Читаем Луп полностью

— Я сам яму волю дам. Людзі грошы сабралі, спадзяваліся. А ты вёску нашу ганьбіш!

Луп драмаў, але адразу ачуняў, калі машына спынілася, і моўчкі рвануўся да Рыгора, які закінуў нагу на борт. Той адхіснуўся.

— От дурань. Я ж цябе вызваліць хачу!

— А ён не хоча! — узрадаваўся Карнюшка.

Не дастаўшы Рыгора, Луп больш не лажыўся.

Голад і боль у параненай лапе зноў пакрысе развярэджвалі ў ім лютасць. Машына, між тым, стаяла на месцы, а Гаспадар з Рыгорам спрачаліся, і ў голасе Рыгора ён чуў уладныя інтанацыі, а Гаспадар адказваў, як залежны. І зноў у яго свядомасці ўзніклі дзіўныя думкі аб тым, што Гаспадар не такі ўжо ўсемагутны і моцны, якім здаваўся дагэтуль. Сёння ён упершыню мог параўноўваць таго з іншымі людзьмі, асабліва на рынку, і параўнанне было не на карысць Гаспадара.

— Вылазь, дзядзька, — стаяў на сваім Рыгор.

— Паехалі, — енчыў Карнюшка. — Ну што ты такі злосны, Рыгорка? Не паспаўшы, не паеўшы, а хутка і цямнець пачне…

— Каб не з адной мы вёскі, дзядзька Сямён, я б цябе проста выспеткам у азадак! Няхай бы пахадзіў з ваўком па лесе, пашпацыраваў у нерушы, мо хто з вас і злупіў бы з другога шкуру па дарозе.

— Хе-хе-хе, — з палёгкай засмяяўся Карнюшка. Ён адчуў, што навальніца мінула і Рыгор памякчэў.

Яны зноў паселі ў кабіну, і машына рушыла. Рыгор доўга маўчаў, думаў аб нечым сваім, выкурыў цыгарэту, а потым, калі Карнюшка пачаў было дзяўбці носам, сказаў:

— Не спі, дзядзька. У дарозе, кажуць, без размоў, што ў хаце зімой без дроў. Дык ты як, жывёлу сваю выпусціш ці папрэш здаваць у райзаг?

— А навошта лішняе звяно ў прыродзе? Няхай за яго лепш авечка жыве. Яму ўсё роўна гамон, а я сто рублёў страчу.

Рыгор здзівіўся.

— А ці салодка небараку на ланцугу? Што за жыццё?

— Жыць многія хочуць — і пасцельныя клапы, і мухі, і чарвякі, што ў страўніку, бывае, завядуцца, — сказаў Карнюшка сугучна думкам, якія чуў на рынку. — Але не ўсім ім жыць дазволена.

— Цьфу, параўнаў! — Рыгор зноў здзівіўся такім яго словам.

— Ты маўчы. Адзін уратуе, а другі заб’е. А што атрымаецца, калі мы яго ў лесе пакінем? Ён жа сам сабе ежу не здабудзе. Загіне.

— Ну, гэты хутка навучыцца. А загіне — дык хоць вольны.

Ехаць было яшчэ парадкам. Гутарка іх з узаемнымі папрокамі (Карнюшка, праўда, больш не рызыкаваў абразіць Рыгора) памалу перабівалася ўсё больш працяглымі паўзамі, а потым і ўвогуле спынілася. Карнюшку па-ранейшаму хіліла ў сон. Праз якую гадзіну ён ужо спаў. Галава яго апусцілася на грудзі, і ён нават захроп. Рыгор некалькі разоў знарок піхнуў яго плячом, але той не прачынаўся. Тады ён спыніў машыну, рухавік не выключаў і зірнуў праз акенца ў кузаў. Ужо цямнела, але ён убачыў Лупа, як двума агеньчыкамі бліснулі яго вочы.

Рыгор асцярожна вылез з кабіны і зазірнуў за борт.

