Ён змоўк i перавёў вочы з Ганусi кудысьцi ў прастору. Ноч маўчала. Гэта не была споведзь у хвiлiны пошукаў ратунку. Гэта было выяўленне пералому ў яго псiхiцы. Бесперапынная прыгнечанасць душы скалынулася i паплыла на спад. Надзея прынесла веру, а вера - радасць i ўздым. Настала маўчанне. Ганусiн бацька нейк раптам апынуўся каля студэнта i сеў блiзка пры iм. Той, што рабiў труну, таксама падышоў i сеў поблiзу. Самы старэйшы так угнуўся наперад, што здавалася, ён зараз грымнецца вобземлю. Можа ён i сапраўды быў вельмi слабы. Але ён слухаў вельмi ўважлiва. Распухлы твар яго быў нерухомы, i вочы прыжмураны. Абвязаны па галаве, ён прытулiўся левым вухам да сцяны i, здавалася, баяўся адарвацца ад яе. Таўсматы ляжаў i час ад часу пакашлiваў. Яго пачынаў апаноўваць кашаль. Галава яго, пакладзеная на кулак, вiдна была з-за комiна. Можа ён слухаў, а можа i драмаў. Той жа, у летнiм пiнжаку, як злез быў з печы на пачатку студэнтавага расказа, так i праседзеў на зямлi, прытулiўшыся плячыма да печы. Час ад часу ён выцiраў рукавом лоб. Ён пацеў. I зусiм нейк яшчэ больш абвяў. I гэты або слухаў, або так увайшоў у сябе, што можа i не чуў нiчога. Студэнт, гаворачы, паглядаў на iх на ўсiх, але без якой бы там нi было асцярогi i боязнi. Яны ж разам клалi таго быка i разам злеглi хворыя! Прытым жа ён уведаў, што жыве Бацькаўшчына! Ён дома, ён на сваёй зямлi! Ён нiкога не баiцца! Няхай яго баяцца каму трэба! Ёсць дзеля чаго яму быць у прыўзнятым настроi. Ганусiн бацька нагнуўся над iм. Твар яго быццам палаў. Нейкi рух быў у душы гэтага чалавека. Ён пачаў шаптаць яму:
- Ты не гавары так многа. Я хачу, каб ты праспаў ноч. Сон найлепшае табе будзе лякарства.
Зноў студэнт ажывiўся. Штосьцi вялiкае i слаўнае ён хацеў сказаць гэтаму чалавеку, якi так адразу разгадаў яго i раскрыў перад iм яго надзею. Ён знайшоў яму спосаб да ўцехi i сяброўскае слова, тады калi i сам ён быў у нейкiм маўклiвым утрапеннi. Нейкiя страшныя надзеi ўсклалi на яго плечы вялiкi цяжар i пячаць задумы пакiнулi на твары. Студэнт яснымi вачыма глядзеў на яго. I ў гэты момант з шчырай душой ён сказаў, горача i заўзята:
- Я завуся Ўладзiмiр Ярмалiцкi. А мацi мая завецца Галена Ярмалiцкая.
Так ён выказаў частачку таго вялiкага i добрага пачуцця, што было ў яго да гэтага чалавека. Цяглося маўчанне. Самы старэйшы ўсё сядзеў на печы, прыткнуўшыся вухам да сцяны, i не зводзiў вачэй з Ганусi. Часамi твар яго на колькi момантаў ажыўляўся, вочы загаралiся i галава ўскiдалася ўгару. А пасля зноў настрой ападаў, галава спускалася i ўвесь ён як бы паглыбляўся ў нейкае бяздум'е. Вiдаць, што нейкi страшны рух адбываўся ў душы гэтага чалавека. Але яго не заўважалi. Увага ўсiх, так як i яго самога, кiравалася на Ганусю. Усе на яе глядзелi ўважлiва, як бы гэта яна нейкiм чынам зачапiла боль цi радасць у душы кожнага з гэтых людзей. I таўсматы прыглядаўся на яе, i той, што рабiў труну. Студэнт глядзеў на яе з бурным захапленнем, а бацька са смуткам. Толькi той, што ў лёгкiм пiнжаку, глядзеў сабе ў каленi i перажываў штосьцi маўклiвае, як бы сваё прыгнечанне. Аднак жа, чым далей, тым болей, губы яго пачыналi перасмыквацца, i безуважнасць яго зменшылася. I ў яго душа пачынала кiпець. Можа ён памацнеў, выграўся i адлежаўся. Можа выбiлася наверх прасвятленне думкi, i пачуццё рвалася ў буру. Колькi разоў ён глянуў на Ганусю, але цяжка было заўважыць, што ляжала тады на яго твары. Бадай-што найбольш было змрочнага нездаволення i можа злобнасцi. Таўсматы ж час ад часу абводзiў вачыма ўсiх i кожнага добра разглядаў. Ён як бы баяўся кожнага або верыў толькi ў злыя пачаткi яго. Гануся можа нават i зусiм не заўважала, што многiя з iх усiх глядзяць пiльна на яе i, напэўна, штосьцi ў душы сваёй да яе маюць. Яна сядзела сабе цiха, увайшоўшы сама ў сябе. Так як i бацька яе, яна была нечым уражана. Гэта льга было заўважыць па ёй i раней. Цяпер жа рысы гэтага востра павыразнелi. Трэба думаць, што студэнтава гаворка ўжо новымi гранямi дайшла да ўражлiвасцi яе душы. Той жа, што рабiў труну, так як i Ганусiн бацька, выбраў за пункт свае вялiкай увагi студэнта. Толькi Ганусiн бацька цiха перажываў штосьцi i быў у задуме. Гэты ж, здавалася, даходзiў да нейкiх новых бурных думак. Ён глядзеў на студэнта i раптам адводзiў вочы ўбок, i зноў кiраваўся позiркам да маладога чалавека. Пэўна тое, што i ён прагнуў штосьцi сваё расказаць студэнту. I было падобна, што ён такi зараз i пачне гаварыць, бурна i заўзята.
- Хто вы такiя тут у гэтай адзiнокай хаце? - сказаў пошапкам студэнт, узнiмаючы галаву блiжэй да Ганусiнага бацькi.