Читаем Мера часу полностью

— Яна так сварыцца на Юру, так сварыцца,— шаптала Феня.— Кажа, што ён няўдзячны хлопчык. Каб застаўся ў іх, дык яму б на ўсё жыццё было вельмі добра… А так і сабе нашкодзіў і іх зняславіў, уцёк, нібы яны яго крыўдзілі… Яна прасіла, каб Іван Гаўрылавіч паклікаў Юру і спытаўся, ці дакранулася яна да яго калі хоць пальцам… А Іван Гаўрылавіч супакойвае яе. Кажа, што і сам шкадуе, што так атрымалася, але прымусіць Юру, каб ён вярнуўся, не можа. Дык ведаеш, што яна сказала? Яна сказала, што і не хоча, каб Юра вяртаўся, а толькі хоча сказаць, што яны дрэнна тут дзяцей выхоўваюць. А далей я не чула, што яны гаварылі…

Рэня хоць і не вельмі любіла Феніны сакрэты, на гэты раз слухала з цікавасцю. Пасля яны разам з Феняю пабеглі, каб дачакацца, пакуль выйдзе тая жанчына ад Івана Гаўрылавіча. А калі жанчына садзілася ў сваю «Пабеду», Рэня паказала ёй язык. Яна была рада, што Юра ўцёк.

Так і застаўся Юра ў дзіцячым доме. Тут скончыў дзесяцігодку, адсюль паехаў у Ленінград паступаць у інстытут.

Юра быў на год старэйшы за Рэню і калі ад’язджаў, Рэня, разам з іншымі дзецьмі, праводзіла яго. Яны гурбою пайшлі на станцыю, па чарзе падносячы Юраў чамадан. Тады Рэня зайздросціла Юру, што вось ён ужо скончыў дзесяць класаў і едзе ў вялікі, слаўны горад, а ёй яшчэ трэба чакаць цэлы год. I не вельмі думала Рэня, ці сустрэнуцца яны з Юрам яшчэ калі-небудзь.

Сёлета Рэня ў час адпачынку ездзіла дадому, у Калінаўку. Паехала да Разаліі Сямёнаўны, да Івана Гаўрылавіча. Многія выхаванцы і выхаванкі, пакуль не жаніліся, не выходзілі замуж, прыязджалі ў адпачынак, на канікулы «дадому», як яны гаварылі. У гэта лета сабралася асабліва многа былых выхаванцаў. Разалія Сямёнаўна выцягнула ўвесь запас раскладушак, каб як размясціць гасцей.

Прыехаў на свае канікулы і Юра. Вось тут усё і здарылася. За гэты месяц, поўны красак і сонца, птушынага шчэбету і пахучых суніц, Юра зрабіўся для Рэні самым дарагім чалавекам на свеце. Цяпер яна вельмі любіць успамінаць тыя сонечныя ліпеньскія дні. Успамінаць да драбніц усе сустрэчы, усе словы, якія гаварыў Юра.

У дзень прыезду пайшла Рэня ў сад паглядзець, як падраслі тыя дрэвы, якія яна некалі пасадзіла. Падыходзіць да чарэшні, а на ёй сядзіць хлопец у белай кашулі, рве спелыя чырвоныя ягады і па адной, асцярожна, кладзе ў кошык. Рве, кладзе і спявае: «Пока я ходить умею, пока глядеть я умею…»

— Хто гэта на маю чарэшню ўзлез? — грозна спыталася Рэня, прыглядаючыся і не пазнаючы, хто зрабіў напад на яе гадаванку.

Хлопец перастаў спяваць, павярнуўся, леваю рукою рассунуў галіны, і на Рэню глянулі два смяшлівыя кавалачкі неба.

— Гэта ты, Юра?! — хутчэй ужо здзіўлена, чым грозна, сказала Рэня.

А Юра пазіраў на яе зверху ўніз і ўсміхаўся. Неяк вельмі хораша ўсміхаўся.

— Дык чаму гэта вы, паважаны грамадзянін, на маё дрэва ўзлезлі? — адразу ўзяла жартаўлівы тон Рэня.

— Справа ў тым, паважаная грамадзяначка, што дрэва гэта не ваша, а маё,— адказаў Юра.

— Як гэта ваша? Дрэва належыць таму, хто яго садзіў…

— Зусім правільна… А паколькі я яго садзіў, дык і чарэшні абіраю.

— Як гэта? — збілася з жартаўлівага тону Рэня.— Пяты рад ад плоту — мае дрэвы, я добра запомніла.

Юра яшчэ зручней прымасціўся, нібы збіраючыся сядзець на дрэве вельмі доўга, і загаварыў:

— У наш век, у век космасу, радзіме патрэбны адукаваныя людзі. I як дрэнна, што адна з яе дачок, дажыўшы да дваццаці пяці гадоў, не навучылася лічыць нават да пяці.— Ён гаварыў наўмысна сур’ёзна, з робленым дакорам.— У якім радзе стаіць гэта дрэва? Давай, дзяўчынка, будзем лічыць па пальцах…

Рэня, не даслухаўшы да канца Юравай павучальнай тырады, павярнулася спіною да чарэшні, на якой ён сядзеў, і пачала лічыць рады.

— I праўда,— цераз плячо глянула яна на Юру.— Прашу прабачэння,— зрабіла Рэня рэверанс і зноў перайшла на жартаўлівы тон: — Але мне можна дараваць, што я да пяці лічыць не ўмею, бо я ж — рабочы клас. А ты хоць і ў навуку падаўся, а лічыць таксама не навучыўся. Мне не дваццаць пяць гадоў, а дваццаць адзін!

Рэня стаяла пад дрэвам, а Юра сядзеў на ім, і яны перакідваліся жартамі.

— Хоць я і недавучка, але затое рыцар. Я магу падараваць табе гэта дрэва. На, бяры яго, — сказаў Юра і раптам скочыў з чарэшні проста да Рэні. Яна аж войкнула — спалохалася, што хлопец скочыў з такой ладнай вышыні. Але Юра прызямліўся вельмі ўдала, нават не рассыпаўшы чарэшняў, што былі ў кошыку.

Пасля яны хадзілі па садзе і ўспаміналі, якое дрэва, які куст тут хто пасадзіў. Кусты агрэсту разрасліся густа-густа. Усе яны былі ўсыпаны дробнымі зялёнымі ягадкамі. Юра сарваў адну, пажаваў і скрывіўся.

— Кіслая… аж Ленінград відаць — пажартаваў ён, а пасля пачаў расказваць пра горад, у якім вучыцца, пра сваё студэнцкае жыццё, пра сяброў. А Рэня расказвала пра Мінск, пра гадзіннікавы завод. I было ім абодвум лёгка і радасна.

Назаўтра яны разам з іншымі выхаванцамі пайшлі на прысядзібны ўчастак дзіцячага дома палоць кукурузу. Атрымалася так, што Рэня працавала побач з Юрам. Яны зноў жартавалі, палолі навыперадкі — хто лепш і хто хутчэй.

Перейти на страницу:

Похожие книги