На мёртвым твары зноў узьнікла, як бы праяўленая сьмерцю, маміна ўсьмешка. Толькі тут скеміла Паліна, чаго неставала ўсе апошнія дні, тыдні. Усё жыцьцё, колькі Паліна сябе памятае, поруч быў немалады твар зь нязьменнай добрай усьмешкай, ласкавымі рысамі, што так спалучаліся зь пявучым «маміным» голасам. «Алтайскі галасок у нашай мамы, ведаеце, якое ў гарах рэха!» — любоўна казаў бацька. I яшчэ: «Мама наша ў дзяцінстве подмазку зьела, заўсёды ўсьміхаецца, праўда, дзеці?» Ён прывёз маму зь Беламорканалу, з ссылкі, бо яна — «з кулакоў». Простыя бацькавы словы пра гэта калісьці пужалі Паліну, патрабавалі іншых, а ня тых, што ў яе да маці, пачуцьцяў. Яны вершаў, паэм столькі завучвалі пра Паўліка Марозава. Свой жа Паўлік, здавалася, не перажываў, нават калі бацька, выпіўшы (рэдка, але здаралася), абзываў сябе з выклікам: «шкоднік», «вораг народу». Мама яго тады старалася адвесьці ад дзяцей, пакласьці спаць. Як з гэтым было справіцца дзіцячай душы, зыбістай сьвядомасьці? Павал спраўляўся лёгка. А можа і ня так, проста характар у яго мужчынскі. («Крэмень наш Павал», — казаў бацька ці то жартам, ці то ўсур’ёз). Паліна ж ня раз начамі, плачучы, перапісвала маме і бацьку біяграфію. У яе фантазіях бацькі былі тыя ж самыя, з мамінай заўсёднай усьмешкай, бацькавай рэзкай гарачлівасьцю, але на Беламорканал яны езьдзілі па камсамольскай пуцёўцы, і, наогул, усё, як у кнігах і ў кіно.
На агародзе каля старой ігрушы Франц капаў магілу Кучарысе. Прыкідваў, з чаго зрабіць труну. Ні дошак акуратных няма, ні інструмэнту. Капаў і ў думках абыходзіў двор за дваром, усю вёску, прыгадваючы, што і дзе бачыў. Пайшоў шукаць дошкі, а калі прынёс патрэбнае (нават зламаную пілу патрапіў, паўабгарэлую сякеру), пабачыў, што Паліна пабывала ўжо ў схованцы-склепе і дастала шэры валік саматканага палатна. Моўчкі, кожны сабе, рабілі. Франц толькі сачыў увесь час, ці ня трэба памагчы. Прынёс з калодзежа вады, калі Паліна, падышоўшы да ямы, пастаяла, як бы што забыла і ўспамінала:
— Я сама абмыю, хоць крыху.
Бацька можа і не ўхваліць, што не на могілках, а проста на агародзе будзе пахаваная. Але і суседзі так — кожны ў сваім садзе. Уся вёска цяпер могільнік. Хату яны самі будавалі, бацька з маці. Вось так разам рабілі, як Франц з Палінай, але зусім-зусім іншую працу рабілі. Паліне, што ведала іх, лёгка ўявіць, як радаваліся адно аднаму і таму, што робяць. Асабліва пасьля гэтага Беламорканалу. Хату ставілі, нарадзілі Паўла, тут жа неўзабаве — Паліну, працавалі ў калгасе, бацька рахункаводам, мама — «куды пашлюць», дзеці сямігодку канчалі, і тут зноў забралі бацьку. Перад самай вайной. У школу хоць ты не хадзі, але Павал не адступіў, цягнулася ўсьлед за ім і Паліна, а там дырэктрыса-гістарычка тлумачыла дзецям: у такім вось выступленьні таварыша Сталіна тое і тое, усё што ён калі-небудзь сказаў — вернае назаўжды. Вось і пра рахункаводаў. Ворагаў трэба ўмець распазнаць пад любым абліччам, маскай: кулак не абавязкова зь бярданкай або абрэзам пад крысом. Ён можа з бухгальтарскіх касьцяшак стрэліць. Як сказаў таварыш Сталін. Сядзіць сабе такі ў калгаснай канторы і шчоўкшчоўк, як з-за вугла. Нашчоўкаў і, калі ласка: каровы зь бяскорміцы дохнуць, сьвіньні і куры ад чумы, зерне мокне, гніе, на працадні — грамы.
Вясковыя «лічыльнікі» бацькі з жоўтымі касьцяшкамі чамусьці не забралі, калі быў вобыск, яны дачакаліся ягонага звароту з турмы. Калі вайна пачалася. Прачнулася ноччу Паліна ад спалохана-шчасьлівага крыку маці:
— Дзеці! Дзеці!
Затым усе дружна грэлі ваду, памагалі бацьку мыцца, як немаўля, паставілі яго ў балею — вялізную і нізкую — і палівалі вадой, намыльвалі, церлі вяхоткай. А ён зусім не саромеўся свайго голага цела, непраўдападобна худога, адны косьці. Шапялявіць стаў, зубоў пярэдніх няма. Маці са страхам пытала:
— ІПто ў цябе са сьпінай? Па ўсім целе — што гэта за шнары?
Спачатку бацька нічога не расказваў. Што т а м было, як ён вызваліўся. Вайна ішла, зь лесу сталі наведвацца «акружэнцы», хутка гэтае слова было выцесьнена іншым: «партызаны». У бацькі нейкія справы зь імі пачаліся, адразу ж. Некуды іх вадзіў, зьнікаючы нанач, а то і на некалькі сутак. Аднойчы загаварыў:
— Паслухайце і забудзьце. Невядома, што яшчэ нас чакае ў жыцьці. Але хачу, каб вы ведалі ўсё.