— Хутка мне адной ужо нельга будзе заставацца. А раптам дрэнна стане? Тэлефона і ў суседзяў няма. Дый за цябе душа баліць.
Ён пакратаў лоб.
— Праз два тыдні вазьму адпачынак, а потым пабачым. А сёння трэба ехаць. Пакуль дабяруся да тых Лаўнікаў, якраз будзе заўтра.
І Мастак пачаў расказваць пра Лаўнікі — якая гэта незвычайная вёска ў глыбінцы. Так, сапраўды незвычайная. І вёскі, і гарады, і людзі вельмі ж адрозніваюцца адзін ад аднаго. У тых Лаўніках, напрыклад, сяляне ўсё самі вырашаюць. Там у іх нешта накшталт савета старэйшын. Нават міліцыю ніколі не выклікаюць, калі нашкодзіць хто часам ці паб’юцца маладыя. Самі пакараюць вінаватых. І браканьерства амаль не здараецца, хаця жыўнасці навокал хапае. Працуюць сумленна, жывуць сціпла.
— Ты, вядома, ідэалізуеш тую суполку, — сказала Рыта, збіраючы мужу рукзак. — Хутка заспяваеш зусім іншае: варта пасварыцца там з кім-небудзь. Але я адсюль нікуды больш не варухнуся нават. Досыць па чужых кутках бадзяліся. Нараджу дзіцё і буду проста жыць.
— Ісціну кажаш. Каб усе жанчыны меркавалі так, свет быў бы інакшы.
Рыта падумала і сказала:
— Твая бяда ў тым, што ты ўвесь час імкнешся той свет перайначыць. А ў яго свае законы. Баюся я за цябе, нібы за дзіцё малое.
Мастак задумаўся.
— Ды не, — сказаў ён няўпэўнена, — зусім не. Я толькі хачу маляваць свае карціны і каб мне не перашкаджалі.
Рыта машынальна спрачалася, каб адцягнуць час, і паволі збірала яго ў дарогу. Яна хадзіла на кухню, заглядала ў ванную, напакавала цэлафанавую торбачку. Прынесла рукзак. Раптам спынілася.
— Ты паедзеш, а мне чамусьці вусцішна. Быццам нешта благое павінна здарыцца. І сон прысніўся дрэнны. Нібы забегла да нас дзіцё чужое, ды нейкае яно страхалюднае, пачварнае, галава ненатуральна вялікая, як у карліка. Нечаканасць будзе, і нядобрая.
Мастак паціснуў плячыма.
— Забабоны.
Ён зноў падышоў да акна і пачаў глядзець. Прыкметна ўжо развіднела, і ён бачыў удалечыні шашу, якая агінала іх раён. У баку ад шашы віднелася між новабудоўляў плошча памерамі амаль са стадыён, з драўлянымі павецямі, лаўкамі, невялікімі цаглянымі буданчыкамі — гэта быў так званы «птушыны рынак». Неўзабаве яго збіраліся зносіць, але пакуль што рынак жыў. І ў халодную гэту раніцу ён нагадваў мурашнік: завіхаліся паасобку альбо, наадварот, паўсюдна збіраліся ў гурты людзі.
Мастак не любіў развітанняў, не любіў пакідаць жытло і адпраўляцца ў дарогу, калі на вуліцы золак, а жонка адчувае сябе блага. Але праз якія дзве-тры гадзіны ён мусіў ісці. У нядзелю запаведнік мелася наведаць сталічная дэлегацыя, і яму загадалі прыехаць раней. Мастак, хоць і належаў да багемы, быў чалавекам з ярка выяўленым пачуццём абавязку і таму лічыў, што служба, якая б яна ні была, усё-такі служба і нічога тут не зробіш.
Рыта паставіла рукзак, дакранулася да мужавага пляча.
— Не крыўдуй. У цябе цудоўныя карціны. Але я не хачу заставацца адна.
Мастак прытуліў яе.
— Не трэба палохацца адзіноты. Як сказаў мысліцель, пекла — гэта іншыя.
— Не буду.
— Вось і разумніца.
Мастак паклаў рукзак на зэдлік і зазірнуў, што там ёсць. Здаецца, усё было пры ім — бялізна, ручнік, зубная шчотка, шкарпэткі, бутэрброд. Кніга ў дарогу. Ён зноў вярнуўся да акна.
9 гадзін
Машына збочыла якраз там, дзе шаша шырокім кальцом агінала горад звонку. Шафёр, хлопец гадоў дваццаці, быў чамусьці асабліва пахмурны і незадаволены. Пад яго злосным позіркам (адно вока было зялёнае, другое блакітнае) Гаспадар мітусліва адчыніў задні борт і па-старэчы закрактаў — палез у кузаў.
Толькі тады ён падхапіўся, бо зразумеў, што трэба скакаць уніз. Ён моўчкі ўзняў вялікую лабатую галаву і скасавурыў вока на Гаспадара. Той выцягнуў з кішэні і соўгаў шафёру ў рукі пакамечаную паперку.
— Дзякуй, Рыгор, — сказаў Гаспадар. — Вось, бяры. А просьба ўсё тая ж: будзеш ехаць назад, дык забярэш і мяне. Мо аднаго, а мо і з ім прыйдзецца вяртацца. — Ён тузануў ланцуг.
— Не для мяне ўсё гэта, — пагардліва пакруціў галавой Рыгор і адпіхнуў паперку.
— Зроб ласку, братка!
— Мо сорам у кішэню і ўвогуле з табой тут застацца?
— А ты і службу служы і сябру дапамажы!
Рыгор задумаўся, пасля незадаволена кіўнуў і палез у кабіну.
— Ну, чакай!
Яго машына кранулася з месца і неўзабаве згубілася на шашы сярод такіх жа машын. Гаспадар схаваў грошы і агледзеўся.
Было вусцішна і золка. На бетонных слупах яшчэ гарэлі начныя ліхтары. Чарада варон павольна махала крыллямі ў хмарным халодным небе. Часам налятаў на перамену надвор’я парывісты, куслівы вецер, узнімаў пад нагамі слупкі пылу. Чэзлыя дрэвы паабапал шашы паспелі ўжо агаліцца ад лісця. Стаяла позняя восень, але снегу яшчэ не было.
Гаспадар крануў ланцуг, і ён пакрочыў следам, зрэдку пазіраючы яму ў спіну жоўтымі вачыма, у самай глыбіні якіх часам мільгала нешта каламутнае і цяжкое. Дарога, па якой яны рухаліся, вяла, дарэчы, да «птушынага рынку», ці Рабаўнічай Гары, — месца, дзе калісьці напаўлегальна, а зараз законна гандлявалі ўсялякай жыўнасцю і гаспадарчай дробяззю.