Ён праглынуў апошні кавалак, запіў малаком з бутэлькі, пералічыў і паклаў у пулярэс грошы і адчуў сябе зусім няблага. Карнюшка зноў агледзеў Лупа, парадзелы натоўп і зразумеў, што наўрад ці хто і купіў бы ў яго ваўка, што ўвогуле яго задума на мяжы глупства і, бадай, прыйдзецца вяртацца з ім назад, а ў лесе выпусціць на волю. Вось толькі выпусціць ці не? — упершыню з’явілася акрэсленая думка. А калі адвезці дамоў, ды ўсё-такі здаць у райзаг, яшчэ сто рублёў атрымаць? Прыстрэліць, вядома, спачатку, бо не павядзеш жа на ланцугу. Засмяюць потым. А што слова даў, дык гэта ж смеху варта: што ён, піянер? І што такое ўвогуле слова? Гук — не больш.
Малады хлопец, якога тут назвалі Шахоцькам, зноў падышоў да яго.
— А ты, дзядзька, зух. Хочаш яшчэ зарабіць?
Карнюшка недаверліва засоп.
— Як?
— Вось табе прэзент, — Шахоцька выцягнуў з кішэні і пакруціў Акцёравым гадзіннікам у яго пад носам. — Мне воўк, табе гадзіннік. Згода?
Луп адразу захваляваўся. Поўсць на спіне ўзнялася, вочы бліснулі. Ён моўчкі скокнуў, але ланцуг паваліў яго назад, на спіну, але ён зноў кінуўся, і зноў ланцуг спыніў яго.
— Адыдзі, нешта ён цябе не выносіць, — сказаў Карнюшка.
— Прадасі, не?
Карнюшка азірнуўся навокал, набраў у грудзі паветра і рашыўся.
— Давай пяцьдзесят рублёў і забірай.
— Нахабнік ты, дзядзька. А хто слова даў, што ў лесе ваўка свайго выпусціць, хто дармовыя грошы атрымаў?
— І яшчэ атрымаю.
— Ёлуп ты, дзядзька. Чацвяртны даю.
— Пяцьдзесят, — несла Карнюшку. — А не хочаш, не чапіся. Мне толькі за яго шкуру сто рублёў дадуць.
— Ну, то глядзі.
Шахоцька адышоў убок. Ён быў не з тых, хто лёгка адракаецца ад сваіх задумак, і таму, памеркаваўшы, стаў на пустую скрыню і абвёў рынак вачыма. За гандлёвымі радамі ён убачыў таго, каго меўся ўбачыць, — чалавека ў міліцэйскай форме. Шахоцька злез са скрыні і рушыў да яго.
— Участковы Мень, — прадставіўся малады круглатвары сяржант, калі Шахоцька крануў яго за плячо. Ён нават узняў руку да фуражкі.
— У чым справа, грамадзянін?
Шахоцька сціпла апусціў вочы.
— Таварыш Мень, — пачаў ён, — тут, на рынку, творыцца чорт ведае што. Прывёз адзін дурань ваўка і людзей палохае. Воўк без намордніка, на людзей кідаецца. Бяда можа здарыцца. Мяркую, ён увогуле шалёны. Чуеце, як сабакі брэшуць? Прыстрэліць яго трэба.
Сяржант агледзеў Шахоцьку з галавы да ног і задумліва ссунуў фуражку на патыліцу.
— Воўк? Не можа быць!
— Самы сапраўдны, — пацвердзіў Шахоцька.
Сяржант вагаўся.
— Ану пайшлі глянем, — урэшце згадзіўся ён.
Шахоцька кінуў цупкі позірк на кабуру і з надзеяй спытаў:
— А пісталет пры вас?
— Усё, што належыць, пры мне, — сказаў міліцыянер і зноў падазрона агледзеў Шахоцьку.
Яны праціснуліся праз рады кааператыўшчыкаў і апынуліся перад прывязаным ваўком і Карнюшкам, які стаяў побач. Сяржант прыклаў руку да фуражкі, прадставіўся, і адразу нехта сярод разявак, пачуўшы яго прозвішча, хіхікнуў.
— Як ён сказаў?
— Мень — рыба такая ёсць.
— Ха-ха, мень. Ану дай зірнуць!
Міліцыянер спахмурнеў.
— Чаму парушаеце? Хто такі будзеце?
Шахоцька глядзеў і ўсміхаўся танкагубым ротам.
Карнюшка сумеўся.
— Вось, прадаю, — сказаў ён.
— Чаму без намордніка? Гэта сапраўды воўк?
— Так, воўк.
Сяржант з непрыхаванай цікавасцю ўгледзеўся ў Лупа.
— Каго ён пакусаў?
— Нікога, — развёў рукамі Карнюшка. — Спытайце ў людзей, яны праўду скажуць.
— Не паспеў, дык яшчэ пакусае, — вытыркнуўся Шахоцька, і Луп адразу кінуўся. Жоўтыя вочы яго злосна бліснулі, а поўсць стала дубка.
— Бачыце, таварыш Мень, — сказаў Шахоцька.
Нехта зноў засмяяўся.
— Так, усё ясна, — адрэагаваў сяржант. — Адвязвайце яго і пайшлі.
Карнюшка спалохаўся.
— Куды ісці, навошта?
— Куды трэба. Хаця б у лясок за шашой. Там усё і вырашым.
І сяржант выпнуў грудзі і красамоўна пакратаў кабуру.
— Не маеце права, — сказаў Карнюшка. — Воўк прыручаны. Аб ім у газетах пісалі.
Сяржант задумаўся.
— Усё роўна трэба штрафаваць. Прашу за мной у падсобку, аформім пратакол. Пасля — ваўка адсюль прэч.
Карнюшка не на жарт спалохаўся.
— За што, даражэнькі? У мяне і грошай няма.
— А хто табе іх цэлы капялюш насыпаў? — кпіў Шахоцька.
— Навошта чапляешся? — спыталі Шахоцьку з натоўпу. — І Меня гэтага прывёў. Якая табе карысць?
— Што за Мень такі жвавы?
— Не Мень, а мент, — скаламбурыў нехта.
Навокал зноў засмяяліся. Сяржант зазлаваў.
— Даставім прымусова, калі сам не пойдзеш. Супраціўляцца не раю.
Як толькі міліцыянер з паніклым Карнюшкам пайшлі да службовага памяшкання ў глыбіні рынку і натоўп зноў парадзеў, Шахоцька пашукаў вачыма і ўрэшце заўважыў тое, што яму было і трэба: напаўсагнуты жалезны прэнт з метр даўжынёй. Прэнт ляжаў убаку, ля плота. Шахоцька падняў яго, прасунуў адзін канец у шчыліну між дошкамі і выправіў.