Мясілі гліну, валуны драбілі:
Ен ведае і сам, як нрацаваць.
Іаэал паэта — гэта ўжо рэалізаваная ў вершы рэчаіснасць, зямное жыццё.
Хтосьці сказаў, што ссеклі дрэўца і прыгажосці меней стала на зямлі.
12.1.
Учора, субота. Прыгожы, светлы, сонечны дзень — рэдкі, бо было лёгка, бо бачыў лес, поле і сонца так, што на іх прыкладваліся іншыя думкі, пачуцці і была надзея, што расхінецца калі-небудзь імгла.
Няразвітасць маіх уяўленняў: мне заўсёды апошнія гады бачыцца толькі адно: іду з натугай па раўніне, а здаецца, што асільваю круты і не па сілах пад’ём.
15.1.
Інтэрв’ю з Глебкам (пра шматтомнае выданне беларускага фальклору).
Учора запушчаны касманаўт, сёння — яшчэ трое.
Свет сдпраўдны і харошы існуе паўсюдна і мнагаліка, але ж адкрываецца мне толькі скупою і адваротнаю радасцю — недастачай хараства, прагай, крыўдай за несправядлівасць боскую да лепшых і свяцейшых людзей. I яшчэ — кнігамі.
Хачу чытаць і ведаць Пысіна. Пакуль што ёсць толькі настроі і ўражанні, што мучаць нявыказнасцю, неарганізаванасцю.
16.1.
Чыстая, простая, строгая чэснасць Быкава. У «НМ» ідзе яго аповесць «Круглянскі мост». Рэдагаваў сам Твардоўскі.
26.1.
Было столькі незапісаных дзён. У іх — перагаворы на пераход у «Неман».
17.ІІ.
«ЛіМ» — у сваіх буднях, ад якіх я ўбаку.
Дастаеўскі пісаў, здаецца, так: «Чалавек найбольш жыве іменна ў той час, калі чаго-небудзь шукае і дабіваецца».
Сёння гадзіну чакаў Рыту Марозаву, каб наведаць Свету. Стукаў зубамі, лічыў тралейбусы, пераглядваўся з красунямі. Не жыў.
Зараз Купалаўка. Не працуецца, я ўзвінчаны вулінай, прыгажосцю, уласнай бесталеннасцю, яшчэ абвеяны гадзінай мярзляцтва і холаду, зануджаны адзінотай.
Успомніў зараз К. — гэта было як дзяцінства, ды я зрэшты і адчуваў сябе дзіцёнкам між «даросласці» вучоных мужоў, большасць якіх — я пазней пераконвауся — мела самавітасці нашмат больш, чым розуму.
Сёння жыць, ісці ўперад — пісаць пра Пысіна. Кожны раз пачынаю як наноў. У мяне ёсць душа, якая адгукаецца на кожны такт прыгажосці і праўды, але няма, здаецца, дастатковых унутраных багаццяў і ведаў для шырокай, гнуткай і рознабаковай канцэпцыі...
Як важна быць усюды як свой, але істотна ведаць вострае ўспрыняцце нязвычнасці.
Бярозкін усміхаецца, ставіцца да мяне добра. Я, здаецца, выразней адчуваю набліжанасць яго чалавечнасці.
21.ІІ.
Бярозкін парадзіраваў Г.: «Дзед Даніла жыў ўскраіне вёскі. Жыў заможна, як усе. Калі прыйшла фашысцкая навала, ён узняўся на ворага як адзін! Выбраўшы зручны момант, ён спляжыў у лазні шайкай немца з малой, як у вужакі, галавой, запёр дзверы калком і ўцёк у лес да партызан».
А. Эйнштэйн. «Физика и реальность». Сб. статей, «Наука», 1965:
«Радостное и вдохновляющее чувство испытываешь, видя проблему изложенной кратко и живо во всем ее разнообразии и во всех связях».
О. Кюри: «Моральные качества выдающейся личности имеют, возможно, большее значение для данного поколения и всего хода истории, чем чисто интеллектуальные достижения. Последние зависят от величия характера в значительно большей степени, чем это обычно принято считать».
Перамена ў лімаўскім тонусе — мне стала псіхалагічна нашмат лягчэй рабіць, чым да заявы, і, адчуваю, ужо і было б — у сэнсе скаванасці — лягчэй заўсёды.
Перавесці сябе на мэтаскіраваную, паслядоўную і прадуманую працу — ...
Хемінгуэй у «Непераможаным» піша, што матадор (Мануэль) думаў спецыяльнымі тэрмінамі. Калі ж, здаралася, той не мог знайсці адпаведнага слова, думка абрывалася.
Як Бяр-н гэтымі днямі гаварыў з С. 3. «Нельга доўга трымаць рукі над агнём — або агонь бенгальскі, або рукі гумовыя».
А. Кучар умешваўся ў «покровительственно-поучающей и приятельской» манеры.
М. Светлов: «Прежде всего лирика не может и не должна быть благополучной. Ты любишь ее, она любит тебя? Ну и целуйтесь на здоровье. При чем здесь читатель?»
Поэт не может пробавляться пустяками, не имеет права терять критерий ценности сущего.
28.ІІ.
Пысін — сённяшняя і заўтрашняя радасць.
2.ІІІ.
Вось і сакавік. Сёння раніца апушыла зляжалы наст новым снегам, які стаў радасцю для лыжнікаў.
Былі К. Мама папракала мяне, што я не ўгаворваў іх астацца. Я ж непрыгожа агрызаўся, і ўвогуле я часта пераводжу ганебна сваю зласлівасць на маму. Вядома ж, даючы гэтай зласлівасці чэпкую аргументацыю, што — яшчэ большая крывадушнасць.
Я пачынаю ўсё болей і болей схіляцца да думкі, што жыццё — любое, нават самае пакутлівае — шчасце. Уся каштоўнасць жыцця толькі тады і мае меру, калі зведаны трывогі, сумненні, пакуты.
Шчасце — жыць сумленна і без зайздрасці.
3.ІІІ.
Эйнштэйн — з выгляду просты, добры, крыху дзівакаваты стары. Без пробліску геніяльнасці. Але глянеш на некалькі фатаграфій — усюды ёсць нейкая рознасць, што падказвае невычэрпнасць яго ўнутранай сутнасці.
5.ІІІ.
Сёння ў рэдактара — ініцыятыўная група дыскусіі па апавяданні. Брыль, Мележ, Яскевіч, Хадкевіч — цікава кожная пазіцыя. N.. як адчуваючы, што і яго зачэпяць: цяпер не тая сацыяльнасць, у Тургенева ўсюды каханне, сёння мы лепш апранаемся і ядзім. Потым: каб хоць адно бытавое апавяданне, як «Пяць лыжак заціркі». Рэд: «Дык мы ж цяпер кілбасу ядзім».
14.ІІІ.