Капітан Васілевіч другі год ваяваў у гэтым палку і перажыў чатырох, розных па характары, яго камандзіраў. Некалі з паўгода ён быў камандзірам шостае роты, той самай роты, рэшткамі якой камандуе цяпер сяржант Жаркоў, пасля стаў камандзірам батальёна. Ён ведаў тут характары ўсіх афіцэраў і ўсіх старых салдат і сяржантаў, якіх, як умеў, вучыў і выхоўваў, і якіх хутка і няўхільна менела за час наступлення. Батальён быў нядрэнны, ротныя падабраліся ўсе смелыя дзелавітыя хлопцы, Васілевіч хоць і не на шмат апярэдзіў іх па гадах, але быў ім за старэйшага ў добрым сэнсе, яго паважалі і яму верылі, а ён давяраў. І цяпер вось камбат вельмі непакоіўся, што ад былога складу і ад былых добрых традыцый, аснаваных на ўзаемаразуменні і вайсковым узаемападначаленні, хутка нічога не застанецца. Сённяшняя атака пераканала яго, што няўдалае яе паўтарэнне прывядзе да пагібелі ўсяго батальёна. Вядома, нумар застанецца, прыйдуць і людзі − і камандзіры, і салдаты, батальён адновіцца, але калі ён, капітан Васілевіч уцалее, дык гэта ўжо будзе чужы, не яго, а іншы батальён. Таго ж, які ён скалочваў, як кажуць у войску, і палюбіў за стойкасць пад Ржэвам і ўпарты гераізм пад Дзямянскам, − таго ўжо не будзе ніколі.
Яшчэ Васілевіч быў упэўнены, што калі б Сахно дзейнічаў, як і ён, і праявіў бы настойлівасць у адносінах да камандзіра палка, дык той бы ўрэшце ўступіў. Але Сахно неяк дзіўна і раптоўна перамяніўся, заўпарціўся, відаць, нейкія іншыя, не зразумелыя Васілевічу намеры з’явіліся ў галаве яго былога намесніка.
Над хмызняком зноў пыхнуў шырокі водсвет, раздалася «кахках» і адначасна завізжэла ўгары. Васілевіч только паспеў прыжмурыць вочы, як непадалёк грымнула раз і другі. Цвёрдая змёрзлая зямля здрыганулася, і пагадзя некалькі асколкаў пляцнуліся ў траву непадалёк ад варонкі. Тым часам у небе зноў пыхнула і зноў завірашчэла ўгары. Васілевіч стрывожана паглядзеў у бок вёскі, Сахно неахвотна прысеў у варонцы. Адна Люся не кранулася з месца.
У гэты раз выбухі ірванулі ў тым месцы, дзе збіралася шостая рота.
− Каб не накрылі хоць, − заклапочана сказаў Васілевіч, услухоўваючыся ў ноч. − Заўважылі, мабыць. Яно і канешне: без камандзіра…
Але некалькі хвілін было ціха, пэўна, немцы проста трывожылі агнём. Тады Васілевіч, ачнуўшыся ад сваіх думак-клопатаў, устаў, ускочыў у варонку і стаў побач з Сахно.
− Слухай, Сахно! Ты разумееш, што будзе заўтра, калі атака зноў праваліцца? Батальён прабегае ноч і, вядома, не акапаецца? А калі заўтра контратака?
Аднак на Сахно і гэта не падзейнічала, ён бокам павярнуўся да свайго былога начальніка і з хвіліну маўчаў.
− Атака не захлібнецца, − пасля не дужа ўпэўнена аб’явіў ён. − Накручу хваста ротным − будуць старацца. А то ліберальнічалі з імі.
− Хто гэта ліберальнічаў?
− Дык было, − ухіліўся ад адказу капітан. Васілевіч нахмурыўся і засунуў рукі ў кішэні.
− Ты што маеш на ўвазе?
− А тое, што вы ўсё імкнецеся па-добраму, усё каб лады. А гэтыя лады да ладу не прывядуць. Ось што!
Люся, якая, здавалася, драмала дагэтуль, абыякавая да ўсяго, раптам ускочыла ад свае рацыі.
− А што ж, так як вы з усімі мацюгом ды мацюгом! На мацюгах, як на біцюгах, хочаце да Берліна даехаць?
Сахно павярнуўся і здзіўлена паглядзеў на яе.
− А ў вас хто пытае, малодшы сяржант?
− Камбат мае рацыю, − кінула Люся. − А вы не дужа зарывайцеся, хоць і да батальёна дарваліся.
− Маўчаць! − прыкрыкнуў Сахно. − Я вас умомант выганю адсюль. Ураз у штаб палка пойдзеце!
− Хоць зараз! − выпаліла Люся.
− Люся, маўчыце, − строга сказаў Васілевіч і пасля паўзы холадна вытлумачыў Сахно:
− Вось што, капітан Сахно! Майце на ўвазе, калі вы загубіце батальён, ні намеснікам, ні камбатам вам болей не быць. Камандзір палка вас сам пад трыбунал аддасць.
Сахно крутнуўся да Васілевіча, але не паспеў адказаць − зусім побач пачуліся крокі і ў цемры паказаліся чорныя постаці камандзіраў рот. Звяртаючыся да Васілевіча, яны паціху далажылі аб прыходзе, але былы камбат ад узрушання і нечаканае злосці на ўпартую дурасць Сахно не слухаў таго. Толькі зразумеўшы, што афіцэры звяртаюцца да яго, ён раптам упалым голасам кінуў:
− Дакладвайце капітану Сахно. Ён камандуе батальёнам.
Пасля Васілевіч вылез з варонкі, адышоўся на тры крокі, каб не замінаць людзям, якім ён быў ужо не патрэбны, і апусціўся на калючую ад марозу леташнюю свінуху.
4
Жаркоў бег у сваю роту.