«Вось так,— думаў Міхась,— у месцах зняволення дазволена ўсё: звычайны малапісьменны чалавек раптам можа зрабіцца папом, як мне расказваў былы катаржанін царскіх часоў Міхаіл Маркавіч Сталяроў пра свой «свяшчэнны сан» у Прыбайкаллі перад першай сусветнай вайной, калі ён знаходзіўся акурат у такім жа становішчы, як і я,— будаваў Транссібірскую магістраль,— і тыповы поп — фельчарам. І адначасова дурань ці тупіца будзе хадзіць у разумніках, а разумны чалавек застаецца ў дурнях. Тое ж самае можна сустрэць часам і на волі, але радзей, чым тут. Лагер — гэта млын, які перамолвае чалавечыя душы, характары і волю».
З такімі думкамі-развагамі Міхась і апынуўся ў знаёмых сценах лазарэта. Сцены былі знаёмыя, але з медперсанала знаёмых амаль што нікога не засталося. Не застаў ён там ні ўрача Раісу Паўлаўну Коршак, ні яе памочніка — фельчара Уладзіміра Раманюка. Іх кудысьці перавялі, а куды — ніхто добра не ведаў. Адны гаварылі — у Навушкі, другія — у Кяхту, трэція — у Заудзенск.
Паколькі яўнай, выразнай хваробы ў новага пацыента новыя медыкі не знайшлі, то і трымалі яго ў сваёй установе нядоўга. Падмацавалі сілы, далі магчымасць апамятацца ад усіх нягод і адправілі зарабляць пайку ці, як тады гаварылі, «искупать свою вину честным, добросовестным трудом».
А здарылася гэта недзе ў сярэдзіне лютага 1940 года, у час разгару ваеннага канфлікту на Карэльскім перашыйку.
Гусінае Возера і «сараканожкі»
На гэты раз Міхась трапіў не толькі ў другую калону, але нават і ў другое аддзяленне Южлага — у пасёлак Гусінае Возера. Там якраз і размяшчалася кіраўніцтва гэтага лагера, толькі трохі воддаль ад лагерных зон, у якіх марнелі тысячы зняволеных.
У адрозненне ад іншых лагерных зон, у калонах раёна Гусінага Возера (а іх там было тры) не было спецыяльна зробленых баракаў. Іх замянялі дацаны — памяшканні былога будысцкага манастыра, якіх там разам з храмамі стаяла некалькі. Незадоўга перад тым іх ачысцілі ад манахаў і свяшчэннаслужыцеляў. Пасля ўсе яны апынуліся ў становішчы Міхася і яму падобных зэкаў, толькі ў іншых рэгіёнах краіны. І вось у гэтых дацанах было набіта столькі жывых чалавечых душ, што, здавалася, як толькі трымалі іх сцены! Усё гэта нагадвала Міхасю Ленінградскую перасыльную турму 1937 года, дзе ён «парыўся» цэлых тры тыдні. Такая ж цесната, духата і бруд, такія ж вошы, клапы і іншыя паразіты, тое ж бяспраўе і свавольства мацнейшых над слабейшымі. Розніца была толькі ў тым, што там не ганялі «на свежае паветра» — на паднявольную і непасільную працу. А астатняе было ўсё тое ж самае. Дык то ж быў часовы прыпынак, а тут трэба было жыць і працаваць. Адным словам, становішча людзей гэтай бруднай «лазні» было безнадзейнае.
Рабацягі-дахадзягі, якіх афіцыйна ў газетах і па радыё называлі «камсамольцамі-энтузіястамі», неслі на сабе двайныя пакуты: і на непасільнай працы, і ў быту. З іх цяпер здзекаваліся ўжо берыеўскія памагатыя. Даводзілі бедалагаў да нематы, безнадзейнасці і адчаю.
У гэтых дацанах былі паспешліва збіты і нары, але яны маглі прыняць толькі частку незлічонай сям’і зняволеных. Нары, як правіла, займалі крымінальнікі. А да гэтай катэгорыі лагернікаў, як вядома, адносіліся зладзеі, рабаўнікі, рэцыдывісты і іншая брыдота. Яны верхаводзілі і там. Астатнія ж, а іх тысячы, валяліся на падлогах гэтых былых «свяшчэнных месц». Так што усе паразіты і з падлогі, і з нараў паўзлі на тых, хто быў унізе.
«Вось дык выйграў,— думаў сам сабе Міхась.— Больш як за два гады лагернага жыцця бачыў рознае, але такога яшчэ не сустракаў. Пэўна, тут і канцы аддам... Доўга ў такіх умовах не вытрымаеш. Лепш самому налажыць на сябе рукі, чым чакаць, пакуль прыйдзе яна з касою...»
А ўжо па той чыгунцы, якую пачынаў будаваць Міхась з нуля, пачалі хадзіць рабочыя цягнікі. Але гэта, як гаворыцца па-руску, «времянка». Кожны дзень замяняліся і шпалы, і рэйкі. Вось Міхася і накіравалі ў брыгаду, якая займалася гэтымі справамі. Як правіла, шпалы любой вагі насілі на сабе два чалавекі. А шпалы былі з лістоўніцы, цяжэйшай за дуб. Калі гэта шпала 2-й катэгорыі, яна важыла прыкладна 150 кілаграмаў, а 1-й — усіх 200. Што датычыць рэек, то іх цягалі па 5 чалавек, а то і па 10. Для Міхася ўсё гэта было не пад сілу, і яго брыгадзір-блатняк забракаваў. Пасля некалькіх «прыгожых слоў і пацалункаў» з боку брыгадзіра і майстра яго адправілі пуцявым абходчыкам. Але і ў гэтай ролі Міхась прабыў нядоўга.
Неяк здарылася так, што ён згубіў гаечны ключ, а гэта лічылася вялікім злачынствам. Наркамат шляхоў зносін узначальваў «верны ленінец», паплечнік «вялікага Сталіна» Лазар Майсеевіч Кагановіч. Вось ён, гэты «жалезны нарком», і выдаў пастанову, у якой гаварылася, што работнік чыгункі, які згубіць гаечны ключ альбо «лапу», будзе пакараны па ўсёй строгасці савецкіх законаў — аж да кары смерцю. І Міхась, улічваючы ўсё гэта, не пажадаў чакаць гэтых крайніх захадаў і вырашыў сам разлічыцца са сваім недарэчным жыццём. Тым больш што і «жыллёвыя ўмовы» вымушалі і піхалі на гэты крайні крок. Ён вырашыў дачакацца рабочага цягніка і кінуцца пад колы.