Читаем Месяц дваццацi рук (на белорусском языке) полностью

Яго разбудзiла слабае стракатанне званка. Ён выверыў свой хранометр з двума цыферблатамi - для зямнога i "дарожнага" часу. "Час абедаць". Памыўшыся, ён спусцiўся ўнiз.

Абед праходзiў у поўным маўчаннi. Доктар Паўльсэн не хаваў сваёй заклапочанасцi, Фултан стараўся трымацца як мага спакайней, Iрына i Аляксей час ад часу абменьвалiся загадкавымi позiркамi. Знiзу, дзе абедалi астатнiя сябры экiпажа, чуўся прыглушаны гул галасоў.

- Колькi сёння сабралi ксемедрыну? - спытаў Лагерсан.

- Дванаццаць кiлаграмаў, - адказаў Фултан. - Яшчэ два выхады, i мы збяром неабходныя шэсцьдзесят кiлаграмаў.

- Трэба абысцiся адным выхадам.

- Чаму? Усё роўна паляцець мы зможам не раней чым праз двое сутак.

- Ведаю, - буркнуў Лагерсан. - Але я хачу, каб усе сябры экiпажа былi ў наяўнасцi, калi спатрэбiцца памяншаць вагу карабля. Складзiце спiс, без чаго, па-вашаму, можна абысцiся на караблi, - звярнуўся ён да Iрыны. - Укажыце вагу кожнага прадмета. Вы, Аляксей, падрыхтуйце спiс прадметаў не сама першай патрэбы. А вы, доктар... Падлiчыце мiнiмальны харчовы рацыён i крайнi запас кiслароду. Баюся, што нам прыйдзецца тужэй зацягнуць рамянi i напружыць лёгкiя.

Ён устаў i накiраваўся да выхаду.

- Ага, ледзь не забыў, - сказаў ён. - Заўтра, калi закончыце збор ксемедрыну, забяры зброю ва ўсiх сябраў экiпажа.

- Вывернi кiшэнi, Джон.

Джон сярдзiта чмыхнуў.

- Табе кажуць, вывернi кiшэнi! - Камандзiр павысiў голас.

На стол упалi цыгарэты, запальнiчка, пiлка для пазногцяў, ражок-амулет.

- А дзе бумажнiк? - зароў Лагерсан.

- Вось, трымайце, - буркнуў Джон, выцягнуўшы бумажнiк з задняй кiшэнi штаноў. - Камандзiр, - хрыплым, умольным голасам сказаў ён. - Тут толькi фатаграфii жонкi. Яны i ста грамаў не важаць.

- Маўчаць! - загадаў Лагерсан. - Кладзi ўсё. I гадзiннiк таксама.

Джон згроб усё сваё дабро ў кучку i панура паплёўся на месца. На стале ўжо высiлася груда разнастайных рэчаў, глянуўшы на якiя сэрца ў старызнiка забiлася б ад радасцi: тут былi вечныя асадкi, шпiлькi для гальштука, нататнiкi, ланцужкi, каляровыя алоўкi.

- Наступны.

Да стала падышоў чалавек гадоў сарака з ускудлачанымi рыжымi валасамi. Гэта быў навiчок.

- Клiфт Iвенс, камандзiр, - далажыў ён.

- Вывернi кiшэнi, Клiфт.

- Ужо зроблена, камандзiр, - сказаў Клiфт i паказаў вывернутыя кiшэнi ў штанах.

- Выдатна.

Клiфт хацеў ужо iсцi, але Лагерсан вярнуў яго.

- Здымi пярсцёнак, Клiфт.

- Я ўжо спрабаваў, камандзiр. Нiчога не атрымлiваецца.

- Намыль палец. А калi i тады не дапаможа, прыйдзецца табе расстацца з пальцам.

Экiпаж у поўным складзе сабраўся ў навiгацыйным салоне. Усе стаялi тварам да сцяны карабля.

- Выкiньце ўсё гэта, i хутчэй, - загадаў Лагерсан, як толькi закончыўся агляд.

Чацвёра людзей паднялi брызент з сабранымi рэчамi i накiравалiся ў шлюзавую камеру. Пяць хвiлiн праляцелi ў напружаным, панурым маўчаннi. Нарэшце загарэлася зялёнае вочка, потым чырвонае i зноў залёнае.

- Што паказвае iндыкатар?

- Дзвесце пяць кiлаграмаў лiшку, камандзiр.

Арнэ Лагерсан разгублена правёў рукой па твары. Выкiнуты ўсе сталы, канапы, кухонныя iнфраплiты, засцерагальныя рамянi, посуд. Яны засталiся без усяго, што стварае пэўны камфорт, вызвалiлiся ад таго, што не з'яўляецца прадметам крайняй неабходнасцi. Ад чаго ж яшчэ можна адмовiцца?

- Фултан! - сказаў камандзiр. - Колькi засталося аварыйных клапанаў скафандраў?

- Пяць.

- Тры выкiнуць. Доктар Паўльсэн, хадземце са мною. Нам трэба абмеркаваць пытанне аб рацыёне.

Як толькi доктар i камандзiр карабля паднялiся наверх, касманаўты ўсхваляваныя i занепакоеныя тым, што здарылася, разбрылiся па зале. Адны селi проста на падлогу i, сцiснуўшы галаву рукамi, застылi нерухома з заплюшчанымi вачыма; другiя, стараючыся не думаць аб трагiчнай перспектыве, спрабавалi жартаваць i смяяцца.

Боба Арджытая, дзевяностакiлаграмовага бамбiзу i здаравяка, акружала невялiкая група людзей.

- I што гэта такое - сiла цяжару? - штучна-наiўным тонам спытаў Боб.

- Адразу вiдаць, што ты асёл. Зараз я табе растлумачу, дурань. - Яго сябра Джо, якi стаяў побач, закасаў рукавы. - Уявi сабе, што ты сядзiш у сябе ў небаскробе, на сорак першым паверсе. Дык вось, я бяру цябе за шкiрку i выпiхваю ў акно. А потым знянацку адпускаю. Ну што, зразумеў? Што тады здарыцца, га?

- Гэта ты дарма, Джо, - сказаў нехта. - Нiчагуткi не здарыцца. Боб з духу пярэчання возьме ды на злосць табе не ўпадзе.

Нехта засмяяўся, нехта злосна пацiснуў плячамi, а тыя, каму абрыдла слухаць няўдалыя жарты, адышлi.

- Смех смехам, сябры, - сказаў Боб, - але я i праўда не разумею гэтага. Няма чаго строiць з сябе разумных - вы ведаеце роўна столькi, колькi i я. Iндыкатар паказвае, што ў нас дзвесце пяць лiшнiх кiлаграмаў. Дык няўжо, каб iх чорт узяў, з-за нейкiх там нiкчэмных двухсот кiлаграмаў мы павiнны тарчаць на гэтым Тытане? Паспрабуй тут разбярыся.

- Ну, цi ж не асёл ты? - усклiкнуў Джо. - Так i быць, паспрабую растлумачыць табе больш наглядна. Уявi, што ў цябе ёсць шалi з чашамi. На адной чашы сядзiш ты, а на другой ляжыць груз, дзевяноста кiлаграмаў. Што здарыцца, калi ты таксама важыш дзевяноста кiлаграмаў?

Перейти на страницу:

Похожие книги