіраецца крочыць далей, дадала
ты адзін, Данііл, з мяне ніколі не смяяўся, не думай, я ўсё бачыла
і затрымала яго за кашулю
дай хоць пару паперак, я за півам збегаю, тут недалёка