Я адчуваў сябе стомленым i адначасова ўзбуджаным да астатняй ступенi. Я не хацеў болей думаць пра тое, што адбудзецца на свiтанку, не хацеў думаць пра смерць. Гэта не мела нiякага сэнсу - я ўсё роўна натыкаўся паўсюль толькi на словы цi на пустэчу. Але як толькi стараўся падумаць пра нешта iншае, як адразу зноў бачыў рулi, нацэленыя на мяне. Я, мусiць, дваццаць разоў запар перажыў свой расстрэл, i аднойчы мне нават здалося, што ўсё адбываецца наяве: я, вiдаць, на хвiлiну заснуў. Мяне цягнулi да мура, я адбiваўся, я прасiў у iх прабачэння. I потым, як падскочыў, -прачнуўся i адразу зiрнуў на бельгiйца: я баяўся, што ў сне закрычаў. Але той спакойна гладзiў вусы, ён нiчога не заўважыў. Можа быць, каб была такая ахвота, я здолеў бы трошкi паспаць: апошнiя двое сутак я не заплюшчыў вачэй i быў зняможаны ўшчэнт. Але мне не хацелася так марна трацiць дзве астатнiя гадзiны жыцця: яны прыйшлi б па мяне на свiтанку, разбудзiлi i павялi за сабой, i я, ачмурэлы яшчэ спрасонку, здырдзiўся б, не паспеўшы нават i пiкнуць; я не хацеў гэтага, я не хацеў памiраць, як бязглуздае быдла, я хацеў зразумець. Апроч таго, я баяўся, што ў мяне пачнуцца кашмары. Я ўстаў, прайшоўся сюды-туды па пакоi i, каб неяк перамянiць думкi, пачаў прыгадваць, як жыў раней. На мяне нахлынула цэлая хваля бязладных успамiнаў. Былi i добрыя, i благiя - прынамсi, так я называў iх раней. У маёй памяцi праплывалi розныя гiсторыi, твары. Я зноў убачыў аблiчча таго малога novillero, якi даведаўся, што жонка падчас la Feria ў Валенсii наставiла яму рогi, я ўбачыў твар аднаго свайго дзядзькi, твар Рэймана Грыса. Мне прыгадалася, як у 1925 годзе я тры месяцы бадзяўся без працы, як я ледзь не здох з голаду. Я ўспомнiў i тую маркотную ноч у Грэнадзе, калi заснуць мне прыйшлося на лаве: я тады не еў ужо тры днi, мяне грызла шалёная роспач, я не хацеў здыхаць. Цяпер я толькi крыва ўсмiхнуўся. З якой прагнай упартасцю я ганяўся за шчасцем, за жанчынамi, за свабодай. Навошта было ўсё гэта? Я хацеў вызвалiць Гiшпанiю, захапляўся Пi-i-Мiргалем, далучыўся да анархiстаў, я выступаў з прамовамi на публiчных сходах: я ўсё прымаў усур'ёз - так, нiбыта я быў бессмяротны.
I вось цяпер у мяне было такое ўражанне, што ўсё жыццё адразу паўстала перада мною, i я падумаў: "Якая ж гэта жудасная хлусня". Яно болей нiчога не каштавала, бо цяпер - яно кончылася. Я казаў сабе: як жа я мог вось так проста шпацыраваць па бульварах, выскаляцца з нейкiмi дзеўкамi, ды я б нават пальцам не варухнуў, каб ведаў, што мне давядзецца вось так памiраць. Усё жыццё было цяпер перада мной, абведзенае рысай, нiбы накрытае каўпаком, але ўсё, што было ўсярэдзiне, - было незавершанае. Я пастараўся неяк яго ацанiць. Я вельмi хацеў бы сказаць сабе: гэта было цудоўнае жыццё. Але яму немагчыма было даць нiякай ацэнкi - гэта быў усяго толькi невыразны накiд; я ўсё жыццё пражыў, пазычаючы за кошт вечнасцi, я нiчога тады не разумеў. Але нiшто цяпер не выклiкала ў мяне шкадавання: можа, у мяне i была цэлая безлiч такога, пра што я мог бы пашкадаваць - прыемны смак "Мансанiльi" цi мора ўлетку, калi я плаваў у невялiкай затоцы непадалёк ад Кадыкса, - але смерць сцерла з усяго гэтага былую прывабнасць.
Раптам бельгiйцу прыйшла ў галаву чароўная думка.
- Сябры, - сказаў ён, - я магу - вядома, калi на тое будзе згода вайсковага кiраўнiцтва, - перадаць ад вас некалькi слоў цi, можа, якi напамiнак людзям, якiя вас любяць...
Том буркнуў:
- У мяне нiкога няма.
Я нiчога не адказаў. Том хвiлiну счакаў i потым здзiўлена зiрнуў на мяне:
- Ты нiчога не перадасi Кончы?
- Не.
Мне была непрыемна гэта яго змоўнiцкая спагадлiвасць, але я быў сам вiнаваты: пра Кончу я расказаў мiнулаю ноччу, хоць, безумоўна, павiнен быў бы стрымацца. Увесь апошнi год я пражыў побач з ёй. Яшчэ ўчора я быў гатовы адсекчы сабе руку, каб зноў убачыць яе хоць на хвiлiну. Таму я i загаварыў пра яе - гэта было неадольна. А цяпер - цяпер мне зусiм не хацелася яе бачыць, я не меў чаго ёй сказаць. Мне нават не хацелася сцiснуць яе ў абдымках: маё цела выклiкала ў мяне агiду, яно было шэрае i потнае, - i я не ўпэўнены, што не адчуў бы такой самай гiдлiвасцi i да яе. Вядома, Конча будзе плакаць, калi даведаецца пра маю смерць; можа, некалькi месяцаў ёй не будзе хацецца жыць. Але памерцi ўсё ж павiнен быў я. Я, а не яна. Я ўспомнiў яе прыгожыя i пяшчотныя вочы. Калi яна глядзела на мяне, нейкая частка ад яе пераходзiла мне. Але цяпер я падумаў, што ўсё ўжо скончана: каб яна зiрнула на мяне цяпер, яе позiрк застаўся б у яе ў вачах i нават не дакрануўся б да мяне. Я быў адзiн.