Читаем Луп полностью

Мастак ямчэй ускінуў рукзак і пайшоў праз натоўп, часам спыняючыся і ўглядаючыся ў тое, што міжволі цікавіла яго. Спачатку, як толькі яны з Рытай атрымалі ў гэтым раёне кватэру, ён часта заходзіў сюды — паназіраць. Але выгляд жывёл, якіх пазбавілі волі, быў яму непрыемны. Тым не менш Мастак скіраваў у той бок, дзе была пакінутая будка шаўца — там ён убачыў людзей, якія схлупіліся разам, і пацікавіўся: што прадаюць? Ён ужо некалькі разоў пачуў слова «воўк». Мастак праціснуўся бліжэй і сапраўды ўбачыў на ланцугу ваўка. Ён згледзеў, што гэта быў даволі буйны экземпляр. Блукаючы ў запаведніку, ён бачыў аднойчы такіх жа, толькі вольных, якія прамільгнулі на ўскрайку лесу і зніклі бязгучна, як цені. Ён успомніў, што, здаецца, чуў ад некага пра тое, быццам у адной з навакольных вёсак трымаюць ваўка, але ж такія выпадкі былі нярэдкія. Здаралася, ваўкоў гадавалі леснікі.

Мастак пачуў: людзі вакол жывёліны ўсхвалявана спрачаюцца. Ён прыслухаўся.

— Ты б, дзядзька, выпусціў свайго звера ў лес, — гаварыў высокі ўсмешлівы хлопец, якога тут звалі Студэнтам, — а мы цябе ўхвалілі б.

— Тата, — падтрымаў Студэнта Ігар, — няхай яго адпусцяць!

Карнюшка спахмурнеў.

— Калі не прадам, ён і далей мне замест сабакі будзе.

Мешчанін абурыўся.

— На ланцугу ён усё роўна загіне. Прырода свайго патрабуе.

Акцёр велічна падняў руку.

— Ты ведаеш, лабідуда, на што ты яго пасадзіў? — спытаў ён.

— Ведаю, — разгубіўся Карнюшка. — На ланцуг.

— На сумленне сваё!

У натоўпе загаманілі.

— Не разумею я сучаснай вёскі, — працягваў Акцёр, — і што за людзі там жывуць — невядома! Там усе такія, як ты?

Карнюшка засоп.

— Ды не, — сказаў Студэнт, — ён выключэнне.

— Спецыяльнасць нават ёсць — забойшчык жывёлы, — гнуў сваё Мешчанін. — Днямі ў мясцовай газеце вычытаў: патрабуюцца вучні.

— Вясёлага мала, — згадзіўся Філосаф, — але ж, мяркую, некалі чалавецтва не стане есці жывёл.

— Каго ж яно будзе есці?

— Генная інжынерыя. Уплываючы на гены, можна вырошчваць, напрыклад, спецыяльных мясных чарвякоў. Завёў сабе дома такога і адсякай па кавалку. А ён будзе рэгенерыраваць, аднаўляцца. Кармі толькі. Пазбавімся ад зброі, зоймемся медыцынай, і людзі, магчыма, будуць жыць па трыста ці пяцьсот гадоў.

Студэнт не згадзіўся.

— Малаверагодна, — сказаў ён. — Я вось чытаў, што Сусвет увогуле імкнецца да неарганічнага стану. І мы не ведаем нашых аналагаў, ці ж гэта не дзіўна?

Філосаф аспрэчыў:

— Розум прывядзе нас да братоў. Існуюць жа недзе іншыя цывілізацыі.

— А я не веру ў розум, не гаворачы аб цывілізацыях, — сказаў Акцёр. — Ці такі ўжо ён мэтазгодны? Пакуль што розум толькі разбурае. А калі менавіта ён прыводзіць від, які ім надзелены, да экалагічнага тупіка? Існуюць жа думкі, што працягласць жыцця чалавека як віду максімум некалькі стагоддзяў — з пачатку работы першага радыёперадатчыка.

— Чаму радыёперадатчыка?

— Радыёхвалі. Іх можна слухаць за сотні светавых гадоў. Але ж мы нікога не чуем. Пустэча. Можа, хто і быў, пакаўкаў крыху, як мы, і — гамон!

Навокал зноў засмяяліся.

— Усё залежыць ад нас, — запярэчыў Філосаф.

— Лухта! — сказаў Акцёр. — Чалавек — гэта не гучыць горда! Занадта паўсюдна гора, каб спяваць сабе асанну!

— Мо ўсякае арганічнае інстынктыўна мадэлюе варожасць у адносінах да розуму, бо адчувае, што ён у рэшце рэшт прынясе яму пагібель? Чаму ў блажэнных, у юродаў няма ворагаў?

— А раптам усё яшчэ больш складана? Мо сатанінскія сілы змагаюцца з намі? А поле бітвы — наша Зямля?

Навокал загаманілі. Гутарка цікавіла многіх. Карнюшка слухаў з разяўленым ротам. Крыху ўбаку маўкліва стаяў Мастак.

— Я падтрымліваю, — раптам сказаў Мешчанін. — Вось знікне азонавае покрыва, загінуць жывёлы, дык ці доўга і мы працягнем пад купаламі са штучнага шкла?

— У свеце, можа, няма мэты і сэнсу, а жыццё выпадковае, — буркнуў Студэнт.

— А калі яно не выпадковае?

— На што намякаеш?

— На тое, што і ты.

— Бадай. Але як праверыць?

— Праверыць то і нельга! Але ж якая малая імавернасць падзей, які ланцуг паслядоўны!

— Можа, тэхнакраты хаваюць ад нас нешта, нібы старажытныя жрацы? — спытаў Філосаф і зноў пакратаў адзін з пярэдніх зубоў. Зуб хістаўся.

— Ёсць шмат, Гарацыо, на свеце таямніц, — уздыхнуў Акцёр.

— Хто многа ведае, той дрэнна спіць…

Спрэчка працягвалася.

— Кажаш, генная інжынерыя? — зноў узвысіў голас Акцёр. — Але ж гэта выраджэнне ўсяго і ўся! Адны яе сумленна прымяняць будуць, другія — на зло!

— Сітуацыя не безнадзейная, — стаяў на сваім Філосаф. — Усё будзе можна кантраляваць.

— А СНІД? Яго як кантраляваць? А землятрусы, азонныя дзіркі, смог?

— Мяркую, пачатак ёсць, — змрочна ўсміхнуўся Студэнт. — Фініш ужо блізкі. Садом і Гамора.

— Так, — сказаў Акцёр. — Мо Страшны Суд ужо даўно пачаўся, а мы не ведаем.

— Калі — даўно? — спытаў Мешчанін.

— А вось калі ўключыўся першы радыёперадатчык. Калі першае балота асушылі.

— Містыка, — сказаў Філосаф.

— І ўсё-такі жыць цудоўна, — вырвалася раптам у Студэнта. — Нават ваўком на ланцугу. Але я супраць усіх ланцугоў у свеце.

— Ціха! — Акцёр узняў руку. — Вернемся да справы. Студэнт мае рацыю: гэта жывёла павінна стаць вольная!

Перейти на страницу:

Похожие книги