Так яны прагаварылі тры ночы. То Міхась хадзіў да Александровіча, то Александровіч да Міхася. Гаварылі яны больш на літаратурныя тэмы, а таксама і на тэму свайго лёсу і іх цяперашняга становішча.
— Хто цяпер застаўся з беларускіх пісьменнікаў, як ты думаеш? — спытаў Александровіч у Асцёрскага.
— Купала, Колас, Крапіва, Бядуля, Лынькоў, Броўка, Куляшоў... Я неяк слухаў радыёперадачу з Мінска, дык называлі гэтыя імёны,— сказаў Міхась,— а там, хто іх ведае.
— А няўжо Купала з Коласам уцалелі? Я ж ішоў з імі па адной справе,— задуменна гаварыў Андрэй Іванавіч.— Хоць бы ўжо гэтыя старыя ўцалелі, інакш капут будзе нашай беларускай літаратуры.
— А чулі, што і Дзям’яна Беднага пасадзілі?
— Вось гэтаму я ўжо ніяк не хачу верыць. Бо гэта ж — любімец Леніна.
— Дык Леніна зараз няма, а Сталін, кажуць, не вельмі паважаў яго за розум і прамату.
— Цікавыя, а дакладней — страшэнныя справы робяцца ў наш недарэчны час,— устрывожана гаварыў Александровіч.
Кожную ноч навылёт гаварылі яны паміж сабою, як самыя блізкія сваякі. Так шмат хто і думаў тады, калі назіраў за іх шчырай размовай.
Пасля трэцяй начной размовы Александровіча пагналі разгружаць параходы, а Асцёрскага яшчэ раз выклікалі па спісу і сказалі збірацца з рэчамі і рыхтавацца да выхаду. Ён ледзь паспеў паснедаць. Праз колькі мінут ён ужо стаяў у страі па чатыры. Хутка яны рушылі ў напрамку чыгуначнай станцыі, дзе ўжо стаялі падрыхтаваныя таварныя вагоны вузкакалейнай чыгункі. Калі ўсе вагоны былі запоўнены, цягнік крануўся і паехаў у напрамку Нарыльска. На гэтым і перапыніліся сустрэчы Міхася з Андрэем Александровічам на цэлыя дзесяцігоддзі!..
З хуткасцю чарапахі
На пачатку кастрычніка 41-га года раніцай цягнік Дудзінка — Нарыльск з пасажырамі-«камсамольцамі» «прызыву» 37—38 гадоў пачынаў свой стокіламетровы шлях. Астатнія дваццаць кіламетраў прыпадалі на сам пасёлак Нарыльск і на перагон Валёк — Нарыльск. Ішоў ён вельмі марудна, як чарапаха, з хуткасцю дзесяць кіламетраў у гадзіну.
Калі б у летні час, пасажыры любаваліся б навакольнаю прыродай, а так вось ляжы на голых нарах-палацях ці сядзі і глядзі праз акенца з кратамі на суцэльную цемень. А якраз у гэты час і пачыналася доўгая запалярная ноч, якая доўжылася больш за чатыры месяцы. На пачатку яе (з першых дзён кастрычніка) яшчэ можна было адрозніць дзень ад ночы, а потым знікала ўсякая розніца. Праўда, у кастрычніку яшчэ і снегу было малавата — столькі, колькі ў Забайкаллі ў студзені-лютым,— а пазней, пачынаючы з лістапада, яго намятае цэлыя горы. Тады карлікавыя дрэўцы з галавой хаваюцца ў яго гурбах.
Міхась першы раз у жыцці ўбачыў бяскрайнія прасторы тундры, пра якую ён ведаў да гэтага часу толькі па школьных падручніках па геаграфіі ды па газетах. І ён шкадаваў, што першая сустрэча з ёю супала з запалярнай ноччу. Ён добра ведаў, што не адзін раз яшчэ стрэнецца з ёю, але ж гэта будзе ўжо не першае ўражанне. Бо першае ўражанне, як і першае каханне, бывае самым моцным, трывалым і даўгавечным.
Пасажырам абрыдла такая марудная язда. Некаторыя з іх не вытрымалі і ўголас абураліся, толькі невядома на каго:
— Прападзі ты пропадам, такая язда! На кані і то куды хутчэй даехаў бы да месца.
— Дык дзе ж ты тут коней тых возьмеш?
— Коней няма, затое алені ёсць, сабакі,— не здаваўся сярдзіты.
— Хлопцы, вы на сённяшніх чыгуначнікаў не крыўдуйце, бо яны тут ні пры чым. Вінават той, хто будаваў гэту чыгунку,— сказаў маўклівы пасажыр.— Вінаваты праекціроўшчыкі, інжынеры, тэхнікі, майстры і тыя, хто іх падганяў,— лагерныя начальнікі.
— Адкуль табе ўсё гэта вядома? — спыталі ў яго.
— Адтуль, што я і сам будаваў гэту «магістраль».
— Значыць, і цябе трэба лаяць?
— І мяне. А што ж я, святы, ці што? Лаяць няможна толькі вялікіх дзеячаў і начальнікаў, бо яны недатыкальныя, а значыць, ніколі і нідзе не бываюць вінаватымі.
— Калі ж ты паспеў будаваць гэту дарогу, а сам толькі яшчэ едзеш разам з намі ў гэты бязлюдны край? — спыталі ў яго з процілеглага кутка.
— Калі, пытаеш? У 1935—1936 гадах, вось калі,— пачаў той свой расказ.— Скажу шчыра, што я трапляю сюды другі раз.
— За што ж цябе прывозілі сюды першы раз?
— Сам я шафёр. На машыне збіў жанчыну. Хоць яна і сама была вінаватая, але мне «за халатнасць» далі тры гады і прытарабанілі сюды. А потым «за сумленную і бездакорную працу» я меў скідку і праз два гады вярнуўся дамоў.
— А цяпер за што? — спытаў адзін з суседзяў.
— Цяпер ужо за тое, пра што і ў сне не сніў. Кажуць, што рыхтаваў замах на першага сакратара Заходне-Сібірскага абкома партыі таварыша Эйхе.
— Дык яго ж самога пасадзілі і, кажуць, кокнулі.
— Чуў я і пра гэта. Яго ўжо, у сваю чаргу, абвінавачвалі ў тым, што ён разам з Бухарыным, Рыкавым і Томскім рыхтаваў забойства Сталіна, Молатава, Варашылава, Кагановіча. Як бачыце, і тут на кожнага «забойцу» прыходзілася па адной «ахвяры».
— Якое шкодніцкае вынаходніцтва,— не стрымаўся нехта з пасажыраў-нявольнікаў.— І чаго толькі не навыдумляюць, каб як мага больш людзей загубіць ці загнаць вось у такі ляднік, у які прывезлі нас.