Яна неяк трошкі журботна ўсміхнулася куточкамі вуснаў.
— Позна ж ты цікавішся, — папракнула Ніна і коратка ўздыхнула.
Ён адчуў тады, што сапраўды вінаваты перад ёй і аж здзівіўся цяпер, як гэта ён мог гэтулькі чакаць, маўчаць, нічога не зрабіць, каб адшукаць яе, сустрэцца, убачыцца. Але ён быў шчыры з ёю, і яго радасць, яго відавочнае шчасце сустрэчы сказала ёй больш за ўсе словы.
— Андрэйка, — пазіраючы ў глыб яго ўважлівых вачэй, сказала Ніна. — А я памылілася тады… памятаеш?.. — яна апусціла вочы. Боль яе смутку кальнуў у душы Андрэя Андрэевіча. — Я замужам, у мяне дзіця, але… мне нявесела…
— Ніна! — перабіваючы яе такі знаёмы па сабе сум і боль, загаварыў Андрэй Андрэевіч. — Не трэба цяпер пра гэта… Не трэба… Ведаеш, і мне… нявесела.
Яна яшчэ маркотна, бы з недавер’ем, зірнула на яго і зноў уздыхнула. Ён змоўк, і тады ўпершыню патухла радасць і ў яго стомленых цёмных вачах.
Нейкі час яны задуменна маўчалі. Паволі ўлягалася ўзрушанасць, новыя, засмучоныя ноты напаўнялі перажыванні абоіх. У ёй гэтая засмучонасць таксама была новая, незнаёмая яму: нейкае капрызнае раздражненне на кароткі час з’явілася на яе твары. Яна крыху задумалася — можа, што ўспамінала, — рукі яе у намоклых рукавах плашча нервова варушыліся на каленях, пальцы няўцямна церабілі пальчатку. Але так працягвалася нядоўга, хутка яна зноў, ужо весялей, зірнула на Андрэя Андрэевіча, відаць, перамагла нешта ў сабе і спытала:
— Як жа гэта ты, аднак, уздумаў даганяць мяне?
Мноства гарачых пакутных слоў узнялося тады, перамяшалася ў яго галаве, ад перажытага ўзрушання зблыталіся яго думкі і намеры, і ён кусаў толькі свае засмяглыя вусны. Трэба было сказаць самае галоўнае, самае важнае, аб чым марыў ён доўгія гады. Жанчына нібы разумела гэта і чакала, не ў стане згасіць у вачах нямое трывожнае пытанне.
— Ніначка, каб ты толькі ведала! — натужна сказаў ён, глынуўшы ў горле пакутны камяк.
Яна павесялела ад яго невясёлых слоў, зноў, як калісьці ў далёкія гады, прыхінулася плячом да яго, узяла ў свае яго вялікую з набраклымі жыламі руку.
— У цябе сям’я.
— Так, сям’я, — сумна сказаў Андрэй Андрэевіч. — Двое малых…
— У мяне дачка… Вялікая ўжо… Муж маёр. Прыехалі вось з Далёкага Усходу. Ведаеш, як я апынулася тут? Ты мне сніўся ўчора, — стрымана бліснуўшы вачыма, паведаміла Ніна. — Я кінула ўсё і паехала… Шукаць цябе, — даверліва прызналася яна.
Побач за высокай спінкай канапы гаманіў вакзал, снавалі людзі, глуха хроп сусед, падкурчыўшы на сядзенні ногі. У цьмяным вялізным акне гулялі вулічныя водсветы, раўлі, лязгалі цягнікі за сцяной. Яны ж забыліся на свае справы і турботы, сядзелі, прыпаўшы адзін да аднаго, і слухалі пакутную споведзь сэрцаў.
Але ўляглося першае хваляванне сустрэчы, і неяк нечакана хутка мінулася яе чароўнае замілаванне, нешта куды больш простае і звычайнае ўваходзіла ў душу. Андрэй Андрэевіч усё глядзеў на жанчыну — збоку ён бачыў яе маленькае мяккае вушка, напалову схаванае ў завітках валасоў, далікатны, бы ў дзіцяці, пушок на шыі, і чамусьці гэтае суседства каханай усё меней кранала яго. Незразумела, чаму так хутка ў гэтай сустрэчы зніклі і хваляванне, і боль, і нават радасць, і ўнутры ў ім усё выразней расла незразумелая прыкрая няёмкасць. Прыгарнуўшыся да яго, сядзела любая жанчына, яго колішняя Ніна, а ў вачах чалавека праз туман гадоў выплываў іншы вобраз — вобраз той смяшлівай дзяўчыны, што засталася некалі ў далёкім горадзе на ўзбярэжжы славутай ракі… Андрэй Андрэевіч, крыху збянтэжаны ад такога здрадлівага пачуцця, душыў у сабе тую прыкрасць — ён не хацеў разлучацца са сваім выпеставаным у марах шчасцем.
— Разумееш, я ўжо думала розум страчу. Так прыкра, так сумна… А муж вечна заняты, нічога не бачыць, апроч сваёй справы… не цэніць. Спіць і ўсё мармыча пра нейкія свае клопаты. А я… а мне надакучыла гэта, я жыць хачу… Навошта гіне маё хараство?.. Думаю: прападзі яно ўсё пропадам, купіла білет і — сюды. Але хіба знойдзеш, не ведаючы! I вось ты — нібы сам бог паслаў.
Яна кінула на яго смяшлівы позірк і ніякавата, нібы засаромеўшыся, пачала церабіць пальчаткі, пасля, прывычна прыхарошваючыся, папраўляла валасы, бярэцік, полы плашча, і гаварыла, гаварыла… Ён маўчаў, слухаў пра яе жыццё з нялюбым, занятым службаю мужам і жахаўся, думаючы, што, бадай, гэтак сама сказала б пра яго самога ягоная жонка. Ён шчыра намагаўся выклікаць у сабе спагаду да жанчыны, але ў глыбіні душы ўсё настойлівей раздзімаўся яшчэ не ўсвядомлены да канца агеньчык незадаволенасці, прыкрасці ад яе апавядання. Нечага іншага карцела яму, нечага былога і каханага неставала ў ёй, і здавалася, быццам побач сядзіць нейкая незнаёмая, чужая жанчына.
Аднак яны доўга сядзелі прыгарнуўшыся і не чулі, як ішоў час. Сусед, што спаў побач, раптам прахапіўся, спачатку ўскінуў галаву, потым спусціў на падлогу ногі і запытаўся сіплым заспаным голасам:
— Колькі часу, не скажаце?