«Ці не з ёй паспеў пагаварыць, i яна будзе прасіць? Цяжка ёй будзе адказаць... Розуму ў яе не адняць, але розум яшчэ дзіцячы...» — падняўся Вайцех насустрач дачцы.
Вецер гнаў лісце са смеццем ззаду за Андрэем, а яму здавалася, што за ім нехта ідзе.
Параўняўшыся з платамі, што выводзілі вуліцу з вёскі, ён размінуўся з Раманам Сідаркам. Той у белай рубашцы мчаўся сцежачкай на веласіпедзе i нават не павярнуў да Андрэя галавы.
«Да Алі... да Вайцехавай папёрся... Заляцаецца, брыдота... I ён пасведчыць на мяне...»
...I мо толькі гэты раз Якубчык не мог ведаць, што ён мае рабіць...