Читаем Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 полностью

Не, ён не загінуў — ён жыў, але навакольны свет даходзіў да яго свядомасці праз пякельную нясцерпнасць пакут. Спачатку было такое ўражанне, нібы ён дзесьці сцяты, сціснуты, бы ў якой зубатай пашчы, і страшны боль пранізвае ўсё яго цела. Асабліва балела галава; нешта там, у самым нутры мозгу, торгала, калола, рэзала, варухнуцца не было сілы, і было вельмі пакутна. Яшчэ больш балела спіна. Ад гэтага болю ў адно з праясненняў свядомасці Валоку здалося, што ён раздзеты ляжыць на ржышчы, калючкі якога разам з калючкамі асоту ўпіваюцца ў яго цела. Ён хоча крыкнуць, пазваць суседа Трахіма, які жне побач на коннай жняярцы, але ніяк не можа выдавіць з сябе таго крыку. Праз хвіліну, аднак, ён бачыць жняяра; толькі гэта чамусьці не Трахім, а немец — той Фрыц, з якім ён спаткаўся куды пазней, на вайне, і ў яго аўтамат, — аднаруч ён тузае лейцы, а другой прытрымлівае на каленях зброю. Немец чамусьці гаворыць па-беларуску. Валока заходзіцца ад страху, бо ведае, што жняяр Фрыц зараз спыніць коней і застрэліць яго. Ён ездзіць па кругу навокал байца, кругі ўсё звужаюцца, і зубы жняяркі ўсё бліжэй і бліжэй прысоўваюцца да яго ног. А тут яшчэ дужа пячэ сонца, так смаліць, што ажно разломваецца галава, унутры ўсё ссохла, і нясцерпна хочацца піць. Валока шэпча: «Піць, піць…» — толькі слоў няма: вусны варушацца, а гук прапаў. Затым сонца пачынае зніжацца, падступаць да яго, але чамусьці робіцца маленькім, не большым за агеньчык запалкі. Страх патроху мінаецца, толькі спякота ўсё ранейшая і ўсё хочацца піць. I яшчэ робіцца цёмна, прападае кудысьці поле і Трахім, а ён апынаецца ўжо на вайне. За пагоркам стракоча кулямёт, а недзе паблізу над галавой чуецца спагадлівы голас іх ротнага санінструктара Корзана: «Гут, Іван, гут! Жывы Іван гут…» Санінструктар гаворыць па-нямецку, толькі байца гэта чамусьці не здзіўляе, той рады, што побач чалавек — ён дапаможа. I зноў загараецца ў цемры агеньчык і плыве некуды ўдалячынь. Валока жахаецца ад таго, што яго пакідаюць, ён ускрыквае ад жудасці, як некалі ўскрыкваў у маленстве, напалоханы жахамі сноў. I ўжо з большай рэчаіснасцю бачыць у змроку асветленую з таго боку постаць з адарваным пагонам, які целяпаецца па плячы. Постаць сунецца кудысьці ў цёмны кут, на момант слабенькаю плямай асвятляецца сцяна ў адным месцы, пасля ў другім. I вось у асветленай мясціне мільгае знаёмы абрыс аўтамата. Валока здзіўляецца — гэта ж яго ППШ нумар НЛ 0482. Баец не цяміць яшчэ, што і як сталася папярэдне, не ведае, хто там, толькі здагадваецца, што гэта не санінструктар. I ўсведамленне таго, што яго абяззброілі, зноў жахам працінае байца. Пераадольваючы страшны боль у галаве, ён прыўзнімаецца з долу, пакутна сядае, падпёршы сябе дрыготкімі рукамі, намацвае нейкі цагляны абломак і чакае. Забіць, забіць, забіць у што б там ні стала, інакш заб’е той!.. Валока спрабуе ўстаць, сэрца яго надрыўна калоціцца ў грудзях, толькі ён дужа слабы, цяжкія рукі не слухаюцца, і страшны боль у галаве мацнее. А вораг усё поўзае ў цемрывай далечы, высветлівае глухі мур сцяны — што ён шукае? Затым плямка святла спыняецца, дрыжыць на адным месцы, коратка клацае затвор аўтамата. Валока, душачыся ад болю і знямогі, сціскаецца, у вачах мутнее, і тады ў куце грукае стрэл. Шырокі чырвоны бляск зусім асляпляе байца, рукі не вытрымліваюць, ён падае, але боль не павялічваецца — чалавек жыве. Ён збірае ў сабе сілы крыкнуць, нясцерпна паміраць у гэтай нямой маўклівасці, але ў той час да яго слыху даносіцца мернае, вельмі лагоднае цвіркатанне вады. Ну вядома ж, так можа цвірчэць толькі вада! Валока ўжо бачыць у цемры яе зіхаваты струмень і, адчуваючы, як пакідаюць яго рэшткі свядомасці, выдаўлівае з сябе стогн.