— Не бойся, дурань, — сказаў ён.

Словы хутчэй адносіліся да яго самога, бо каб смела залезці ў кузаў і скінуць з ваўка аброжак з ланцугом — на гэта ён рызыкнуць не мог. Але нешта трэба было зрабіць менавіта цяпер, пакуль Карнюшка спаў. Рухавік, між тым, заглух.

Луп змрочна зірнуў яму ў вочы і злёгку прыўзняў верхнюю губу, так што агаліліся вострыя белыя іклы. І тады, баючыся, што прачнецца абрыдлы яму чалавек і перашкодзіць зрабіць тое, што ён даўно хацеў зрабіць, Рыгор стаў на прыступку кабіны, намацаў, гледзячы ў насцярожаныя бурштынавыя вочы, вузел ланцуга, разблытаў яго, размахнуўся і выкінуў за борт.

Ланцуг бразнуў у цішыні. Нерухома стаялі абапал дарогі дрэвы, дробнае кустоўе, зелянелі яшчэ высахлыя папаратнікі. Там-сям хіліліся долу паваленыя сухія галіны елак. Карэнні, мох. У вышыні ціха-ціха шумелі верхавіны соснаў. Невядомая птушка раптам жаласна крыкнула адтуль, потым яшчэ раз, але ёй ніхто не адазваўся.

— Скачы, — сказаў Рыгор. — Калі пашанцуе, то і сам пазбавішся ад ашыйніка, можа, і жыць будзеш. А не скочыш — такі табе лёс: назад у сабачую будку ці шкуру ў райзаг.

Луп зірнуў на яго спадылба, вочы ваўка зноў бліснулі, і Рыгор не вытрымаў позірку. Луп жа раптам адчуў, што нешта змянілася. Пад нагамі быў усё той жа насціл кузава, побач смярдзючая рэч, ад якой патыхала машыннай змазкай (гэта быў рухавік); стаяў паблізу лес, шапацелі ўсё тыя ж сосны, але нешта было не так. Ланцуг. Ён быў адвязаны і ляжаў за бортам. Луп убачыў, як Рыгор вынес з кабіны рукавіцы, надзеў іх, падышоў ззаду да машыны, падняў з зямлі ланцуг і пацягнуў. Цяпер ён не сумняваўся ў тым, што яму рабіць. Але сэрца забілася хутчэй, калі ён, як і раніцай, скокнуў уніз. На зямлі ён не ўтрымаўся на нагах і ўдарыўся пысай, бо зноў адчуў рэзкі боль у лапе, але неўзабаве ўжо стаяў. Ён бачыў, як Рыгор адступіў да кабіны, залез туды і машына кранулася з месца, абдаўшы яго смярдзючым дымам. Ён чхнуў і збянтэжана саступіў убок. Доўга яшчэ ён прыслухоўваўся да шуму машыны, якая аддалялася ўсё далей, і ўрэшце здагадаўся: ён вольны. Дрыжыкі хваляй прайшлі па яго спіне.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Последний
Последний

Молодая студентка Ривер Уиллоу приезжает на Рождество повидаться с семьей в родной город Лоренс, штат Канзас. По дороге к дому она оказывается свидетельницей аварии: незнакомого ей мужчину сбивает автомобиль, едва не задев при этом ее саму. Оправившись от испуга, девушка подоспевает к пострадавшему в надежде помочь ему дождаться скорой помощи. В суматохе Ривер не успевает понять, что произошло, однако после этой встрече на ее руке остается странный след: два прокола, напоминающие змеиный укус. В попытке разобраться в происходящем Ривер обращается к своему давнему школьному другу и постепенно понимает, что волею случая оказывается втянута в давнее противостояние, длящееся уже более сотни лет…

Алексей Кумелев , Алла Гореликова , Игорь Байкалов , Катя Дорохова , Эрика Стим

Фантастика / Социально-психологическая фантастика / Разное / Современная русская и зарубежная проза / Постапокалипсис