У вёсцы пакуль было ціха; бойка і ноч, відаць, замарылі і немцаў, і яны, пэўна, павячэраўшы кавай і выставіўшы вартавых, драмалі цяпер на саломе ў сваіх бліндажах. Але Жаркоў адчуваў, што кожную хвіліну можа ўспырхнуць у неба ракета, асвяціць іх, − і хлопец, не адрываючы позірку ад варожага паднябесся і прыгнуўшыся, шпарка сігаў усё далей і далей уніз, пад ахоў хмызняку. Аднойчы ён зірнуў убок − у цемры чутны былі крокі Гушчына, які, таксама схіліўшы вялікую ў касцы голаў, тупаў уніз; далей у чорным на раллі змроку адчувалася прысутнасць людзей − іх рухі і ціхі тупат; убачыць жа нельга было нікога.
Так яны дайшлі да самага нізу з паскаю снегу па-над балотам. Сяржант прыпыніўся, апусціў хобат, побач чуйна прысеў Тарасікаў. Жаркоў паглядзеў уздоўж свайго ланцуга − зводдаль цераз снег мільганула некалькі цьмяных постацей, снег зарыпеў пад нагамі, і ў сяржанта здрыганулася сэрца: цішэй! Хоць бы на лёдзе не грукалі, хоць бы ціха як-небудзь! Яму хацелася скамандаваць, прыкрыкнуць на неасцярожных, але абстаноўка не давала таго зрабіць, заставалася адно толькі трываць і чакаць. Затым ён сам, шорхаючы ботамі, перайшоў умерзлы калючы снег і ступіў на лёд між кустоў. Тарасікаў, схіліўшыся, тупаў следам.
Жаркоў стараўся ступаць як мага цішэй, падмерзлы шурпаты лёд быў уначы слізкі, як шкло, і гумовыя падэшвы бясшумна слізгалі па ім. Адны только кулямётныя колы ніяк не хацелі суцішыцца, глуха, настойліва стукалі на кожнай самай маленькай няроўнасці, і сяржант ад напружання моцна сціскаў сківіцы. У кустах адразу стала цямней, усякая сувязь з яго ланцугом абарвалася; аднойчы пачулася толькі, як шаснула непадалёк дрэўца, пэўна, Гушчын неасцярожна закрануў яго. І ўсё сціхла, прапала, да часу стаілася. «Толькі б ціха… толькі б ціха», − бязгучна шапталі ў цемры сяржантавы вусны, і ён крадком, як начны злодзей, не адрываючы ад лёду падэшваў, сунуўся ў змрок, абмінаючы кусты, купіны, хамлакі скрапанай леташняй травы.
Але зусім ціха перайсці балацявіну ім не ўдалося. Раптоўна і таму жахліва пачулася ў цішыні, як непадалёк затрашчэў, зашастаў лёд, пляснула вада, − відаць, нехта сунуўся ў ледзьве падмерзлую палонку, прабітую мінай. Жаркоў прысеў ад нечаканасці, страхавіта стаіўся побач Тарасікаў. Сяржант вылаяў у думках неасцярожнага байца, але неўзабаве зноў маўклівая цемра запанавала над балацявінай, і ён рушыў далей.
Праз якую хвіліну ён вылаяўся ў другі раз ужо сам на сябе − пад нагамі раптоўна і, як здалося яму, страшэнна гучна затрашчэў, зашастаў, увагнуўся лёд, сяржант кінуўся ўбок, толькі намачыўшы падэшвы. Разам з Тарасікавым яны збоч абышлі гэтае разбітае мінамі месца, прыгнуўшыся, прадраліся праз лазовы гушчар, які сцябаў па тварах намерзлымі розгамі і чапляўся за кулямёт, выглянулі на невялічкую прагаліну. Тут яны насцярожана і страхавіта на момант прыселі. На прагаліне ля купіны, прыпаўшы шчакой да лёду і выкінуўшы наперад руку, ляжаў забіты. Здавалася, ён лёг толькі нядаўна, нібы прыслухаўся да чагосьці пад лёдам. Жаркоў перавярнуў яго нягнуткае, ужо скалянелае цела − то быў маладзенькі, як і Тарасікаў, баец па прозвішчы Верацённы, які прыйшоў у іх роту з апошнім папаўненнем. Жаркоў прыпамятаў, як калісь за дзень да наступлення ў горача натопленай камандзірскай зямлянцы гэты Верацённы дапамагаў парторгу выпусціць «баявы лісток» і хімічным алоўкам, бы на якім экзамене, старанна выводзіў: «Уваб’ём асінавы кол у магілу фашысцкіх захопнікаў!» «Невядома, ці ўдалося хлопцу забіць хоць аднаго фашыста, а сам ужо… гатоў», − падумаў Жаркоў і, спахапіўшыся, рушыў далей.
Яшчэ праз хвіліну нейкая розга гучна лязгнула па Тарасікавай скрынцы, Жаркоў прыпыніўся, каб сказаць: «Цішай!» − і ў гэты момант цемра над балотам раптам прарвалася, ноч знікла, здалося, загарэлася неба, незразумела і суладна ў светавым жаху крутнуўся і шаснуў убок хмызняк; доўгая цень Тарасікава матлянулася між кустоў і смыкнула да хлопца. Імгненна адчуўшы бяду, Жаркоў распластаўся на лёдзе і закінуў угору голаў − у небе, губляючы вогненныя кроплі, імчала на іх ракета. Наўздагон ёй данёсся глухаваты кароткі стрэл.
Жаркоў сцяўся ад неспадзяванасці, прыціснуўся к долу, адчуўшы, як нешта абарвалася ў яго грудзях. Пакуль яшчэ ракета імчала ў небе, хлопец зірнуў убок, але ў кустоўі адно толькі ззялі на лёдзе агністыя плямы-водбліскі, перарэзаныя чорнаю блытанінай ценяў. Нікога з яго байцоў нідзе не было відаць.
Ракета патухла, сяржант пачакаў крыху, аслеплены цемрай, і толькі памкнуўся ўстаць, як у неба ад вёскі скокнулі адразу дзве новых, недзе збоч і зводдаль яшчэ адна, і адразу ж захлібнуўся, загрукацеў, разбурыў цішыню кулямёт. Як і надвячоркам, мільготкія апантаныя пісягі-трасы пранізалі хмызняк.
«Заўважылі… заўважылі… заўважылі… − стукала ў грудзях сэрца. − Эх ты!.. Эх!..»
− Бягом! − гукнуў Жаркоў на Тарасікава, які знік недзе побач, і раптам выразна адчуў, што ўсё задуманае, спадзяванае паляцела ў нябыт. Іх убачылі, асвяцілі, асляпілі, далей не было ўжо чаго таіцца, трэба было як мага хутчэй прарвацца з балота пад укрыццё маленькага ўзмежка пад плотам на краі гародаў.