Наступным яго адчуваннем было далікатнае, лагоднае казытанне на барадзе, на шыі; здавалася, нейкая жывая істота паўзла за каўнер, на грудзі, толькі на вуснах і ў роце стала лепш і нешта жалезна-цвёрдае дробненька стукала аб зубы. Валока расплюшчыў вочы — у зрок ударыла рассыпчатая яркасць іскраў; яны гойдаліся, скакалі на адным месцы ля самага яго твару, але не пяклі. Пасля ён сцяміў, што ўсё гэта адбівалася ў вадзе. Аднекуль здалёк да слыху даходзілі словы:

— Трынкен, Іван! Трынкен!

Ён глытаў доўга, многа, зубы ўсё ляскалі аб край нейкай пасудзіны, а ў свядомасці коратка і выразна бліснула ява — ён згадаў, дзе ён і хто з ім. «Немец! Фрыц!» На момант адарваўшыся ад вады, ён зірнуў угору, — над ім мільгала ў кулаку запальнічка і расплываўся ў нейкай недарэчнай ухмылцы страшны, тупы ад таго, што быў незвычайна падсветлены знізу, твар з вялікімі і валасатымі ноздрамі, брывастым ілбом, пад якім лыпалі выпуклыя жаўтлявыя бялкі вачэй. Вочы, аднак, таілі ў сабе лагоду і спагадлівасць, і гэта супакоіла байца.

— Трынкен, Іван. Трынкен…

Ён зноў апусціў голаў да пасудзіны; у глыбіні яе, у вадзе, гойдаўся агеньчык ад запальнічкі. Чамусьці Валоку зрабілася блага — ён хіснуўся ад вады, Фрыц штосьці сказаў, пабурчаў і прыбраў ваду ўбок.

Перейти на страницу:

Все книги серии Васіль Быкаў (зборы)

Похожие книги

Музыкальный приворот
Музыкальный приворот

Можно ли приворожить молодого человека? Можно ли сделать так, чтобы он полюбил тебя, выпив любовного зелья? А можно ли это вообще делать, и будет ли такая любовь настоящей? И что если этот парень — рок-звезда и кумир миллионов?Именно такими вопросами задавалась Катрина — девушка из творческой семьи, живущая в своем собственном спокойном мире. Ведь ее сумасшедшая подруга решила приворожить солиста известной рок-группы и даже провела специальный ритуал! Музыкант-то к ней приворожился — да только, к несчастью, не тот. Да и вообще все пошло как-то не так, и теперь этот самый солист не дает прохода Кате. А еще в жизни Катрины появился странный однокурсник непрезентабельной внешности, которого она раньше совершенно не замечала.Кажется, теперь девушка стоит перед выбором между двумя абсолютно разными молодыми людьми. Популярный рок-музыкант с отвратительным характером или загадочный студент — немногословный, но добрый и заботливый? Красота и успех или забота и нежность? Кого выбрать Катрине и не ошибиться? Ведь по-настоящему ее любит только один…

Анна Джейн

Любовные романы / Современные любовные романы / Проза / Современная проза / Романы