Вечар быў ціхі i цёплы. Гітлераўцы адпачывалі. З-за ельнічку даносілася чужая п'яная песня з выкрыкамі ды час-ад-часу кулямётныя чэргі дазорных, якія, мусіць, нудзіліся ў адзіноце...
«Ну, вось, Аляксей, мы i скончылі дзень! Нялёгкі быў гэта дзень», — праплыло ў Нінінай галаве. Ён даўно быў далёка, яе Аляксей, яе друг, яе муж, але яна ўвесь час адчувала яго поруч i часта, ці ў горы, ці ў радасці, нібы размаўляла з ім.
Даўно не бачыліся Ніна i Аляксей. Ён пайшоў у армію яшчэ да вайны, зімою, калі Ніна вучылася ва ўніверсітэце, на апошнім курсе. Толькі паўгода яны i пражылі разам. Затое, якія гэта былі паўгода: іншыя, напэўна, пражыўшы ўсё жыццё, не маюць столькі шчасця, колькі яны за тыя хуткія месяцы.
З першага ваеннага лета ад яго не было ніякіх вестак. Яна ведала толькі, што ён недзе на фронце, можа, нават недалёка ад яе, ад Мінска, бо яго часць была пад Брэстам. Калі Мінск пачалі бамбіць, ёй вельмі не хацелася пакідаць дом, куды ён мог раптам забегчы або прыслаць вестачку. Толькі на пяты дзень гэтых страшных бамбёжак Ніна вышла з горада, намерваючыся дабрацца да Магілёва, а адтуль паехаць да сваякоў, што жылі пад Масквой.
Але адысці ёй удалося недалёка: наперадзе немцы высадзілі дэсант. Ніне прышлося вярнуцца ў Мінск...
У той страшны год у яе нарадзілася дачка... I тады, i пасля, калі яна з падпольшчыкамі разносіла лістоўкі i калі яна жыла ў атрадзе, усе гэтыя тры доўгія гады разлукі, Аляксей быў амаль заўсёды з ёю. Робячы што-небудзь, Ніна думала, як бы на гэта паглядзеў Аляксей. I калі здавалася, што ён быў бы задаволены, радавалася.
Дзе ж ты цяпер, Аляксей?!
...Яна ішла па ахутанаму змрокам узлессю, якое было густа ўсеяна варонкамі. Між ствалоў сосен усюды валялася ссечанае сукаватае галлё.
Стала спускацца з пагорка ўніз i неўзабаве апынулася на куп'істай мяккай сенажаці. Шум крокаў, заўважыла Ніна, адразу змяніўся: не было чуваць больш трэску сухіх галінак, ногі аднастайна шорхалі ў высокай някошанай траве. У твар патыхнула халоднай балотнай вільгаццю.
Цемра хутка гусцела — закрывала не толькі кусты наводдаль, але i траву пад нагамі. «Як яны вядуць у такой цемры?»— здзіўлена падумала Ніна пра Тураўца i Дразда, якія ішлі ўперадзе.
Усе брылі моўчкі, — адчувалася, што людзі вельмі стаміліся. Было толькі чуваць, як хлюпаюць ногі ды часам рззка бразгае жалеза.
Хутка мясціна, па якой ішлі, пагоршылася — пачалася дрыгва.
Пад нагамі, пад тванню, у адным месцы Ніна адчула крохкі слізкі пласт. «Лёд яшчэ...»
Партызаны, якія неслі Шабуню, часта спыняліся адпачыць: Шабуня быў поўны целам, важкі.
Напэўна, ад начной прахалоды да яго зноў вярнулася прытомнасць.
— Хто вядзе роту? — перамагаючы боль, запытаў ён.
— Дрозд...
— Дрозд?.. — Ён памаўчаў i сказаў, каб паклікалі Тураўца.
Туравец неўзабаве падышоў.
— Нічыпар, ты?.. Прашу... — Шабуня гаварыў нязвычна, перарывіста, з прыдыханнем. — Паклапаціся, Нічыпар, пра маіх... малых... Перадай жонцы... — ён памаўчаў, відаць збіраючы сілу, але так i не дагаварыўшы, што перадаць, запытаўся: — Ты чуеш?
— Чую, Змітро, — чую!
— Нічыпар...
— Што?
Ён раптам ціха, але рашуча прамовіў:
— Пакінь мяне...
— Чаму гэта — пакінуць?
— Хопіць, Нічыпар... мучыць людзей...
Шабуня спакойна скончыў:
— Мне ўсё роўна мала засталося...
Ніна ведала, што Шабуня пражыве нядоўга. Яна дзівілася вынослівасці гэтага чалавека, які страшэнна пакутаваў ад раны. Ён ні разу не застагнаў, толькі калі было вельмі балюча, моцна лаяўся.
Ніна чакала, што Туравец адкажа на просьбу камандзіра роты. Заспакоіць, што ён выжыве? Скажа няпраўду, якую гавораць слабым i даверлівым?..
— Не плявузгай глупства, Змітро!— знарок няласкава, строга, быццам загад, прамовіў Туравец.
Ніне спадабаўся такі тон размовы з Шабунем. З ім інакш нельга.
Нібы падмацоўваючы свае словы, камісар здароваю рукою ўзяўся за біла насілак, Шабуня паспрабаваў пярэчыць, але нечакана замармытаў штосьці незразумелае, — пачалося трызненне.
Наперадзе цьмяна зашарэла шырокая паласа вады.
«Што гэта?— стала ўзірацца Ніна.— Лужына якая ці балота? Ці, можа, рэчка?» — Пабачыўшы, што Дрозд паслаў у разведку двух чалавек, Ніна намацала купіну i апусцілася на яе. Карыстаючыся прыпынкам, іншыя партызаны таксама адпачывалі ды ціха перагаворваліся.
— Давайце сюды! — вынырнула з цемры постаць.
Усе заварушыліся, група выцягнулася ўсцяж вадзяной паласы. Гэта была рэчка. «Відаць, Турэйка»,— падумала Ніна.
Перш за ўсё пачалі перапраўляць раненых. Рэчка была даволі глыбокая, i насілкі з параненымі прыходзілася несці на плячах. Калі першыя перабраліся на той бок, Ніна, палажыўшы камсамольскі білет i іншыя дакументы пад хустку, каб не замачыць, пайшла таксама ў ваду.
З кожным крокам Ніна апускалася ўсё глыбей.
Паверхня вады ўжо даходзіла да грудзей, а дно ўсё зніжалася. Вада была такая халодная, што ў яе заняло дыханне.
«I як гэта ніякая хвароба не адужае мяне?» — мімаволі падумала Ніна.
Калі вышла на бераг, доўга не магла сагрэцца, яе трэсла ад холаду. Адзенне хлюпала i ліпла да цела.
Усе адразу хутка рушылі далей, стараючыся ў хадзе хоць крыху сагрэцца.
4...