- Я муж вашай Веры. Я ведаў ад Веры, што вы ёсць на свеце. Я сяджу i думаю, што рабiць з гэтаю хатаю. Бо, бачыце, сам я з Верай жыву далёка, пад Менскам, ля Асiпавiч. А хата пустуе. У мяне там дом новы. А тут такое глухое месца, што нiкому гэтае хаты нi выпусцiш, нi прадасi. А тым часам Вера бядуе па гэтай хаце. Дзеля Веры я час ад часу прыязджаю сюды глядзець гэтай хаты, цi не гнiе яна i цi не сарваў хто замка з дзвярэй. Але i то сказаць, хто паквапiць сюды лезцi ў пустую хату. Апроч гэтай лавы, тут нiчога i няма. Вера плача i кажа:
- Гэтая хата для мяне, як царква таму, хто Богу молiцца. Мы там, кажа, з нашым Мiкалаем (гэта з вамi) радзiлiся, там бацька i мацi памерлi...
- Мацi памерла?! - выгукнуў Мiкалай Сямага.
- Ужо другi год пайшоў, як памерла.
Ён пераначаваў з шваграм у хаце, а назаўтра ўдвух выехалi пад Менск. Колькi часу ён жыў у Веры, а пасля стаў вучыцца ў Менскiм унiверсiтэце. Пасля ён праходзiў аспiрантуру, i адзiным апiрышчам яго душы была Вера. Яна плакала аб Ганусi i Марыне i аб невядомай ёй Надзеi Богуш - што яны так далёка i голасу iх ён не пачуе. Ён ужо чытаў лекцыi ў iнстытутах, як новыя прыступы смутку аб дзецях пачалi мучыць яго. Безнадзейнасць апанавала яго. Страшная здогадка, што яны страчаны для яго навек, заўладала iм. Ён пачаў слаць у Нясвiж пiсьмы. I так на многа год. Божа лiтасцiвы! Што гэта такое здарылася! Мусiць жа, хоць адно пiсьмо дайшло туды! Бо адтуль пiсьмо! Ад Надзеi. I ад iх, ад Ганусi i Марыны. Яны ўжо сталi такiя, што напiсалi пад пiсьмом свае iмёны. Ён убачыў iх польскiя подпiсы. Жах агарнуў яго. Прышэлец на родную зямлю, чужынец, вырывае iх душу i на яе месца пакiнуць хоча сваю, iм чужую! Гэта было яму, як злая атрута. Ён пачаў кiдацца i шукаць спосабу, каб што парадзiць. Ён ехаў у навуковую камандзiроўку за гранiцу. На станцыi Гарадзея, у страшным бяздум'i, ён пачаў спускацца з вагона на перон. А як жа! Ён выйдзе на Нясвiжскую дарогу i дабрыдзе да iх. Ён убачыць iх, хоць на момант. Вельмi далiкатна жандар папрасiў яго падняцца назад у вагон. Ён падпёр твар рукамi, i скруха здушыла яго. Пасля гэтага было ад iх яшчэ адно пiсьмо. Надзея пiсала, што дастала службу ў маёнтку. Яна парабчанка i мае нейкi хлеб. Ён пачаў змагацца сам з сабою. Ён стараўся прыглушыць у сабе памяць аб iх. Як тупое ўспамiнанне далёкiх сноў, вобраз Надзеi ўставаў перад iм i мучыў яго. Ён гнаў ад сябе гэты вобраз, як прыгавораны да смяртэльнай пакуты вясёлы жыццялюбец гонiць думку аб нябыццi. Так прайшла яго маладосць, i так плыла яго сталасць. Увосень тысяча дзевяцьсот трыццаць дзевятага года ён дапаў да старога Багушэўскага дома на Новым Месце ў Нясвiжы. Яму здавалася, што сэрца разарве яму грудзi, калi ён увайшоў у знаёмыя яму прасторныя сенцы. Як жывыя сведкi аб змарнованых дваццацi гадах жыцця стаялi перад iм Ганна i Марына. Яму трэба было перарадзiць душу, каб прывыкнуць да страшнай думкi, што ў маленстве сваiм яны абедзьве для яго страчаны. Маленства iх адышло ў вечнасць. Перад iм стаялi яны, так падобныя адна на адну, i ў iх былi ўжо тыя рысы, што астануцца навек i не адыдуць на пераломы веку ў блiзкае ўжо юнацтва. Ён доўга ў Нясвiжы не быў. Разам з Надзеяй i iмi дзвюма ён адразу выехаў у Менск. Ён i Надзея ашуквалi самi сябе, стараючыся думаць, што нiчога страшнага не адбылося i што да iх вярнулася шчасце, якога яны праглi гэтулькi год! Але была бязлiтасная праўда: у iх ужо не было iх юнацтва. У кожнага з iх яно прайшло ў сумнай адзiноце.