— Хай ён будзе Фу-Фу Першы, кароль дурняў, — запрапанаваў меднік.
Тытул адразу спадабаўся.
— Хай жыве Фу-Фу Першы, кароль дурняў! — зараўлі ўсе, з гікам, сьвістам ды рогатам.
— Цягні яго сюды; давай карону!
— Мантыю, мантыю яму!
— Жэзл таксама!
— Саджай яго на пасад!
Гэтыя ўвагі ды яшчэ шмат іншых сыпаліся, ня сьціхаючы. Перш, чымся бедны хлопчык апамятаўся, яму насунулі на галаву алавяную чашку, накінулі на плечы падраную коўдру, пасадзілі на барэлак і далі ў руку нітавальнік заместа жэзла. Пасьля ўсе кінуліся на калены перад ім і рассыпаліся насьмешлівымі прычытваньнямі й мальбамі, пры чым выціралі вочы гразнымі рукавамі й фартухамі.
— Зьлітуйся над намі, добры кароль!
— Не папіхайце нас, у зямлі паўзучых чарвей, вашая вялікасьць.
— Зжалься, гаспадару, над рабамі сваімі і ўдастой іх хоць міласьцівым штурханцом!
— Сагрэй нас сваімі сьветлымі лучамі, яснае сонейка наша!
— Багаславі грунт даткненьем ног, а мы будзем цалаваць сьляды твае і ўзьвялічымся!
— Не адмоўся хоць плюнуць на нас, гаспадару, каб нашыя дзеці і ўнукі з гордасьцяй расказвалі пра тваю царскую міласьць!
Але сьмехатворчы меднік быў асабліва вясёлы ў гэты вечар. Стаўшы на калены, ён зрабіў міну, што хоча пацалаваць караля ў ногі, і адтрымаў штурханца ў твар. Тады ён пачаў прасіць у прысутных кавалачка плястару на тое месца, якое ўдарыла каралеўская нага, каб нават паветра не кранула яго.
— Цэлае багацьце, браточкі, набуду цяпер... Пайду па вялікай дарозе і пачну паказваць сваю шчаку — па сто шылінгаў з чалавека ня менш, — выгукваў меднік з гэткімі сьмешнымі мінамі, што
ўсё зборышча жывоцікі падрывала сабе і проста зайздросьціла яго ўдачы.
У маленькага монарха насунуліся на вочы сьлёзы сораму і злосьці. „Калі-б я іх моцна зьняважыў, дык і тады яны не маглі-б больш жорстка абыйсьціся са мною; я дакляраваў ім міласьць царскую — і вось іхняя падзяка".
Разьдзел XVIII. Кароль у бадзякаў.
Шайка бадзякаў чуць сьвет была ўжо на нагах і рушыла ў дарогу. Неба было хмурнае, гразь і слата, веяў халодны вецер. Учарашні вясёлы настрой пакінуў кампанію: адны былі панурымі і маўклівымі, другія капрызнымі ды злымі; ўсіх таміла жаданьне пахмяліцца.
Атаман даручыў Гьюго глядзець за Джэкам, даўшы яму такія-сякія інструкцыі, а Джону Канці загадаў трымацца далей ад хлопчыка і даць яму спакой; Гьюго таксама загадана было лагадней абходзіцца з ім.
Крыху пачакаўшы, пагода праясьнілася, хмары разагнала. Бадзякі сагрэліся і настрой палепшыўся; веселасьць вярнулася да іх, пачалі вострасловіць, вышчараць зубы, зачапляць праходзіўшых і праезных, — жаданьне жыцьця й яго радасьцяў ізноў прачхнулася. Усе іх крыху баяліся, давалі ім дарогу, цярпліва зносячы грубасьці й баючыся адказваць. Яны цягалі порце з платоў, часта на вачох у гаспадароў, якія й слова ня сьмелі сказаць, і навет як быццам былі здаволены, што бадзякі не пазварочвалі самых платоў.
Па дарозе яны забраліся ў адну невялікую фэрму і пачалі гаспадарыць, а спалоханы фэрмэр са сваёю дружынаю павінен быў ачышчаць камору, рыхтуючы сьнеданьне няпрошаным гасьцям.
Гаспадыню й дачок яны ласкава трапалі па падбародку й па шчоках, калі тыя падавалі яду, выкідалі грубыя жарты, давалі насьмешлівыя мянюшкі, ўсё гэта з сіплівым, грубым сьмехам; кідалі касьцьмі й агароднінай у гаспадара й сыноў яго, так што тыя павінны былі ўвесь час выкручвацца, і пры кожным меткім удары чуўся рогат. Скончылі тым, што вымазалі маслам галаву аднэй з дзяўчат за тое, што не пазваляла ім ніякіх вольнасьцяў. Адходзячы, яны прыгразілі, што вернуцца і спаляць дом з жыхарамі, калі на іх данясуць уладам.
Каля палудня, пасьля доўгага й цяжкага пераходу, шайка зрабіла адпачынак пад плотам хаты, што была недалёка ад вялікага сяла. Адпачыўшы з гадзіну, ўсе разыйшліся, каб увайсьці ў сяло з розных бакоў ды заняцца — кожны сваёю справаю. „Джэка" паслалі з Гьюго. Яны некаторы час бадзяліся то ўзад, то ўперад; Гьюго ўсё чакаў спагаднага выпадку, але не знаходзіў яго.
— І сьвіснуць няма чаго! Вось паганае месца! Прыдзецца прасіць міласьціны.
— Я ня буду прасіць. Ты можаш — гэта твая справа й да твару табе.
— Ня будзеш? — сказаў Гьюго, са зьдзіўленьнем аглядаючы караля. — З якога гэта часу ты гэтак зьмяніўся?
— Гэта-ж як?
— Хіба-ж ты не жабраваў раней на лёнданскіх вуліцах?
— Я? Дык ты проста дурань!
— Ня вельмі так распушчай язык — для цябе-ж самога здаравей будзе. бацька твой сам казаў, што ты змалку жабраваў. Хіба ён маніў. Чаго добрага, й ты скажаш, што ён маніць? — жартаваў Гьюго.
— Ты думаеш, што ён мне бацька? Але, ён маніў!
— Годзі табе камэдыю ламаць ды прыкідацца вар'ятам, прыхавай сваё мастацтва да іншага разу, а не, дык табе-ж горай будзе. Калі яму раскажу, дык ён пасвойму адластажыць цябе.
— Ня трудзіся расказваць. Я сам яму гэта скажу ў вочы.